Джэк Лондан
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лондан. Джэк Ло́ндан (англ.: Jack London, пры нараджэнні Джон Гры́фіт Чэ́йні, англ.: John Griffith Chaney; 12 студзеня 1876, Сан-Францыска, Каліфорнія, ЗША — 22 лістапада 1916) — амерыканскі пісьменнік, найбольш вядомы, як аўтар прыгодніцкіх апавяданняў і раманаў.
Біяграфічныя звесткі
Вучыўся ў Каліфарнійскім універсітэце (1896—1897). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—1898).
Творчасць
Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т.зв. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўночнай прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зборнікі «Сын ваўка» (1900), «Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці маршу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903; «Белы Ікол», 1906) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк», 1904; зборнік «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амерыканскага пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі выдаў зборнікі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Джэка Лондана — аўтабіяграфічны раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш.
На беларускую мову асобныя творы Дж. Лондана пераклалі А. І. Якімовіч, А. Мардвілка, Н. Саламевіч, А. Саламевіч, У. Чаркас.
Беларускія пераклады
- Нязвычайны адрывак: Апавяданне / Пер.з англ.мовы А.Мардвілкі. — Мн.: Выд. ЦК”Маладняка”, 1926.
- Бук — паштовы сабака / Джэк Лёндон. — Мн.: Беларус. дзярж. выд-ва, 1930. — (Бібліятэка школьніка).
- Забаставаў: Апавяданні / Пер. А.Якімовіча. — Мн.: Белдзяржвыд, 1931.
- Кулі: Апавяданне. — Мн.: Белдзяржвыд, 1931.
- Сказанне аб Кішы / Джэк Лондан. — Мн.: ДВБ. Дзіцячая літ., 1938.
- Белы клык / Джэк Лондан. — Мн.: Дзярж. выд-ва Беларусі, 1939.
- Смок Белью / Джэк Лондан. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1947. — (Навукова-прыгодніцкая бібліятэка).
- Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997.
Зноскі
- 1 2 Суховерхов С. И. Лондон // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 4. — С. 418–422.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ geni.com — 2006. — 175000000 экз.
- ↑ (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.