Гелена Ромер-Ахенкоўская
Гелéна Ромер-Ахенкоўская (польск.: Helena Romer-Ochenkowska; 2 жніўня 1875, Вільня ― 26 сакавіка 1947, Торунь, Польшча) ― польская і беларуская пісьменніца, публіцыстка, драматургіня, мастачка, педагогіца, а таксама асветніца і грамадская дзяячка[2].
Біяграфія
Нарадзілася ў Вільні 2 жніўня 1875 года ў сям’і вядомага мастака Альфрэда Ісідара Ромера і графіні Ванды з Сулістроўскіх. Калі Гелене споўніўся год, маці пераехала з Вільні ў радавую сядзібу Каралінова (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць)[3].
Першапачатковую адукацыю атрымала дома. У 1884 г. бацька адправіў яе на вучобу ў платны Кракаўскі пансіён Люцыі Жэляшкевіч, які яна скончыла з адзнакай у 1892 г.[4]
Пасля вяртання ў родны край стала прымаць актыўны ўдзел у культурна-асветніцкім жыцці. У Камаях адкрыла гарбатны салон, які стаў своеасаблівым цэнтрам для яе далейшай дзейнасці. Арганізавала 6 перасоўных бібліятэк: у Каралінове, Камаях, Кабыльніку (Нарач), Свіры, Лынтупах і Вішнёве[5].
У Камаях, Канябічах і Каралінаве за свой кошт адкрыла тры школы, у якіх навучалася па 50-60 вучняў. У школе ў Каралінове заняткі праводзіла сама. Школы працавалі таемна, бо царскія ўлады не дазвалялі адчыняць прыватныя школы[6].
У 1904 г. выйшла замуж за Генрыха Ахенкоўскага (1872 — 21 лютага 1925). Некаторы час жылі ў яго сядзібе Вуюўка пад Радзімінам. Шлюб аказаўся непрацяглым і праз пару гадоў яны развяліся. Дзяцей у іх не было[7].
У 1905 г. напісала і выдала падручнік па геаграфіі пад назвай «Што ёсць на небе і зямлі» (у 1926 г. падручнік быў перавыдадзены восем разоў). На аснове асабістага педагагічнага досведу напісала метадычку «Парады для народных настаўнікаў»[8].
У 1906—1908 гг. навучалася ў Францыі ў Школе вышэйшых сацыяльных навук (École des Hautes Études Sociales). За час вучобы падрыхтавала даследаванне пра французскую сістэму адукацыі — «Szkola Batiniolska w Paryzu»[9].
Працягнула навучанне ў Бельгіі. За час навучання ва ўніверсітэце на факультэце журналістыкі і грамадхкіх навук напісала працу «Нямецкая іміграцыя ў Польшчу і Расію» («Immigration allemands en Russie et en Pologne»). Атрымала дыплом журналісткі[10].
1915—1916 гадах у Вільні выкладала гісторыю Польшчы на папулярных рамесніцкіх курсах Зыгмунта Нагродскага, а ў Народным універсітэце імя А. Міцкевіча навучала польскай мове малапісьменных дарослых. У канцы 1916 года паехала ў Варшаву, дзе працавла ў «Гуртку полек», ладзіла бібліятэкі, займалася раздачай ежы для галадаючых, супрацоўнічала з Чырвоным Крыжам. Дасылала допісы ў «Ілюстраваны тыгоднік», «Свет», «Плюшч» і іншыя, працягвала гарачы ўдзел у палітычным жыцці, бязпераменна стоячы на баку Ю. Пілсудскага[11].
У 1919 г. стала працаваць у віленскай газеце «Наш край» (Nasz Kraj)[12].
14.07.1920 г. бальшавікі ў Вільні арыштавалі Гелену Ромер-Ахянкоўскую. Яе адпусцілі толькі дзякуючы заступніцтву літоўцаў М. Біржышкі і А. Алякнавічуса, аднак яна была вымушана хавацца[13].
У 1939 г. у Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная армія. Маёнтак нацыяналізавалі разам з кватэрамі Ромераў у Вільні, а ў сядзібе ў Каралінове адкрылі бальніцу. Гелена ў спешным парадку перадала кнігі свайго бацькі ў бібліятэку Вільні (цяпер бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы). Гелену і ейную маці, якой было 86 гадоў, не адправілі ў Сібір з прычыны заступніцтва за іх мясцовых жыхароў[14].
У красавіку 1945 г. выехала на пастаяннае месца жыхарства ў Торунь (Польшча), пасялілася з сваячкай Геленай Феліцыянаўнай Ромер (1860—1946)[15].
Памерла 26 сакавіка 1947 года, пахаваная на могілках Св. апостала Якуба ў Торуні[16].
Творчасць
Дэбютавала ў 1904 годзе вершаванай п’есай «Karylla czyli miłość patriotyczna»[17].
У 1908 годзе апублікавала найбольш слынны свой твор — аповесць «Маякі»(«Прывіды»). Сучаснікі адзначалі аповесць «Маякі», як цікавы і сур’ёзны твор, дзе яна закранае рэгіянальныя праблемы. Аповесць была апублікавана ў зборніку «Бібліятэчка выдатных твораў» (Варшава, 1910 год). Тагачасны літаратурны крытык Зыгмант Любіч-Залескі хваліў аповесць за «мастацкую шляхетнасць»[18].
Гелена Ромер-Ахенкоўская — аўтар шматлікіх брашурак і артыкулаў, каштоўных для вывучэння мінулага Віленскага края: «Кароткая гісторыя асветы на Беларусі і Літве»(1919), «Гісторыя двух абразоў: у Чэнстахове і Вострай Браме» (1919), «Як здабылі незалежнасць», «Даведнік па Вільні». Супрацоўнічала з радыёвяшчаннем, апрацавала шмат радыёперадач, у тым ліку «Віленская Вялікодная ютрань у 1910 годзе», «Віленская батлейка», «1863 год на Літве», «Вігілія ў Навагрудку ў Міцкевічаў», аставіла ў рукапісе дзённік «Стан душы Г. Ромер у розных фазах (псіхалагічныя нататкі)», які вяла ў Каралінове ў 1895-97 годзе[19].
Падпісвалася крыптанімамі Hro, H., R., H.R., Hr., r. ці псеўданімамі Spectator, Widz, Scypio[20].
Як дзядуля і бацька, мела здольнасць да выяўленчага мастацтва, добра малявала. У 1911 годзе на выставе былі прадстаўлены яе этуды і пейзажная карціна «Дарога». Захаваліся наступныя працы мастачкі: «Партрэт Міхала Казіміра Ромера», «Коні на лузе», «Каровы ў бярозавым гаі», якія яна намалявала ў маладосці. Ейнаму пэндзлю належаць таксама працы «Вуліца шкляроў у Вільні», «Пейзаж з трысцём», «Пейзаж», «Пляц і касцёл Усіх Святых у Вільні» і іншыя[21].
Творы
- Karylla czyli miłość patriotyczna (1904) — п’еса,
- Majaki (1911) — аповесць,
- Swoi ludzie (1922) — зборнік навелаў,
- Wesele na Wileńszczyźnie (1929) — п’еса,
- Tutejsi (1931) — зборнік навелаў,
- Rok 1863 na Litwie (1934) — п’еса.
Зноскі
- 1 2 Internetowy Polski Słownik Biograficzny Праверана 24 кастрычніка 2021.
- ↑ Stanisław Łoza (red.): Czy wiesz kto to jest?. Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 625—626.
- ↑ Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
- ↑ Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
- ↑ Cecylia Gajkowska: Romer-Ochenkowska Helena. W: Literatura polska: przewodnik encyklopedyczny. red. Julian Krzyżanowski, Czesław Hernas. T. 2: N-Ż. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1991.

- ↑ Helena Romer-Ochenkowska, Encyklopedia teatru polskiego (krytycy), https://encyklopediateatru.pl/krytyk/82473/-

- ↑ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2001.- С.121.
- ↑ Helena Romer-Ochenkowska, Encyklopedia teatru polskiego (krytycy), https://encyklopediateatru.pl/krytyk/82473/-
- ↑ Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
- ↑ Гэта варта ведаць жыхарам Пастаўшчыны. Ч. 1./ укладальнік М. Гіль. — Паставы: «Сумежжа», 2016. — с.34-36.
- ↑ Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
- ↑ Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гелена Ромер-Ахенкоўская