Леанід Кірэевіч Левановіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Левановіч. Леанід Кірэевіч Левановіч (таксама Леанід Лявонаў; 14 верасня 1938, в. Клеявічы, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць — 14 чэрвеня 2021) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія
Нарадзіўся 14 верасня 1938 года ў вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Магілеўскае культасветвучылішча (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў (1956—1958). У 1957 годзе паступіў на завочнае аддзяленне факультета журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце (1958—1961). Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў універсітэт у 1963 годзе. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва» (1963—1971). У 1971—1974 г. — рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Нёман». З 1974 — адказны сакратар, з 1975 — рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980—1982 гадах — галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 года — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1975 года.
У апошні час жыў у вёсцы Пятрылава Вілейскага раёна.
Памёр 14 чэрвеня 2021 года[1].
Творчасць
Друкаваўся з 1955 года. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф. Варанішча — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваенную вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць народную душу, жыццястрйкасць беларускай нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кнігі «Вяртанне ў радыяцыю» (1997).
Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973); аднаактовую п’есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981). Аўтар п’есы «Чабор» (1973, апубл. 1980), гераічнай хронікі «Павел і Хуаніта» (1974).
Зноскі
- ↑ Памёр пісьменнік Леанід Левановіч. Да апошняга часу ён жыў на лецішчы ў Вілейскім раёне Архівавана 16 чэрвеня 2021.
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994.
- Рагуля А. Свягло знутры // Роднае слова. 1998. № 9.
- Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
- Саламевіч І. Левановіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.