Віталь Рыгоравіч Гарановіч
Віталь Рыгоравіч Гарановіч (7 студзеня 1952, в. Ермакі, Маладзечанскага раёна — 17 красавіка 2012) — беларускі паэт, педагог.
Біяграфія
Вучыўся ў Ермакоўскай васьмігадовай школе (1959—1967) і Хоўхлаўскай СШ (скончыў у 1969) Маладзечанскага раёна.
Служыў у Савецкай Арміі ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе (1970—1972). Пасля пэўны час працаваў у выдавецтве «Вышэйшая школа», затым на паліграфічнай фабрыцы «Чырвоная зорка» ў Мінску. Скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (1977). Пасля інстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай васьмігадовай школы, у 1979–1983 гадах дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. У 1983–2004 — дырэктар СШ № 3 у Глыбокім. З 2004 года старшыня Глыбоцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Сябра Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы.
Творчасць
У школьны час яго вершы публікаваліся ў часопісе «Бярозка», раённай газеце «Святло камунізму». У гады службы ў арміі супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Слава Родины» Прыкарпацкай ваеннай акругі. Студэнтам друкаваўся ў інстытуцкай газеце «Савецкі настаўнік». У 1978 годзе выйшла падборка вершаў у часопісе «Маладосць», а таксама публікацыя вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З гэтага часу рэгулярна публікуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку.
Удзельнік літаратурных семінараў у Каралішчавічах. У 1997 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў першы зборнік вершаў «Беразвечча», які быў адзначаны складальнікамі анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла» як «…хоць запозненая, але яркая кніга». Наступныя лірычныя зборнікі – «Святло блакіту» (2002), «Саракі» (2007), «Нараджэнне вады» (2011) выйшлі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». У 2003 годзе ў “Беларускі кнігазборы” выйшаў зборнік песень «Глыбоцкі вальс» (у сааўтарстве з самадзейным кампазітарам Г. Шаколам).
Лаўрэат літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2009) за кнігу вершаў «Саракі».
Бібліяграфія
Зборнікі вершаў
- Беразвечча (1997, «Мастацкая літаратура»)
- Святло блакіту (2002, «Беларускі кнігазбор»)
- Саракі (2007, «Беларускі кнігазбор»)
- Нараджэнне вады (2011, «Беларускі кнігазбор»)
Зборнікі песень
- Глыбоцкі вальс (2003, «Беларускі кнігазбор»)
Зборнікі твораў
- Пагавары са мной (2015, «Беларускі кнігазбор»)[1]
Зноскі
- ↑ Кніга складзена і выдадзена жонкай пасля смерці паэта.
Спасылкі
- Гарановіч Віталь Рыгоравіч на сайце «Прыдзвінскі край»
- У ГЛЫБОЦКАЙ СШ № 3 АДКРЫЛІ МЕМАРЫЯЛЬНУЮ ДОШКУ Ў ГОНАР ПАЭТА І ПЕДАГОГА З МАЛАДЗЕЧАНШЧЫНЫ ВІТАЛЯ ГАРАНОВІЧА (ФОТА, ВІДЭА)