Глеб Вячаслававіч Багдановіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багдановіч. Глеб Вячаслававіч Багдановіч (1913, Вільня — 1971, Рудзенск, Пухавіцкі раён, Мінскай вобласці) — беларускі палітык і ваенны дзеяч, публіцыст, доктар медыцыны.
Біяграфія
Сын Вячаслава Багдановіча. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні, друкаваўся ў часопісе «Новая варта».
Падчас нямецкай акупацыі спачатку працаваў доктарам у Івянцы на Валожыншчыне. Удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, быў сябрам Беларускай незалежніцкай партыі[1]. З мая 1944 года афіцэр Беларускай краёвай абароны. З ліпеня 1944 года знаходзіўся ў дэсантным батальёне «Дальвіц». Браў удзел у падпольным антыкамуністычным руху, спачатку ў Беларусі, а з 1945 года ў Польшчы, куды прарваўся з групай АК «Лялюся». З лета 1945 года жыў і працаваў доктарам на Беласточчыне. Быў прызваны ў польскае войска, у рангу паручыка служыў старшым палкавым урачом.
14 кастрычніка 1949 года арыштаваны польскай Службай бяспекі і дэпартаваны ў СССР. Зняволенне адбываў у Варкуце. Пасля вяртання ў Беларусь жыў у Рудзенску, працаваў доктарам.
Памёр у 1971 годзе, пахаваны на мясцовых могілках у Рудзенску.
Зноскі
- ↑ Сяргей Ёрш Сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. Біяграфічны даведнік. Жыве Беларусь. Бібліятэка гістарычных артыкулаў.
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Мн.: Архіў Найноўшай Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-07-3