wd wp Пошук:

Леапольда Марэчаль

Леапольда Марэча́ль (ісп.: Leopoldo Marechal; 11 чэрвеня 1900, Буэнас-Айрэс — 26 чэрвеня 1970, Буэнас-Айрэс) — аргенцінскі пісьменнік.

Біяграфія

Нарадзіўся ў франка-іспанскай сям’і эмігрантаў. Нягледзячы на фінансавыя праблемы сям’і, скончыў сярэднюю школу, атрымаў педагагічную адукацыю і працаваў настаўнікам, спачатку малодшых, а затым старшых класаў[3]. Адначасова, цягам 1920-х гадоў[3], быў сябрам таварыства паэтаў «Фларыда»(англ.) бел.[4], якое групавалася вакол літаратурных часопісаў «Proa» і «Martín Fierro»[3]. Дэбютаваў вершамі ў 1922 годзе[3]. У 1926 годзе быў у творчым падарожжы ў Еўропу[3]. У 1929 годзе Л. Марэчаль быў адзначаны адмысловай прэміяй «Premio Municipal de Poesía» горада Буэнас-Айрэс[3].

У 1929 годзе Л. Марэчаль другі раз паехаў у Еўропу і, пасяліўшыся ў Парыжы, паволі перайшоў на прозу, пачаў пісаць свой першы раман. У 1934 годзе вярнуўся ў Аргенціну, ажаніўся з М. С. Барыейра, з якою нажыў дзвюх дачок. Пасля цяжкай хваробы яго жонка памерла ў 1947 годзе. У 1948 годзе ўрэшце выйшаў і быў высока ацэнены літаратурнымі крытыкамі першы раман пісьменніка.[3]

Творчасць

Дэбютаваў паэтычным зборнікам «Арляняты» (1922)[3]. Раннія вершы, якія выйшлі ў зборніках «Дні нібы стрэлы» («Días como flechas», 1926), «Оды мужчыну і жанчыне» («Odas para el hombre y la mujer», 1929), вылучаюцца ўскладненасцю метафар. Любоўная лірыка і цыкл рэлігійных вершаў увайшлі ў зборнікі «Лабірынт кахання» («Laberinto de amor», 1936) і «Санеты для Сафіі» («Sonetos a Sophía», 1940)[4]. Аўтар паэтычных зборнікаў «Кентаўр» (1940; 1-я прэмія Нацыянальнай камісіі па культуры), «Вандроўкі вясны» (1945)[3], кнігі ўспамінаў у вершах «Пяць паэм поўдня» («Cinco poemas australes», 1937), філасофскіх раманаў «Адан Буэнас-Айрэс» («Adán Buenos-ayres», 1948) і «Банкет Севера Арканхела» («El banquete de Severo Arcángelo», 1965), драмы «Антыгона Велес» (1965), зборніка навел «Дзённік плавання» («Cuaderno de navegación», 1966)[4].

Нягледзячы на спрыяльную крытыку, ні першы раман, ні іншыя творы Л. Марэчаля не атрымалі належнай увагі чытачоў. У літаратурнай супольнасці Лацінскай Амерыкі высока цанілі і паважалі пісьменніка, адзначаючы яго талент шмат якімі прэстыжнымі прэміямі. Аднак, шырокім колам чытачоў творы Л. Марэчаля будуць прызнаны толькі праз шмат гадоў па яго смерці.[3]

Бібліяграфія

  • Heptamerón, B. Aires, [1966][4];
  • Historia de la calle Corrientes, B. Aires, 1968[4];
  • Antología poética, [B. Aires, 1969][4];
  • Megafón o la guerra, B. Aires, 1970[4].

Зноскі

  1. 1 2 Leopoldo Marechal // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 Leopoldo Marechal // todotango.com Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Gordon A. Marechal, Leopoldo…
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Лукин Б. В. Маречаль…

Літаратура

  • Gordon A. Marechal, Leopoldo // Encyclopedia of World Literature in the 20th Century / Revised Edition, ed. Leonard S. Klein. — New York: Frederick Ungar Publishing Co., 1983.
  • Лукин Б. В. Маречаль // Краткая литературная энциклопедия. — М.: Сов. энцикл., 1962—1978. — Т. 9: Аббасзадэ — Яхутль. — 1978. — Стб. 512.
    • Palabras con Leopoldo Marechal, reportaje y antología. — B. Aires, 1968. (бібл.).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Аргенціны Катэгорыя·Паэты Аргенціны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be