Ганна Душэўская
Га́нна Душэўская (1 (13) снежня 1893, Глыбокае, Віленская губерня (цяпер Віцебская вобласць) — пасля 1940) — беларуская пісьменніца, паэтэса, музыкант, мовазнавец і перакладніца. Родная сястра беларускага і літоўскага грамадска-палітычнага дзеяча, дыпламата і архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
Біяграфія
Ганна Душэўская нарадзілася 1 (13) снежня 1893 года ў Глыбокім Віленскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца, будаўніка паводле прафесіі. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Вільні ў мясцовай жаночай гімназіі. У 1917-м паступіла на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, паспела закончыць два курсы. Досвед навучання ў гэтай вядомай установе дапамог ёй стаць адной з укладальнікаў унікальнага «Сямімоўнага слоўніка» (нямецка-польска-расійска-беларуска-літоўска-латышска-яўрэйскага), які ўбачыў свет у Лейпцыгу ў 1918 годзе[1].
У Вільні Ганна Душэўская актыўна ўдзельнічала ў беларускім нацыянальным руху, была сяброўкай Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны, Беларускага настаўніцкага саюза, выкладала польскую мову ў Віленскай беларускай гімназіі. Дзякуючы сваім артыстычным здольнасцям Ганна з 1919 года ўдзельнічала ў спектаклях Віленскай беларускай драматычнай дружыны, грала вядучыя ролі ў п’есах Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка[2].
Праявіла сябе і як актывістка беларускага жаночага руху, была адной з ініцыятарак стварэння ковенскага гуртка беларусак. Часта мела праблемы з паліцыяй, а таму часта з’яжджала ў Коўна да брата Клаўдзія[3]. У 1921—1925 гг. жыла ў Берліне (Германія), дзе паступіла ў Берлінскую кансерваторыю ў клас вакалу. У яе кватэры па Філандаштрасэ раз-пораз спынялася Палута Бадунова, з якой у маладой спявачкі былі сяброўскія адносіны. Набыўшы прафесійную музычную адукацыю, Ганна хацела вярнуцца ў Вільню і арганізаваць там беларускі хор, але не атрымала дазволу ад польскіх уладаў. Няздзейсненай засталася і спроба стварыць такі хор у Менску.
У 1925—1927 гадах Ганна Душэўская жыла ў Таліне ў сястры Ядвігі, потым — зноў у Коўне, працавала настаўніцай музыкі.
Далейшы лёс невядомы.
Творчасць
Акрамя спеваў і музыкі Ганна Душэўская шмат перакладала з польскай, рускай і нямецкай моў. Пераклады былі абумоўлены яе музычна-тэатральнай дзейнасцю: у асноўным перакладала на беларускую мову чужаземныя оперы і песні[4].
Пісала вершы, публікавалася ў газетах «Гоман», «Наша думка» (Вільня), «Голас беларуса» (Рыга). Асобнай кнігай творы паэтэсы і перакладніцы ніколі не друкаваліся. Верш «Ноч», апублікаваны ў віленскай газеце «Наша думка» за 14 студзеня 1921 года, раскрывае мадэрнісцкі талент паэтэсы. У 2017 годзе верш увайшоў у анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду — «Бліскавіцы»[5].
Зноскі
- ↑ Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch, Polnisch, Russisch, Weissruthenisch, Litauisch, Lettisch, Jiddischhttp, Leipzig: A. Spamer, 1918, https://archive.org/details/siebensprachenw00prusuoft
- ↑ Віктар Жыбуль, Таямнічая Ганна: тэатралка, спявачка, перакладчыца, паэтэса, Радыё Свабода, 9 лютага 2017, https://www.svaboda.org/a/28299843.html
- ↑ Віктар Жыбуль, Таямнічая Ганна: тэатралка, спявачка, перакладчыца, паэтэса, Радыё Свабода, 9 лютага 2017, https://www.svaboda.org/a/28299843.html
- ↑ Іскра, 31 мая 1925, Вільня, С. 4.
- ↑ Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 282—284.