Канстанцін Севярынец
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Севярынец.
Канстанці́н Па́ўлавіч Севяры́нец (Кастусь Севярынец) (4 верасня 1952, в. Унорыца, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць — 1 кастрычніка 2021) — беларускі журналіст, паэт , публіцыст, перакладчык, аўтар паэтычных кніжак для дзяцей.
Біяграфія
Скончыў Унорыцкую пачатковую школу, васьмігодку ў в. Глыбаве, сярэднюю школу ў г. Таўраге (Літва). Вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, спецыяльнасць — настаўнік рускай мовы і літаратуры. У 1972—1974 гадах праходзіў службу ў адной з артылерыйскіх брыгад Маскоўскай ваеннай акругі. Падчас службы быў узнагароджаны медалём «За отвагу на пожаре»[1]. У 1976 годзе працаваў дырэктарам у Пагасцянскай васьмігодкі пад Оршай[2].
З 1979 года працаваў у журналістыцы. Працаваў карэспандэнтам БЕЛТА—ТАСС па Віцебскай вобласці, у рэспубліканскіх газетах «Советская Белоруссия», «7 дней(фін.) бел.», райгазеце «Ленінскі прызыў», шматтыражцы «Красный Октябрь», віцебскай абласной газеце «Народнае слова», часопісе «Служба спасения 01», на Беларускім радыё. Пісаў вершы для дзяцей. У якасці віцебскага ўласнага карэспандэнта пісаў крымінальныя нарысы для мінскай «Детективной газеты»[3].
Памёр 1 кастрычніка 2021 года пасля працяглай хваробы COVID-19[4].
Творчасць
Дэбютаваў на старонках «Знамя юности» і «Сельской газеты». Нізкі вершаў і перакладаў, як на беларускай, так і на рускай мовах, у розныя гады друкавалі «Настаўніцкая газета», «Советская Белоруссия», «Чырвоная змена», «Наша ніва», перыядычныя выданні раённай і абласной прэсы. Са сваімі творамі друкаваўся ў часопісах «Нёман», «Беларусь», «Вожатый», «FloriДа», альманаху «Па камянях як па зорах», штогодніку «Далягляды», кнізе-даследаванні «З глыбінь жыватворных». У 2008 годзе — лаўрэат прэміі «Лепшыя радкі „Фларыды“»[5] рускамоўнага часопіса «FloriДа» (Маямі, ЗША) за шэраг паэтычных публікацый. Пераможца міжнароднага конкурса радыё «Свабода» на найлепшы пераклад тэксту песні «Fairitaile» (бел.: Казка), з якой Аляксандр Рыбак перамог на «Еўрабачанні-2009»[6]. Суаўтар першай беларускай азбукі для iPod «Буквар: Родная азбука»[7][8].
Перакладаў з сербскай і харвацкай моў[9]. У сааўтарстве з Іванам Чаротам перакладаў для беларускіх часопісаў, альманахаў і анталогій творы паэтаў з былой Югаславіі. Пераклаў на беларускую мову творы З. Джуканавіча, Д. Тадзіянавіча, С. Янковіча, Г. Крклеца, класікаў Й. Йованавіча-Змая і Д. Максімовіч. Пераклады друкаваліся ў альманаху «Далягляды», часопісах «Нёман», «Беларусь», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».
Аўтар пяці зборнікаў крымінальных нарысаў (у серыі «Библиотечка детективной газеты»), зборніка абранай лірыкі «Пока дышу», кніжкі дзіцячых вершаў «Там, где радуга живёт».
Водгукі
Літаратурны крытык прафесар Іван Штэйнер характарызуючы паэзію Кастуся Севярынеца, піша: «У нечым пераклікаючыся з выслоўем Андрэя Вазнясенскага „Стихи не пишутся — случаются, как утро или же закат…“, Севярынец сцвярджае ўласнае: „Вдруг захлестнет меня стихотворенье и невзначай взойдет из-под пера…“. Канстанцін Севярынец — перш за ўсё лірык, які ўласнымі вачыма глядзіць на гэты свет і адкрывае ў ім прыгажосць, якую яшчэ не заўважылі людзі, і імкнецца падзяліцца гэтым адкрыццём з усімі на чароўнай зямлі»[1].
Галоўны рэдактар часопіса «FloriДа» (ЗША) Аляксандр Росін[ru] піша пра паэзію Севярынеца: «Усё пераплецена ў гэтым свеце. Я ўчытваюся ў радкі Кастуся Севярынца, а пазнаю штосьці новае пра сябе. У гэтым хітрасць сапраўднай паэзіі. І прыдуманы Маркесам горад Маконда, і сапраўдны горад Таруса, у якім дагэтуль лунае дух Паўстоўскага, Забалоцкага, Цвятаевай, Бродскага, і маленькая палеская вёсачка Унорыца, дзе прайшлі дзіцячыя гады Кастуся. — для мяне, чытача, звёны аднаго ланцуга»[10].
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выказаўся пра кнігу Кастуся Севярынеца «Шабаш негодяев»: «асаблівасці пісьмовай манеры зносін Кастуся Севярынца з чытачом ва ўменні знайсці размаўлялую дэталь і, адштурхнуўшыся ад яе, пазначыць характар, вызначыць тып да поўнай пазнавальнасці. Нарысы, сабраныя ў гэтай кніжцы, напісаны па гарачых слядах падзей. Але пры цалкам вытлумачальнай рэзкасці малюнка на маментальных здымках такога плану, у іх выразна праступае пазіцыя аўтара: „даказаць ад адваротнага“, што праўдзівую каштоўнасць у чалавечых узаемаадносінах складаюць хрысціянскія запаведзі, а не выродлівая філасофія персанажаў з „Шабашу негодяев“…»[1].
Бібліяграфія
- «З глыбінь жыватворных» (1990 г.), напару з Мікалаем Ляснічым
- «Пока дышу» (1997 г.), зборнік выбранай лірыкі
- «Там, где радуга живёт» (2007 г.), кніга дзіцячых вершаў
- «Шабаш негодяев»
- «Пока цветёт сирень» (2012 г.), лірыка
Зноскі
- 1 2 3 Іван Штэйнер Мои корни – в деревеньке Унорица(нявызн.). Праверана 24 ліпеня 2015.
- ↑ Кастусь Севярынец(нявызн.). Govorim.by. Праверана 18 снежня 2012.
- ↑ Кастусь Севярынец: «Калі Паша з дзяўчынай пабярэцца, то будзе ёй добрым памочнікам!..»(нявызн.). газ. Народная Воля (8 лютага 2011). Праверана 24 ліпеня 2015.
- ↑ Памёр журналіст і паэт Кастусь Севярынец, пад яго голас Віцебшчына абуджалася ў 1990-я
- ↑ Кастусь Северинец(нявызн.). час. «Флорида». Праверана 24 ліпеня 2015.
- ↑ «Казка» па-беларуску(нявызн.). Свободные новости плюс. Праверана 24 ліпеня 2015.
- ↑ Вершы Кастусь Севярынец: Свая азбука(нявызн.). Мова нанова (26 красавіка 2014). Праверана 24 ліпеня 2015.
- ↑ Ася Паплаўская Беларуская азбука для дзетак. Вучыце з планшэта!(нявызн.). БелаПАН (17 ліпеня 2013). Праверана 24 ліпеня 2015.
- ↑ 13 км — мой шчасьлівы чортаў тузін // ARCHE : час.. — Т. 2007. — № 3 (54).
- ↑ Росін А. М. Экспресс «Кастусь Северинец »(руск.) . Праверана 24 ліпеня 2015.
Спасылкі
- Лирика Кастуся Северинца(руск.) . газ. Народная Воля (26 жніўня 2013). Праверана 24 ліпеня 2015.