wd wp Пошук:

Еўдакія Якаўлеўна Лось

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лось. Еўдакія Якаўлеўна Лось (1 сакавіка 1929, в. Старына, Ушацкі раён, Віцебская вобласць3 ліпеня 1977) — беларуская паэтэса.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Бацькі ў 1934 перасяліліся ва Ушачы і сталі рабочымі раённай друкарні. Да вайны Е. Лось закончыла 5 класаў. Пасля заканчэння Ушацкай сямігодкі вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча (1945-48), затым на філалагічным факультэце педінстытута ў Мінску (1948-55). Працавала літработнікам у рэдакцыі газеты «Зорька» (1951-52), рэдактарам мовы і літаратуры Вучпедвыдавецтва БССР (1952-59). У 1959-61 вучылася на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР у Маскве. 3 1961 літсупрацоўнік газеты «Звязда», з 1963 на творчай рабоце. У 1970-72 працавала адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», з 1975 галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1957.

Творчасць

Першы верш «Сэрца дзяўчыны» надрукаваны ў часопісе «Работніца і сялянка» ў 1948. Аўтар зборнікаў вершаў «Сакавік» (1958), «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Вянцы зруба» (выбранае, 1969), «Перавал» (вершы і паэмы, 1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка» (1975), «Лірыка ліпеня» (вершы і паэмы, 1977), «Валошка на мяжы» (выбранае, 1984). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Абутая елачка» (1961), «Казка пра Ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык-выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978), апавяданняў «Дзесяць дзён у Барку» (1984). У 1979 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Яе паэзія шчырая, сагрэта пачуццём любові да Радзімы, да людзей. У многіх вершах — біяграфія тых, хто пражыў вайну ў дзіцячым узросце, чыё юнацтва супала з пасляваенным клопатам аднаўлення краіны. Людскія ўзаемаадносіны, нялёгкі жаночы лёс — асноўны змест яе лірычных твораў. Аптымізмам і разам з тым трагічнымі прадчуваннямі кранаюць радкі вершаў «Бараўлянскага сшытка». Вырашэнню маральна-этычных праблем жыцця сучаснікаў прысвечаны зборнікі прозы «Пацеркі», «Травіца — брат-сястрыца». Пісала вершы для дзяцей («Абутая ёлачка», «Казка пра Ласку», «Вяселікі», «Зайчык-выхваляйчык», «Дванаццаць загадак»). Творы, адрасаваныя маленькаму чытачу, вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу, дакладнасцю вобразаў.

Напісала кнігі прозы «Пацеркі» (1966) і «Травіца брат-сястрыца» (1970). У 1977 у часопісе «Полымя» надрукаваны цыкл «Навелы пятага паверха».

Пераклала на беларускую мову кніжку вершаў С. Баруздзіна «Краіна, дзе мы жывём» (1977).

Вершы і паэмы Е. Лось перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую і іншыя мовы. Музыку на яе вершы напісалі У. Алоўнікаў, Т. Вагнер, Д. Камінскі, Ю. Семяняка, Д. Смольскі і інш.

Узнагароды

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Латвійскай ССР.

Ушанаванне памяці

Яе імем названы вуліца ў Віцебску, Ушацкая раённая бібліятэка.

Зноскі

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994. — С. 340—341.
  • Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. Кісялёў і інш. — Мн., 2003. — С. 552.
  • Лось Еўдакія Якаўлеўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 435. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Паэтэсы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be