Макаранічны верш
Макарані́чны верш (італ.: poesia maccheronica, ад maccheroni — макароны) — від жартоўнага ці сатырычнага верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфалагічным законам роднай мовы паэта. Такі верш разлічаны на чытача, які ведае значэнне ўведзеных у верш замежных словаў і выразаў і можа ў поўнай меры спасцігнуць камічны эфект ад іх перайначвання, ад суседства з іншамоўнай лексікай. Макаранічныя вершы ўзніклі ў глыбокай старажытнасці, калі асобныя рымскія паэты перамяшалі сваю мову з грэчаскімі словамі. Аснова для з’яўлення макаранічных вершаў у беларускай паэзіі была яшчэ ў часы Сярэднявечча, калі на Беларусі шырока ўжываліся лацінская, стараславянская і польская мовы. Аднак найбольш раннія з такіх твораў — вершы «Плач пакінутага каханай» і «За пекнай паненкай аж душа сумуе» — датуюцца толькі канцом XVIII — пачаткам XIX ст. У іх высмейвалася «пальшчызна» засцянковай шляхты.
Гл. таксама
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.