Дэн Браўн
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Браўн. Дэн Браўн (англ.: Dan Brown; нар. 22 чэрвеня 1964, Эксетэр, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША[4]) — амерыканскі пісьменнік, аўтар колькіх папулярных вострасюжэтных кніг, у т. л. рамана «Код да Вінчы», за які быў абвінавачаны ў абразе пачуццяў вернікаў і плагіяце.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка матэматыкі Рычарда і музыканткі Канстанцыі Браўн. Скончыў прэстыжную прыватную школу «Філіп Экзетэр Скул» і элітарны Амхерст-Каледж (Amherst College) са ступенню бакалаўра па спецыяльнасці «Англійская мова і літаратура». Паcля заканчэння каледжа ў 1992 годзе Браўн пачаў працаваць ў «Філіп Экзетэр Скул».[4]
У 1996 годзе Браўн працаваў у Галівудзе — пісаў музыку да фільмаў. У тым жа годзе Браў вярнуўся ў Нью-Гэмпшыр і заняўся літаратурай. Першыя дзве кнігі — гумарыстычныя — Браўн напісаў у сааўтарстве са сваёй жонкай Блайт Ньюлан (Blythe Newlon). Затым былі напісаны раманы «Лічбавая крэпасць» (Digital Fortress, 1996), у аснове сюжэта якога работа крыптографаў Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША, «Анёлы і дэманы» (Angels & Demons, 2000) і «Пункт падману» (Deception Point, 2001).[4]
Шырокавядомым Браўн стаў у 2003 годзе пасля публікацыі рамана «Код да Вінчы» (The Da Vinci Code), згодна з яго сюжэтам, Каталіцкі касцёл свядома хаваў рэальныя акалічнасці жыцця Хрыста, у прыватнасці, яго шлюб з Марыяй Магдаленай. Кніга хутка стала нацыянальным бестселерам, а ў 2004 годзе — міжнародным. Да 2015 года агульны наклад «Кода да Вінчы» перасягнуў 100 млн. асобнікаў[5]. Брытанская прэса адзначала, што кнігі Дэна Браўна чытачы пераважна не пакідаюць сабе, а аддаюць букіністам, Браўн аказаўся першым у пераліку пісьменнікаў, чые кнігі часцей за ўсё аддавалі ў дабрачынныя кніжныя крамы сеткі Oxfam.[4]
Кніга «Код да Вінчы» выклікала шматлікія скандалы. Дэна Браўна папракалі ў блюзнерстве і абразе пачуццяў вернікаў, а пісьменнікі Майкл Бейджэнт і Рычард Лі ў снежні 2005 года абвінавацілі Браўна ў плагіяце і падалі ў суд на выдаўца Random House. Суд адбыўся ў красавіку 2006 года і прызнаў твор Браўна самастойным. Апеляцыйны іск Бейджэнта і Лі таксама быў беспаспяховы, яны мусілі аплаціць каля 3 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў судовых выдаткаў.[4]
У 2006 годзе рэжысёр Рон Ховард экранізаваў «Код да Вінчы». Нягледзячы на крытычныя водгукі і байкот з боку рэлігійных груп, у сусветным пракаце фільм сабраў 540 мільёнаў долараў ЗША. У 2009 годзе Ховард зрабіў экранізацыю рамана «Анёлы і дэманы», якая таксама без энтузіязму была сустрэта крытыкамі, але прынесла каля 100 мільёнаў долараў ЗША, стаўшы адным з самых касавых фільмаў 2009 года.[4]
У 2007 годзе Браўн аб’явіў, што плануе ў 2007 годзе апублікаваць раман пад рабочай назвай «Ключ Саламона», у сюжэце якога будзе дзеяць адзін з галоўных герояў «Кода да Вінчы». Аднак, работа над раманам зацягнулася, ён выйшаў толькі ў верасні 2009 года пад назвай «Згублены сімвал» (The Lost Symbol), галоўнай яго тэмай стала масонства. Са слоў выдаўцоў, за першыя суткі ў ЗША, Канадзе і Вялікабрытаніі было прададзена болей за мільён асобнікаў новага раману Браўна.[4]
У 2006 годзе прэса паведамляла, што Дэн Браун самы высокааплачваемы пісьменнік у гісторыі. Паводле некаторых ацэнак, за продаж першых сваіх чатырох раманаў, уключаючы «Код да Вінчы», і пракат аднайменнага фільма, Браўн зарабіў ад 250 да 300 мільёнаў долараў. У 2005 годзе часопіс The Time уключыў Браўна ў пералік ста самых уплывовых людзей свету.[4]
Дэн Браўн з 1997 года жанаты з Блайт Ньюлан, якая старэйшая за яго на 12 гадоў, у іх двое дзяцей.[4]
Беларускія пераклады
- Браўн, Дэн. Код да Вінчы // ARCHE № 1-2 (134-135), 2015. — С. 4—380.
Зноскі
- ↑ Dan Brown // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Dan Brown // Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Браун, Дэн // Лентапедыя…
- ↑ arche.by(недаступная спасылка)
Літаратура
- Браун, Дэн // Лентапедыя [Электронны рэсурс] = Лентапедия : база даведачна-біяграфічных тэкстаў / Пад рэд. Д. Іванова — Электронныя дадзеныя — М.: ТАА «Лента.ру» (lenta.ru), 2012. — Рэжым доступу: http://ru.wikisource.org/wiki/Лентапедия, свабодны. — Загаловак з экрана — Мова руск.
Спасылкі
- Афіцыйны сайт Дэна Браўна (англ.)
- Дэн Браўн на сайце The Electronic Literary Database (ELDb) Архівавана 11 студзеня 2012.