wd wp Пошук:

Леанід Іванавіч Пранчак

Леанід Іванавіч Пранчак (12 лістапада 1958, в. Пранчакі, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі паэт.

Біяграфія

Нарадзіўся 12 лістапада 1958 года ў вёсцы Пранчакі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981). Пасля заканчэння ўніверсітэта — малодшы рэдактар Магілеўскага абласнога радыё. З 1983 года — у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў.

Пазней вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР, працаваў у тэатры-студыі «Верасы», дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі. У 1994—1995 гадах — уласны карэспандэнт газеты «Рэспубліка» ў ЗША. У 1997-? гадах — мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі беларускай эстрады.

Творчасць

Першы верш апублікаваў у 1973 г. (газета «Піянер Беларусі»). Сааўтар калектыўнага зборніка вершаў «Лагодны прамень раніцы», 1988), аўтар кніг вершаў «Першапутак» (1988), «Дзяўчына беларуска» (1993), мастацка-дакументалньай кнігі «Беларуская Амерыка» (1994), кнігі выбраных вершаў «Біблія для каханай» (2000).

Перакладае з польскай, расійскай і ўкраінскай моў. Паэтычны твор Леаніда Пранчака «Афрыканская вандроўка» — у аснове мюзікла «Афрыка», музыку да якога напісаў вядомы кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.

Больш за 200 вершаў паэта пакладзены на музыку. Найбольш вядомы з іх «Даставай Язэп гармонік», «Пад зоркай Пагоні», «Каля Чырвонага касцёла», «Адзінокая жанчына», «Жыве Беларусь!», «Сумны саксафон», «Паклонніца», «Талака», «Цёмная пані», «Каханая» і інш.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 года.

Абарона аўтарскіх правоў

З 2018 года Леанід Пранчак вядзе масавыя судовыя працэсы аб абароне аўтарскіх правоў на свае творы[1]. Займаецца маніторынгам сродкаў масавай інфармацыі, падручнікаў, дапаможнікаў, і іншых друкаваных выданняў, шукаючы радкі за сваім аўтарствам. Пасля чаго падае пазоў у суд з заявай аб парушэннях аўтарскіх правоў і патрабаваннем фінансавай кампенсацыі. Сярод тых, з кім аўтар судзіўся: «Наша Ніва», «Звязда» «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», блогеры, бацькі дзяцей, якія спявалі песні на яго вершы і інш.[2].

Спасылкі

Зноскі

  1. 50 спраў Леаніда Пранчака: як адзін паэт паралізаваў працу Вярхоўнага суда — Наша Ніва, 10 чэрвеня 2018 г.
  2. Улад Швядовіч. Вашы дзеці любяць верш «Цік-так, ходзікі»? Нікому не кажыце пра гэта: вас можа засудзіць паэт Леанід Пранчак (нявызн.). Наша Ніва (27 красавіка 2019). Праверана 27 красавіка 2019.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be