Лявон Мамоніч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мамоніч. Лявон Мамоніч (? — пасля 1625[1]) — кнігадрукар, пісьменнік, паэт-эпіграматыст.
Нарадзіўся ў сям’і Кузьмы Мамоніча — аднаго з заснавальнікаў віленскай друкарні Мамонічаў. 3 1601 па 1623 год выдаваў кнігі ўніяцкага і праваслаўнага кірункаў на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай і лацінскай мовах. Пісаў да ix прадмовы і вершаваныя прысвячэнні[2].
Творчасць
На фарміраванне паэтычных здольнасцей Л. Мамоніча аказалі ўплыў эмблематычныя вершы А. Рымшы[3].
Змясціў вершы «На герб Лукаша Іванавіча Мамоніча» і «На герб яго міласці пан Сімяона Войны» ў «Псальмах Давіда-прарока» (1593) і «Евангеллі тлумачальным» (1595). Пазней стварыў два вершы-панегірыкі на герб Л. Сапегі — «На герб яго міласці пана Льва Сапегі» (1609) і «Эпікграму» (1617), якія размясціў у рэлігійных выданнях «Трыёдзь кветная» (1609) і «Служэбнік» (1617)[1].
Усе эмблематычныя вершы напісаны ў адпаведнасці з тагачаснымі літаратурнымі канонамі. Ва ўступе-зачыне паэт, як правіла, разважае пра высакароднасць, якая, паводле яго азначэння, ёсць найвышэйшай дабрачыннасцю чалавечай душы. Услаўляючы Л. Сапегу, Л. Мамоніч падкрэсліваў, што менавіта высакароднасць, у спалучэнні з справядлівасцю, мужнасцю і патрыятызмам, узвышаюць чалавека, робяць яго патрэбным людзям і надаюць жыццю глыбокі сэнс[4].
У «эпікграмах» Л. Мамоніч звяртаў увагу на сімвалічнае значэнне «месяца» і «зорак». Захапляючыся дабрачыннымі справамі Сімяона Войны, ён імкнуўся падкрэсліць перавагі «зоркі» свайго патрона над «зоркамі» іншых родаў. У вершы «На герб Л. Сапегі» ўжываецца простае азначэнне «крыжа» як «знака пабажнасці». Але ўжо ў іншых «эпікграмах» Л. Мамоніча азначэнне «крыж» на фоне нябеснага ззяння, стварыў вельмі выразны мастацкі малюнак, заснаваны на кантрасце святла і цемры. У панегірыку на герб Л. Сапегі Л. Мамоніч таксама прывёў адметнае азначэнне «крыжа», асновай для якога паслужыла назіранне над крыжападобным цаўём меча. У гэтым спалучэнні «крыж» сімвалізаваў гатоўнасць уладальніка герба да барацьбы з ворагамі хрысціянскай царквы.
Пяру Л. Мамоніча належаць некалькі прадмоваў і прысвячэнняў, у якіх беларускі пісьменнік распрацаваў істотныя праблемы біблійнай герменеўтыкі. Асабліва значная ў гэтым сэнсе «Прадмова» Л. Мамоніча да выдадзенага ім Псалтыра, у якой пісьменнік не толькі падаў характарыстыкі Псалтыра айцамі царквы, але і сфармуляваў уласны погляд на гэты твор. Паводле яго меркавання, кніга псальмаў карысная ў шматлікіх аспектах — яна прапануе праведнае жыццё, сапраўдную мараль, высокія ідэалы. У заканчэнні гэтай «Прадмовы» Л. Мамоніч апублікаваў невялікі, але надзвычай каштоўны тлумачальны слоўнік біблейных тэрмінаў, што яскрава мведчыць пра ягонае глыбокае зацікаўленне праблемамі біблійнай філалогіі.[5].
Зноскі
- 1 2 Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 13. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9
- ↑ Лявон Мамоніч(недаступная спасылка) // Лекарскі Саюз
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 428
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 611
- ↑ Саверчанка, І. Лявон Мамоніч — пісьменнік і кнігадрукар / Іван Саверчанка // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса / Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», Польскі інстытут у Мінску; пад рэдакцыяй С. Запрудскага, А. Фядуты, З. Шыбекі. — Мн.: Лімарыус, 2007. — 439, [3] с. — С. 99. — ISBN 978-985-6740-78-0.
Спасылкі
- На герб Ясневелможного пана, его Милости, пана Лео Сапеги(недаступная спасылка)