Грэгары Корса
Грэгары Корса (англ.: Gregory Corso; 26 сакавіка 1930 — 17 студзеня 2001) — амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення.
Маці нарадзіла яго ў 16 гадоў, праз год сышла з сям’і і з’ехала ў Італію. Грэгары Корса ў дзяцінстве правёў большасць часу ў дзіцячых дамах. Калі хлопцу было адзінаццаць, ягоны бацька ажаніўся другі раз і ўзяў сына да сябе, але Грэгары пастаянна ўцякаў з дому. Быў адпраўлены ў калонію, адкуль таксама ўцякаў. Некалькі месяцаў сядзеў у нью-ёркскай турме The Tombs за крадзеж радыё, а ў сямнаццаць быў асуджаны на тры гады турмы зноў за крадзеж. Падчас адседкі зацікавіўся літаратурай, да гэтага часу адносяцца і яго першыя паэтычныя спробы. Пасля вызвалення вярнуўся ў Нью-Ёрк, дзе ў адным з бараў у 1950 годзе пазнаёміўся з А. Гінзбергам, які пазнаёміў Г. Корсу з іншымі прадстаўнікамі Біт-пакалення.
У 1954 выходзіць першы зборнік паэзіі Г. Корсы «Весталка і іншыя вершы» (The Vestal Lady and Other Poems). У 1956 паэт прыязджае ў Сан-Францыска, дзе ў той час жыў А. Гінзберг. Тут Лоўрэнс Ферлінгеці выпускае яго другую паэтычную кнігу «Бензін» (Gasoline). Да канца 1980-х Г. Корса выпусціў каля 15 кніг, сярод якіх не толькі паэтычныя.
Спалучаў у творчасці здабыткі класічнай паэзіі і асабісты вулічны досвед, праз што быў названы крытыкамі «Шэлі з падваротні». Сур’ёзна ўплываў на моладзь у 1960-я, у тым ліку на рух хіпі.
Грэгары Корса памёр у Мінесоце ад раку. Згодна з ягоным жаданнем ён быў пахаваны побач з магілай свайго любімага паэта Персі Шэлі ў Рыме.
Зноскі
- 1 2 Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 21 ліпеня 2015.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ The New York Times / D. Baquet — Manhattan, NYC: The New York Times Company, A. G. Sulzberger, 1851. — ISSN 0362-4331; 1553-8095; 1542-667X Праверана 2 кастрычніка 2018.
Спасылкі
- Беларускія пераклады Архівавана 2 студзеня 2021. — prajdzisvet.org