Луіза Лабэ
Луіза Лабэ (фр.: Louise Labé; сапраўдныя імя і прозвішча Луіза Шарлі, Charly; мянушка Прыгожая канатчыца, La Belle Cordière; 1522, Ліён — 25 красавіка 1566, Парсьё-ан-Домб пад Ліёнам) — французская паэтэса, гаспадыня літаратурнага салона.
Біяграфія
Жыццё Луізы Лабэ прайшло ў Ліёне і яго ваколіцах. У яе час Ліён стаў буйным прамысловым і гандлёвым цэнтрам. Акрамя таго праз яго праходзілі шляхі з Парыжа ў Італію. Італьянскі ўплыў у Ліёне быў вельмі прыкметным.
Луіза Лабэ была дачкой Ліёнскага фабрыканта-канатчыка і была выдадзена замуж за яго калегу па цэху, багатага канатчыка і фабрыканта Перэна. Паколькі яна па сведчанні ўсіх знаёмых была яшчэ і надзвычай прывабная, за ёй замацавалася мянушка «Прыгожая канатчыца» (фр.: La belle Cordière). Сапраўднае прозвішча яе бацькі Шарлі або Шарльё. Першым шлюбам ён ажаніўся з удавой фабрыканта-канатчыка Лабэ і атрымаў у спадчыну ад яе разам з фабрыкай і прозвішча. Луіза была дачкой ад другога шлюбу. Яе маці памерла ў 1525 годзе, трэцім шлюбам бацька ажаніўся з маладой дзяўчынай. Звестак пра адносіны Луізы з мачахай не захавалася.
Луіза ведала грэчаскую, латынь і італьянскую мовы. Пазнаёмілася з філасофскімі, гістарычнымі і літаратурнымі творамі, як антычнага свету, так і новай італьянскай літаратуры, у тым ліку з паэзіяй Дантэ і Петраркі. Адным з яе настаўнікаў быў Марыс Сэў, найвядомейшы паэт Ліёна гэтай эпохі, ён назаўжды застаўся яе сябрам і ўвёў дзяўчыну ў кола літаратараў і мастакоў. Іншы абавязковай часткай адукацыі былі навучанне спеву і гульні на музычных інструментах. Любімым інструментам Луізы стала лютня. Але Луіза, што было сапраўды незвычайным для таго часу, разам са старэйшым братам навучалася і мужчынскім заняткам: гімнастыцы, фехтаванню, верхавой яздзе.
У 1555 годзе паэтэса вырашыла выдаць свае сачыненні. Вядомы ліёнскі выдавец Жан дэ Турн выдаў яе кнігу, а ў наступным годзе выдаў яшчэ два выданні.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Louise Labé // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.enciclopedia.cat/ec-gec-0036192.xml