Каста Хетагураў
Каста (Канстанцін Леванавіч) Хетагураў (ас.: Хетæгкаты Леуаны фырт Къоста; 15 кастрычніка 1859, сяло Нар, Паўночная Асеція — 1 красавіка 1906) — асецінскі пісьменнік, мастак; заснавальнік асецінскай літаратуры і літаратурнай мовы.
Біяграфія
Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1881-85). Пісаў на асецінскай і рускай мовах. Зборнікі «Вершы» (1895, на рускай мове) і «Асецінская ліра» (1899, на асецінскай мове) адыгралі вялікую ролю ў развіцці асецінскай літаратуры. Сацыяльныя праблемы ўзнімаў у псіхалагічных апавяданнях («Паляванне на тураў», 1893). Гісторыі роднага народа прысвяціў этнаграфічны нарыс «Асоба» (1894). Аўтар паэм на рускай мове «Фаціма» (1889), «Перад судом», «Каму жывецца весела» (абедзьве 1893), п’ес, публіцыстычных артыкулаў. Заснавальнік рэалістычнага жывапісу Паўночнай Асеціі (жанравыя карціны, партрэты, пейзажы Каўказа). На беларускую мову яго творы пераклалі Генадзь Кляўко і Юрась Свірка.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.