Даніла Мінавіч Васілеўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Васілеўскі. Даніла Мінавіч Васілеўскі (псеўданімы і крыптанім: А.Вітэнь; Д.Вітэнь; Д. В.; М.Доброведовский; Шчыры; Д.Шчыры; Шчырый; Д.Шчырый; 17 снежня 1889, в. Новае Сяло, Віцебскі павет, цяпер Шумілінскі раён, Віцебская вобласць — 28 снежня 1963, Феадосія, Крым) — беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец, педагог.
Біяграфія
Даніла Мінавіч Васілеўскі нарадзіўся 17 снежня 1889 года ў вёсцы Новае Сяло Віцебскай губерні ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька яго, Міна Рыгоравіч, слыў чалавекам паважаным, шмат чаго ведаў і ўмеў рабіць, маці — Мініха — была жанчынай набожнай, усё жыццё клапацілася пра дзяцей і малілася за іх.
Пасля заканчэння школы малады Васілеўскі працягваў вучобу ў Полацкай настаўніцкай семінарыі, дзе ўпершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурай і нацыянальна-культурным рухам. Там Васілеўскі ўвайшоў у гурток «Вястун ведаў», што знаходзіўся пад уплывам народніцкіх і сацыял-дэмакратычных ідэй. З 1910 пачаў збіраць фальклор на Полаччыне. Працягваў адукацыю ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце. Ужо ў час вучобы пачаў супрацоўнічаць з віцебскімі выданнямі. Па заканчэнні інстытута Васілеўскі працаваў школьным настаўнікам у розных мясцінах губерні, распаўсюджваў беларускую мову і знаёміў моладзь з беларускай літаратурай. Дасылаў свае допісы ў часопіс «Школа и жизнь» (псеўданім М. Доброведовский) і ў газету «Наша ніва» (псеўданімы Шчыры і Вітэнь Д.). З 1919 быў інструктарам школ на Віцебшчыне. На гэты час прыпадае і яго праца ў Полацкім таварыстве па вывучэнні мясцовага краю. У 1921 годзе Даніла Мінавіч пераехаў ў Оршу і займаў тут адказную пасаду інспектара народнай асветы горада. У 1920-я г. актыўна далучыўся да краязнаўчага руху: у 1923 арганізоўвае Віцебскае губернскае бюро краязнаўства, з 1924 — намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1925 стаў кандыдатам Аршанскага філіяла «Маладняка». Публікаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь» і «Придвинский край». З 1930 у Магілёве, выкладчык і першы дэкан геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж.
У 1931 годзе Васілеўскага выключылі з партыі. Разам з групай іншых выкладчыкаў і навукоўцаў ён быў абвінавачаны ў прыналежнасці «к контрреволюционной нацдемовской контрабанде в процессе преподавания». Арыштаваны 9.12.1936, высланы ў Котлас. Потым працаваў буравіком у Варкуце. Пасля вызвалення з 1945 — тэхнік-геолаг у Варкуце. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі.
Творчая і даследчыцкая дзейнасць
Перыяд творчай актыўнасці Д. Васілеўскага прыпаў на эпоху культурна-нацыянальнага адраджэння рэспублікі ў 20-я гады. Ён стаў актыўным прыхільнікам палітыкі беларусізацыі, якая з’явілася спробай ва ўмовах Савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне, і распаўсюджваў яе ідэі на Аршаншчыне. На фоне значных змен, якія адбываліся ў агульнаадукацыйных і вышэйшых школах у напрамку беларусізацыі, артыкулы Данілы Васілеўскага па надзённых пытаннях развіцця школьніцтва, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў часта з’яўляліся ў мясцовым і рэспубліканскім друку.
25 красавіка 1926 года ў «Доме Саюзу Працаўнікоў Асветы імя Т. Ігнатоўскага» праходзіла 2-я Аршанская Акруговая Краязнаўчая канферэнцыя, на якой гаварылася пра адкрыццё музея, знойдзеныя скарбы і выданне першага выпуска зборніка «Аршаншчына». Рэдактарам і асноўным аўтарам зборніка стаў Даніла Васілеўскі. Першы выпуск убачыў свет у 1926 годзе.
Другая палова 20-х гадоў адзначана творчым накалам у жыцці Данілы Васілеўскага. Свае артыкулы ён друкаваў у часопісах «Маладняк» і «Наш край», зборніку «Працы навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі», газеце «Советская Белоруссия».
У прыватнасці, 14 сакавіка 1926 года ў газеце «Советская Белоруссия» з’явілася нататка Васілеўскага пра краязнаўчую працу ў акрузе - «Новыя знаходкі ў Аршаншчыне». На старонках часопіса «Наш край» (№2 за 1927 год і № 6-7 за 1926 год) ён распавядаў пра археалагічную карту Аршанскай акругі і «Помнікі старасьвеччыны на Аршаншчыне».
У гэтыя ж гады Даніла Мінавіч публікуе літаратурныя замалёўкі «Ворша зімой» і «Глуш на пераломе», займаецца пытаннямі экскурсійнай справы. Ім былі распрацаваны экскурсіі па ўсёй Аршанскай акрузе, вызначаны культурна-гістарычныя і прамыслова-эканамічныя аб’екты.
Даследаваў гісторыю рэвалюцыйнага руху, беларускай літаратуры XIX ст., беларускага кнігадрукавання, развіцця мясцовай прэсы, краязнаўчыя, гістарычныя, этнаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы.
Бібліяграфія
- Школа і настаўніцтва на Віцебшчыне // Асвета. 1924. № 3.
- Паэт Ян Баршчэўскі аб Беларусі: (3 уласных лістоў яго да пані Карсак) // Аршанскі маладняк. 1925. № 2.
- Новыя матэрыялы творчасці Яна Баршчэўскага // Полымя. 1925. № 5.
- Беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух на Віцебшчыне ў XIX сталецці // Полымя. 1925. № 5.
- Крыніцы мінулага Беларусі // Наш край. 1926. № 1.
- Сталецце краязнаўчай працы на Беларусі // Наш край. № 2— 3.
- Помнікі старасветчыны на Аршаншчыне // Наш край. 1927. № 2.
- 3 гісторыі аршанскага друку // Наш край. № 6—9.
- Беларускае Вольна-Эканамічнае таварыства // Наш край. № 12.
- Пад аховай роднай песні: (3 перапіскі Яна Баршчэўскага) // Маладняк. 1928. № 1.
- Сялянства Віцебскай і Магілёўскай губерань у паўстанні 1863 году // Полымя. 1928. № 6.
- Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Полымя. 1929. № 6.
- Паэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асвятленні // Наш край. 1929. № 5.
Зноскі
Літаратура
- Васілеўская А. Памяць // Полымя. 1990, № 7.
- Васілеўскі Ю. Даніла Васілеўскі — выдатны даследчык усходняй Беларусі // Аршанская газета. 1994, 8 верас.
- Вяргей В. С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР 1919—1941 гг. Мн., 1992.
- Кісялёў Г. В. Пошукі імя: да пытання аўтарства «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» / Г. В. Кісялёў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1978. — 288 с.
- Кісялёў Г. В. Разыскивается классик… — Мн., 1989.
- Кісялёў Г. В. Ад Чачота да Багушэвіча. — Мн., 1993.
- Кісялёў Г. В. Пасылаю вам картачку… // Голас Радзімы. 1995, 20 ліп., 27 ліп.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Мусінская І. Выдатны даследчык нашай мінуўшчыны // Аршанская газета. 1999, 21 снеж.
- Саламевіч І. У. Васілеўскі Даніла Мінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.
- Саламевіч І. У. Васілеўскі Даніла Мінавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 152. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- БП, т. 1.
- ЭГБ, т. 2.