Леанід Марцінавіч Дайнека
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дайнека. Леанід Марцінавіч Дайнека (28 студзеня 1940, в. Змітраўка 2-я, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць — 21 жніўня 2019) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія
Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 гг. адказны сакратар часопіса «Маладосць». З 1989 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура». З 1993 года займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірмы «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя)[1].
Памёр 21 жніўня 2019 года. Пахаваны 25 жніўня на могілках у Калодзішчах[2].
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1961 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985) — лейтматывы твораў: услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі. Некаторыя вершы Л. Дайнекі пакладзены на музыку. Таксама аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976).
Аўтар дылогіі «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979), якая раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1919; рамана «Футбол на замініраванным полі» (1987), дзе асэнсоўвае тэму горада; фантастычнага рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992).
Гістарычныя раманы
Вядомы як адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў. Аўтар раманаў «Меч князя Вячкі» (1987) пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў 13 ст., «След ваўкалака» (1988) пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча, «Жалезныя жалуды» (1990) пра ранні этап станаўлення Вялікага Княства Літоўскага;. У 2008 годзе выйшаў раман «Назаві сына Канстанцінам», дзея якога адбываецца ў XV—XVI ст. у Рыме, ВКЛ і Канстанцінопалі.
Прэміі і ўзнагароды
- Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1989) за гістарычны раман «Меч князя Вячкі» (1987)
- Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (1990) за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» (1987) і «След ваўкалака» (1988).
- Прэмія імя Валянціна Пікуля (2010) з уручэннем залатого медаля за цыкл гістарычных раманаў.
- Медаль «500-годдзе Аршанскай бітвы» (2015).
Зноскі
Літаратура
- Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995. — С. 259.
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 6. — Мн., 1998. — С. 11.
- Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 2. — Мн., 1993. — С. 312.
- Дайнека Леанід // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X. — С. 168.