wd wp Пошук:

Ерванд Ацян

Ерванд Ацян (арм.: Երվանդ Օտյան; 19 верасня 1869, Канстанцінопаль3 кастрычніка 1926, Каір) — асманскі армянскі пісьменнік, сатырык, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык і перакладнік. Лічыцца адным з самых пладавітых і значных армянскіх сатырыкаў нароўні з Акопам Паранянам.

Нарадзіўся ў заможнай сям’і. У 1882 годзе паступіў у Перперыянскае вучылішча, але паўтара года праз перайшоў на хатняе навучанне па рэкамендацыі настаўнікаў. Паколькі яго сям’я была адукаванай і шанавала мастацтва, у юнацкасці ён шмат чытаў і вывучыў французскую мову. У 1879 годзе разам з дзядзькам здзейсніў дзевяцімесячнае падарожжа па найбуйнейшых гарадах Еўропы. Друкавацца пачаткаў у 1887 годзе, паступіўшы працаваць у газету «Хайрэнік» («Радзіма»), якая належала Арпіяру Арпіярану. З 1892 па 1896 год быў памагатым рэдактара гэтага выдання, а з 1896 года — галоўным рэдактарам.

У творчасці спачатку выступаў толькі як крытык і публіцыст, але з 1892 года таксама стаў пісаць уласныя мастацкія аповеды. Іх тэматыка прывяла да яго канфлікту з асманскімі ўладамі, з прычыны чаго ён быў улучаны ў спіс «небяспечных асоб», таму ў жніўні 1896 года па прычыне армянскіх пагромаў таемна бег з Канстанцінопаля ў Афіны, пражыўшы за мяжой наступныя дванаццаць гадоў. На працягу гэтага перыяду ён жыў у Каіры, Парыжы, Александрыі, Лондане і Бамбеі. У Канстанцінопаль Ацян вярнуўся толькі пасля младатурэцкай рэвалюцыі ў 1908 годзе. Многія яго працы былі апублікаваны за мяжой у перыяд змушанай эміграцыі ў заснаваных ім жа сатырычных выданнях у розных гарадах, дзе ён часова жыў.

У 1915 годзе, калі ў Асманскай імперыі пачаўся генацыд армян, Ацян быў разам з некаторымі іншымі армянскімі дзеячамі культуры сасланы ў сірыйскую пустыню, пасля чаго адразу ж скіраваўся ў горад Дэйр-эз-Зор, дзе яму дзякуючы яго ведам французскай і турэцкай моў атрымалася атрымаць месца перакладчыка ў нямецкім консульстве. Згодна БСЭ, падтрымваў усталяванне савецкай улады ў Арменіі. У 1919 годзе ён вярнуўся ў Стамбул і жыў вылучна літаратурнай працай, а таксама быў вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю, арганізуючы месцаванне ў прытулках якія падпалі дэпартацыі дзяцей-армянаў. У 1922 годзе ён з’ехаў з Канстанцінопаля і пасяліўся ў Бухарэсце, у 1924 годзе перабраўся ў ліванскі горад Трыпалі. У 1925 годзе пераехаў у Каір, дзе памёр і быў пахаваны.

Творчая спадчына Ерванда складаецца з складанкі сатырычных аповедаў («Паразіты рэвалюцыі» (1898—1899)), аповесці («Прапагандыст» (1901), «Таварыш Панджуні» (1908)), раманы («Поп-пасярэднік» (1895), «Сям’я, гонар, маральнасць» (1910), «Абдул Гамід і Шэрлак Холмс» (1911), «Саліха Ханум» (1912)), а таксама памфлеты і фельетоны. У сваіх творах ён паддае крытыцы і высмейвае розныя заганы буржуазнага грамадства і падтрымвае змаганне народаў Асманскай імперыі супраць улады султана. Ён напісаў таксама аўтабіяграфічную працу «Տասներկու Տարի Պոլսէն Դուրս» (бел. «Дванаццаць гадоў па-за Стамбулам») пра сваё жыццё за мяжой. З перакладаў на армянскую мову, выкананых ім, найболей вядомыя пераклады ўсіх трох раманаў Л. М. Талстога («Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Ускрысенне»), а таксама шэраг твораў Дастаеўскага, Горкага, Марка Твена, Эміля Золя і іншых пісьменнікаў.

Бібліяграфія

  • Ա. Մակարյան, «Երվանդ Օտյան» — Եր.։ Հայաստան, 1965. — 528 էջ։
  • Ս․ Մանուկյան, «Երվանդ Օտյան․ կյանքը, հրապարակախոսությունը, գեղարվեստական վաստակը», Երևան, 1997։

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Eruand Ōtean // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.

Спасылкі

  • Отян Ерванд — артыкул з БСЭ
  • Отьян // Литературная энциклопедия
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be