Манфрэд Стараста
Манфрэд Стараста (н.-луж.: Manfred Starosta, 20 чэрвеня 1941, вёска Яншойцы, Ніжняя Лужыца, Германія) — ніжнялужыцкі філолаг, сарабіст і перакладчык. Аўтар «Ніжнялужыцка-нямецкага слоўніка» (Dolnoserbsko-nimski słownik), які называецца яго імем («Слоўнік Старасты»). Член Ніжнялужыцкай моўнай камісіі[1]. Лаўрэат нацыянальнай сербалужыцкай прэміі імя Якуба Чышынскага (2001)[2].
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1941 годзе ў ніжнялужыцкай вёсцы Яншойцы. Яго бацька загінуў падчас Другой сусветнай вайны ў Расіі.
У 1956 годзе пасля атрымання няпоўнай сярэдняй адукацыі працягнуў сваё навучанне ў Вышэйшай сербалужыцкай школе (у наш час — Ніжнялужыцкая гімназія) у Котбусе, якую скончыў у 1960 годзе. Вывучаў славістыку, грамадазнаўства і сацыялогію ў Лейпцыгскім універсітэце. З 1965 па 1966 гады — студэнт Пазнаньскага ўніверсітэта. У 1966—1968 гадах вывучаў у Лейпцыгу рускую мову.
З 1968 года па 1992 гады — супрацоўнік Сербалужыцкага інстытута сербалужыцкага народазнаўства (сёння — Сербалужыцкі інстытут). З 1992 па 2006 гады — навуковы супрацоўнік Сербалужыцкага дома ў Котбусе. Вывучаў ніжнялужыцкую лексікаграфію, тэрміналогію, граматыку і арфаграфію.
Займаўся складаннем «Ніжнялужыцка-нямецкага слоўніка», які выйшаў у 1999 годзе ў выдавецтве «Домавіна». Слоўнік змяшчае каля 45 тысяч слоў. Кіраваў складаннем анлайн-слоўніка «Nimsko-dolnoserbski słownik — DNW», якім акрамя яго таксама займаліся Гаўке Бартэльс і Эрвін Гануш. Першапачатковая версія ў 20 тысяч слоў была пашырана да 40 тысяч у 2004 годзе, да 60 тысяч у 2007 годзе і да 80 тысяч слоў у 2015 годзе[3].
У 2001 годзе ўдастоены нацыянальнай прэміі імя Якуба Чышынскага «за яго лінгвістычныя даследаванні і захаванне мовы».
У 2005 годзе выйшаў на пенсію.
Асноўныя навуковыя сачыненні
- Dolnoserbska ortografija a interpunkcija. Pšawidła, 1976
- Niedersorbische Orthographie und Interpunktion, 1977
- Dolnoserbsko-němski słownik. Šulski słownik dolnoserbskeje rěcy. Budyšyn, 1985
- Niedersorbisch — schnell und intensive, у двух тамах, 1991, 1992
- Dolnoserbsko-nimski słownik, 1999
- Nimsko-dolnoserbski słownik (DNW)
Зноскі
- ↑ Dolnoserbska rěcna komisija: Pśedsedarstwo a cłonki
- ↑ Der Ćišinski-Preis Архівавана 21 студзеня 2019.
- ↑ Nimsko-dolnoserbski słownik (DNW) — śišćana a internetowa wersija
Спасылкі
- Біяграфічныя звесткі і інфармацыя аб навуковай дзейнасці на сайце Сербалужыцкага інстытута
- Бібліяграфія