Дзмітрый Мікітавіч Бегічаў
Дзмітрый Мікітавіч Бегічаў (28 верасня 1786 , с. Нікіцкае, Яфрэмаўскі павет, Тульская губерня — 24 лістапада 1855) — рускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік.
Біяграфія
Паходзіў з багатай дваранскай сям’і. У 1796—1802 гадах навучаўся ў Пажаскім корпусе, адкуль выйшаў у чыне карнета Аляксандрыйскага гусарскага палка. Амаль адразу пакінуў полк і перайшоў у Дзяржаўную калегію замежных спраў.
У 1804 годзе вяртаецца да ваеннай службы. У 1805 годзе удзельнічаў у аўстрыйскім паходзе, у бітве пад Аўстэрліцам. За мужнасць і рашучасць, праяўленыя ў баях руска-пруска-французскай вайны, узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра IV ступені і прускім ордэнам «За заслугі».
З 1819 года у адстаўцы, жыў у Маскве. Спрабаваў свае сілы ў літаратуры, вывучаў філасофію, стаў тэатралам. Быў блізка знаёмы з В. К. Кюхельбекерам, У. Ф. Адоеўскім, А. С. Пушкіным, Д. В. Давыдавым.
У 1830—1836 гадах — губернатар Варонежскай губерні. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку паэту А. В. Кальцову. У 1836 годзе — обер-пракурор Сената, з 1840 годзе — сенатар. Пад яго кіраўніцтвам у 1834 годзе быў складзены праект помніка Пятру І у Варонежы. Адзін з арганізатараў барацьбы з эпідэміяй халеры ў Варонежскай губернi (1830—1831). Матэрыяльна дапамагаў маскоўскаму Дому працавітасці — жаночай навучальнай ўстанове для бедных дзяўчат. Узнагароджаны ордэнам Белага арла (1843).
У Брэст-Літоўску Дзмітрый Бегічаў пачаў пісаць раман «Семейство Холмских. Некоторые черты нравов и образа жизни, семейной и одинокой, русских дворян», у якім сатырычна адлюстраваў жыццё дваранства. У творы персанажы насілі імёны герояў грыбаедаўскай камедыі «Горе от ума» (1825). Раман быў выдадзены ананімна ў 1832 г., пазней двойчы перавыдаваўся.
Таксама напісаў літаратурныя творы: «Ольга. Быт русских дворян в начале нынешнего столетия» (1840), «Провинциальные сцены» (1840), «Последствия услуги, оказанной кстати и вовремя» (1842), «Записки губернского чиновника» (1845), «Храм Гименея» і інш. Аўтар зборніка «Быт русского дворянства в разных эпохах и обстоятельствах его жизни» (1851). Крытыка ацэньвала сачыненні Д. М. Бегічава вельмі нізка, але крытык В. Р. Бялінскі адзначаў, што раман «Семейство Холмских» меў поспех у чытачоў.
Літаратура
- Бегичев Дмитрий Никитич // Большая Российская энциклопедия. Москва, 2005. Т. 3. С. 155.
- Дзмітрый Мікітавіч Бегічаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 164—165.
- Бегичев Дмитрий Никитич / М. В. Строганов // Русские писатели : биобиблиографический словарь. Москва, 1990. Т. 1.
- Бегичев Дмитрий Никитич / В. П. Мещеряков // Русские писатели, 1800—1917 : биографический словарь. Москва, 1989. Т. 1.
- Строганов, М. В. Об одной реминисценции из Пушкина в романе Д. Н. Бегичева «Семейство Холмских» / М. В. Строганов // Вопросы биографии и творчества А. С. Пушкина. Калинин, 1979. С. 73-77.
- Акутин, Ю. Автор «Семейства Холмских» / Ю. Акутин // Альманах библиофила. Москва, 1978. Вып. 5. С. 139—157.
- Китина, Л. Д. Д. Н. Бегичев (1786—1854) / Л. Д. Китина // Очерки литературной жизни Воронежского края, Х̏IХ — начало ХХ в. Воронеж, 1970. С. 74-85.
- Аляксандр Сяргеевіч Грыбаедаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. Хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 166.