Жан-Жазеф Рабеарывела
Жан-Жазеф Рабеарывела (фр.: Jean-Joseph Rabearivelo; 4 сакавіка 1901, Антананарыву — 22 чэрвеня 1937) — малагасійскі паэт.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Тананарыве (цяпер Антананарыву), сталіцы Мадагаскара. Жан-Жазеф быў адзіным дзіцем незамужняй жанчыны, якая паходзіла з сям’і, што збяднела ў выніку скасавання французскім урадам гандлю рабамі. У 13 гадоў хлопчыка выключылі з каледжа Сен-Мішэль за тое, што ён адмовіўся ўступаць у рэлігійны ордэн. Крыху павучыўшыся ў сярэдняй школе, ён кінуў навучанне і пачаў працаваць на самых розных працах, якія магло яму прапанаваць каланіяльнае грамадства.
У 1924 годзе ён пачаў працаваць карэктарам, і нягледзячы на тое, што першыя два гады не атрымліваў за гэтую працу грошай, ён да канца жыцця зарабляў карэктурамі. За гэта выдавецтва выпусціла невялікімі накладамі некалькі кніг Рабеарывела. У 1926 годзе паэт ажаніўся з Мэры Разафітрыма, дачкой фатографа-афрыканца. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей.
У Тананарыве ў 1920-х гадах бурна кіпела літаратурнае і журналісцкае жыццё: большасць літаратараў выкарыстоўвалі народную мову. Рабеарывела быў адным з першых малагасійскіх паэтаў, які пачаў пісаць па-французску. Яго першыя зборнікі «Урна з прахам» (La coupe de cendres, 1924), «Лясы» (Sylves, 1927), «Тамы»” (Volumes, 1928) напісаныя ў рамантычна-акадэмічнай манеры, у якой пісалі французскія паэты ХІХ ст. Аднак пазней у творчасці Рабеарывела з’явіліся рысы сімвалізму. Праз прыхільнасць паэта да Францыі і французскай мовы многія яго суайчыннікі, асабліва традыцыяналісты, пагарджалі ім — як ён пагарджаў сваімі непісьменнымі землякамі. Не цікавіла яго творчасць і французскіх гандляроў і адміністратараў. У дзённіках ён апісваў свой дваісты стан — стан чалавека з раманскім розумам і чорнай скурай. Пра гэтую дваістасць сведчыла нават яго манера апранацца: на еўрапейскі касцюм ён накідваў ламбу, традыцыйнае малагасійскае адзенне.
Паэт усё жыццё пражыў у пазыках і нават сядзеў за гэта ў турме. Яго найвялікшымі праблемамі былі нізкі заробак, азартныя гульні, калекцыяніраванне кніг і залежнасць ад опіуму. Ён вельмі шмат чытаў і займаўся самаадукацыяй, уклаў некалькі анталогій малагасійскай паэзіі і дапамагаў з выданнем двух літаратурных зборнікаў, «18 Latitude Sud» і «Capricorne». Да смерці Рабеарывела было надрукавана толькі каля паловы яго твораў — вершаў, п’ес, крытычных артыкулаў і белетрыстыкі. 22 чэрвеня 1937 году паэт, напісаўшы некалькі развітальных лістоў, скончыў жыццё самагубствам з дапамогай цыяніду, дакладна апісаўшы апошнія імгненні свайго існавання ў «Блакітным нататніку» (Calepins Bleu), што налічваў больш за 1800 старонак.
Даследчыкі знаходзяць у яго творах рысы як сімвалізму, так і сюррэалізму. Тым не менш, уся творчасць Рабеарывела ўкаранёная ў малагасійскім фальклоры і гісторыі. Ён быў адначасова паэтам французскім і паэтам малагасійскім, аднак адмовіўся ад магчымасці пасяліцца ў Парыжы. Поўны збор твораў паэта налічвае сем кніг: «Урна з прахам» (La coupe de cendres, 1924), «Лясы» (Sylves, 1927), «Тамы» (Volumes, 1928), «Дзеці Арфея» (Enfants d’Orphée, 1931), «Амаль сны» (Presque-Songes, 1934), «Перакладаючы ноч» (Traduit de la Nuit, 1935), «Імайтсанала» (Imaitsoanala, 1935), «Песні для Абеоны» (Chants pour Abéone, 1936).
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118977431 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 3 мая 2014.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.