Марк Порцый Катон Старэйшы
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Катон. .mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}
Марк Порцый Като́н («Старэйшы», «Цэнзар» ці «Цэнзорый»; лац.: Marcus Porcius Cato Maior (Censor, Censorius); 234 да н.э. — 149 да н.э.) — старажытнарымскі палітычны дзеяч, пісьменнік, інаватар у рымскай літаратуры і кансерватар у палітыцы.
Біяграфія
Катон нарадзіўся ў 234 годзе да н. э.[7] ў старажытным рымскім муніцыпіі Тускул у малавядомай плебейскай сям’і Порцыяў. Паводле этнічнага паходжання розныя даследчыкі адносяць Катона да лацінаў, сабінаў ці этрускаў.
У 217 ці 216 годзе да н. э., хутка пасля пачатку Другой Пунічнай вайны, малады Катон паступіў на службу ў рымскую армію. У 214 годзе да н. э. ён заняў пасаду вайсковага трыбуна, хаця звычайна на яе прызначалі вайскоўцаў з большым вопытам. У 205 ці 204 годзе да н. э. Катон быў абраны квестарам і дапамагаў консулу Публію Сцыпіёну рыхтавацца да дэсанта з Сіцыліі ў Афрыку. Аднак паміж імі не было паразумення: Катон абвінаваціў Сцыпіёна ў заняпадзе дысцыпліны ў легіянераў. У наступных аперацыях Катон, хутчэй за ўсё, не ўдзельнічаў. У апошні год Другой Пунічнай вайны Катон быў на Сардзініі, адкуль ён вярнуўся ў Рым з паэтам Эніям[8].
Пасля заканчэння вайны Катона абралі плебейскім эдылам на 199 год да н. э., а пасля — прэтарам на 198 год да н. э. У якасці прэтара ён кіраваў Сардзініяй, і сваёй сумленнасцю дамогся павагі мясцовых жыхароў. Кар’ерныя поспехі маладога рымляніна з малавядомай сям’і тлумачацца сувязямі з арысткратычным патрыцыянскім родам Валерыяў Флакаў. Разам з прадстаўніком апошніх, Луцыям Валерыем Флакам, Катон у 195 годзе да н. э. быў консулам. Свой кансулат Марк правёў на Пірэнейскам паўвостраве, дзе ён кіраваў правінцыяй Блізкая Іспанія. Катон узначаліў войска і падавіў паўстанне іберыйскіх плямёнаў[9]. За перамогі ў Іспаніі сенат дазволіў Катону правесці трыумф. У 191 годзе да н. э. Катон удзельнічаў у Сірыйскай вайне і адыграў вырашальную ролю ў бітве пад Фермапіламі.
Узвышэнне Катона было звязана не толькі з дапамогай Валерыяў Флакаў, але і з яго вострымі публічнымі прамовамі. Ён асуджаў раскошу арыстакратыі і заганы сучаснага яму грамадства. Менавіта з-за праграмы барацьбы з заганамі Катона абралі цэнзарам на 184 год да н. э. Новы цэнзар адразу правёў агляд сената і выключыў некалькіх арыстакратаў. Падчас агляду саслоўя вершнікаў Катон выключыў шэраг прыхільнікаў Сцыпіёна. Для барацьбы з раскошай Марк увёў вялікі падатак на адзенне, жаночыя ўпрыгожванні і іншыя прадметы[10]. Падтрымцы дзяржаўнага скарба быў прысвечаны перагляд дзяржаўных кантрактаў, а таксама павелічэнне ўзносаў публіканаў (адкупшчыкаў). Катон таксама змагаўся з незаконнымі будоўлямі на дзяржаўнай зямлі і выкарыстаннем дзяржаўных акведукаў для асабістых патрэбаў.
У старасці Катона накіравалі з пасольствам у Карфаген. Пасля вяртання ён пачаў пераконваць сенат у неабходнасці новай вайны з Карфагенам да поўнага яго знішчэння. Добра вядомы яго словы, якія ён дадаваў да кожнай сваёй прамовы: Ceterum censeo Carthaginem esse delendam[11] — «Акрамя таго, я лічу, што Карфаген мусіць быць разбураны».
З-за актыўнай пазіцыі Катона і яго барацьбы з вядомымі сем’ямі яго прыцягвалі да суда 44 разы, але не здолелі асудзіць.
Літаратурная дзейнасць
Вядома дзевяць асобных твораў і зборнікаў, якія напісаў Катон:
- Трактат «Земляробства», іншая назва — «Пра сельскую гаспадарку» (лац.: De agri cultura ці De re rustica);
- Гістарычны нарыс «Пачаткі» (лац.: Origines);
- Зборнік прамоў Катона, зробленых ім падчас палітычнай кар’еры;
- Энцыклапедычны твор, напісаны для сына, мяркуемая назва — «Да сына» ці «Да сына Марка» (лац.: Ad filium ці Ad Marcum filium);
- «Паэма пра норавы» (лац.: Carmen de moribus);
- Лячэбнік;
- «Пра вайсковую справу» (лац.: De re militari);
- Твор па праву (магчыма, не яго аўтарства);
- Зборнік выказванняў.
Апошнія шэсць твораў захаваліся ў невялікіх фрагментах, «Пачаткі» і зборнік прамоў захаваліся ў значных фрагментах, «Земляробства» захавалася цалкам (гэта найранейшы прыклад лацінскай прозы).
Сям’я
Першая жонка — Ліцынія. Вядомы адзіны сын, Марк, які быў перспектыўным юрыстам, але памёр хутка пасля абрання ў прэтары. Другім шлюбам ён ажаніўся ўжо старым (яму было каля 80-ці) з 15-гадовай Салоніяй. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у іх нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Маркам. Па гэтай лініі праўнукам Катона был Марк Порцый Катон, вядомы як «Малодшы».
Зноскі
- 1 2 Любкер Ф. Porcii // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 1090–1092.
- ↑ В. Модестов Катон Старший // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XIVа. — С. 749–750.
- 1 2 И. Шитц Катон Старший // Энциклопедический словарь Гранат — 7 — Александр Наумович Гранат, 1910. — Т. 23.
- ↑ Perseus Project — 1987. Праверана 3 верасня 2019.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118519697 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 2 сакавіка 2015.
- ↑ Любкер Ф. Salonii // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 1182.
- ↑ Паводле сведчанняў Плутарха і Ціта Лівія яго нараджэнне адносяць да 239 года да н. э., але ў сучаснай гістарыяграфіі лічыцца, што гэтыя аўтары памыліліся.
- ↑ Некаторыя даследчыкі адносяць запрашэнне Энія да прэтуры.
- ↑ Па іншай версіі, паўстанне справакаваў якраз занадта жорсткі ў кіраванні Катон.
- ↑ Падрабязнасці механізма спагнання налога невядомыя.
- ↑ Існуюць розныя варыянты гэтай фразы.
Літаратура
- Альбрехт М. фон. История римской литературы: В 3-х томах. / Пер. с нем.. — М., 2003. — Т. 1. — С. 435—451.
- Грабарь-Пассек М. Е. Катон // История римской литературы / Под ред. С. И. Соболевского, М. Е. Грабарь-Пассек, Ф. А. Петровского. — М.: Изд-во АН СССР, 1959. — Т. 1. — С. 135—149.
- Квашнин В. А. Государственная и правовая деятельность Марка Порция Катона Старшего. — Вологда: Русь, 2004. — 132 с.
- Трухина Н. Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики. — М.: МГУ, 1986. — 188 с.
- Astin A. Cato the Censor. — Oxford: Clarendon Press, 1978. — 392 p.
- Corte F. della. Catone Censore: La vita e la fortuna. — Torino: Rosenberg & Sellier, 1949. — 190 p.
- Kienast D. Cato der Zensor. Seine Persönlichkeit und seine Zeit. — Heidelberg: Quelle & Meyer, 1954. — 170 S.