Лідзія Койдула
Лі́дзія Ко́йдула (эст.: Lydia Koidula), сапраўднае імя Лідзія Эміліе Фларэнцінэ Я́нсен (эст.: Lydia Emilie Florentine Jannsen; 12 (24) снежня 1843, Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндская губерня — 30 ліпеня (11 жніўня) 1886, Кранштат, Расійская імперыя) — эстонская паэтэса, празаік, заснавальніца эстонскай драматургіі. Мянушку «Койдула» (эст.: «Золкавая») Лідзіі даў пісьменнік Карл Роберт Якабсан. Часта пісьменніцу называюць таксама «Койдулаўлік» — «Спявачка світання».
Біяграфія
Дачка журналіста і асветніка Іагана Вальдэмара Янсена, Лідзія са школьнай пары дапамагала бацьку ў выданні газеты «Пярнускі паштальён» (эст.: «Perno postimees») — рабіла пераклады, адаптавала мастацкія творы і да т. п. У той самы час напісаныя і ейныя першыя вершы, спярша нямецкай мовай.
Менавіта ў газетнай працы Койдула сустракалася са шматлікімі грамадскімі дзеячамі абуджанага ў сярэдзіне XIX стагоддзя нацыянальнага руху, пад іхнім уплывам зарадзіліся ейныя погляды і перакананні. У другой палове 1860-х Койдула стала папулярнай паэтэсай, аўтарам грамадскіх і патрыятычных твораў.
Узяўшы ў 1873 годзе шлюб з урачом Э. Міхельсонам, Койдула была вымушана жыць у Кранштаце, дзе яе муж служыў ваенным лекарам. І хоці Койдула часта наведвала Эстонію, усё ж балюча ўспрымала развітанне з радзімай. Яна заўчасна памерла ў Кранштаце праз хваробу малочнай залозы. На 60-я ўгодкі смерці яе прах быў перавезены ў Эстонію і перапахаваны на талінскіх могілках Мецакальмісту.
Творчасць
У гісторыі эстонскай літаратуры Койдула пакінула заўважны след найперш у паэзіі. Ейная патрыятычная лірыка апынулася ў найвышэйшай ступені актуальнай для абуджэння эстонскага народа, і Койдулу як выказніцу народных пачуццяў сталі называць «Салавей з берагоў Эмайыгі» (эст.: Emajõe ööbik) (так зваўся зборнік яе вершаў 1867 года). Большасць яе твораў носіць рамантычны характар: палкае спачуванне бедам і крыўдам эстонскага народа, любоў да радзімы і хаты, памкненне неяк дапамагчы сваім суайчыннікам і палегчыць іх лёс.
У кранштацкі перыяд у паэзіі Койдулы пераважаюць элегічныя вершы, прыродная і любоўная лірыка. Рупліва працуючы над тэхнікай вершу, яна пракладала дарогу паэтам наступных пакаленняў. Да асноўных пераваг паэзіі Койдулы адносяцца яскравасць і эмацыйнасць.
Койдула працавала і ў прозе, збольшага для газет — прыстасоўвала творы іншых аўтараў для эстонскага чытача, рабіла адвольныя пераклады.
Новае слова Койдула прамовіла і ў эстонскай драматургіі: першая камедыя «Пляменнік з Саарэмаа» (эст.: Saaremaa onupoeg, 1870) была напісаная па сюжэце нямецкага драматурга Т. Кернера, аднак ужо наступныя камедыі Койдулы былі цалкам аўтэнтычныя — «Сватушкі» (па-эстонску: Kosjakased або Maret ja Miina, 1870) і «Гэткі мульк, або Сто вак солі» (па-эстонску: Säärane mulk, 1872). З камедый Койдулы пачаў сваё існаванне эстонскі тэатр.
Памяць
Кароткае, пладавітае і поўнае драматызму жыццё Койдулы, яе папулярнасць сярод чытачоў свайго часу, яе месца ў эстонскім грамадстве, нязвыклае для жанчыны ў XIX стагоддзі, актыўны ўдзел ва ўсіх культурных пачынаннях паступова ператварылі імя Койдулы ў легенду. Ёй і яе сям’і прысвечаныя некалькі літаратурных твораў — «Гадзіна на крэсле, якое круціцца» Яана Кроса, «Гадзіна духаў на вуліцы Янсена» М. Унта, «Вірускі спявак і Койдула» А. Ундла-Пылдмяэ, «Той вясною ў Тарту» Т. Тувікесе і інш.; ёй прысвечаныя дзясяткі вершаў вядомых эстонскіх паэтаў; на словы яе вершаў складзена мноства песень.
У Пярну дзейнічае мемарыяльны музей і адкрыты помнік Койдуле. На сцяне хаты, дзе Лідзія Койдула жыла ў Кранштаце, усталяваная мемарыяльная дошка[3].
Цікавосткі
- На словы аднаго з вершаў Лідзіі Койдулы «Мая айчына — маё каханне» (эст.: “Mu Isamaa on minu arm”) эстонскі кампазітар Густаў Эрнесакс (эст.: Gustav Ernesaks) напісаў музыку. Гэтая песня стала неафіцыйным гімнам Эстоніі.
- На банкноце 100 эстонскіх кронаў з аднаго боку была выяўленая Лідзія Койдула з салаўём, з іншага напісаны куплет з яе вершу.
Silla otsad ühendatud,
Kandes ühte isamaad,
Tõe templiks pühendatud…
Nägu — millal tõeks saad?!
Эстонская 100-кронавая банкнота | |
---|---|
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Койдула Лидия // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Койдула(Koidula) Лидия(Янзен Лидия Эмилие Флорентине) (руск.) . Праверана 24 лютага 2013.
Літаратура
- «Кто есть Кто в культуре Эстонии», состав и подготовка текста «Авенариус» 1996 г.