Марка Пола
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Пола. Марка Пола (італ.: Marco Polo; каля 1254, паводле адной версіі Венецыя, паводле іншай Курзола, цяпер Корчула ў Харватыі — 8 студзеня 1324, Венецыя) — італьянскі вандроўнік і пісьменнік. Марка Пола першым найбольш падрабязна апісаў невядомую тагачасным еўрапейцам Азію — дзяржавы і народы, якія жылі там — у сваёй вядомай «Кнізе пра разнастайнасць свету». Нягледзячы на сумненні ў дакладнасці фактаў, выкладзеных у гэтай кнізе, якія выказваліся ад моманту яе з’яўлення і да цяперашняга часу, яна служыць каштоўнай крыніцай па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі Арменіі, Ірана, Кітая, Манголіі, Індыі, Інданезіі і іншых краін у сярэднявеччы. Гэтая кніга значна паўплывала на мараплаўцаў, картографаў і пісьменнікаў XIV—XVI стагоддзяў. У прыватнасці, асобнік гэтай кнігі быў на караблі Хрыстафора Калумба падчас яго пошукаў шляху да Індыі; за падлікамі даследчыкаў, Калумб зрабіў у ёй 70 паметак[4].
Паходжанне
Лічыцца, што Марк Пола нарадзіўся ў сям’і венецыянскага купца Нікола Пола, сям’я якога займалася гандлем ювелірнымі вырабамі і вострымі прыправамі. Звестак пра нараджэнне Марка Пола не захавалася, таму традыцыйная версія пра яго нараджэнне ў Венецыі была аспрэчана ў XIX ст. харвацкімі даследчыкамі, якія сцвярджаюць, што першыя згадкі знаходжання сям’і Пола ў Венецыі адносяцца да 2-й паловы XIII ст., дзе на іх спасылаюцца як на Poli di Dalmazia, тым часам, аж да 1430 года сям’я Пола валодала домам у Корчула (цяпер у Харватыі)[5].
Апроч таго, ёсць непрызнаная большасцю даследчыкаў версія, паводле якой Марка Пола быў палякам. Слова «пола» на тытульным лісце першага выдання яго кнігі напісана з маленькай літары, што быццам паказвае не на прозвішча, а хутчэй на нацыянальнасць[4], а прозвішча ідзе далей. Але справа ў тым, што тэкст напісаны вакол ілюстрацыі, і прозвішча, якое не змясцілася на гарызантальным радку побач з імем, перайшло на вертыкальны радок і візуальна не ўспрымаецца, хоць напісана з вялікай літары. У гэтым можна ўпэўніцца, разгледзеўшы фота тытульнага ліста[6] з тэкстам «Dast ist der edel Ritter. Marcho polo von Veneding…» — «Гэта — высакародны рыцар. Марк паляк фон Венэдзіг…». Падарожнік Бенедыкт Паляк сапраўды існаваў, да Марка Пола ён суправаджаў Джавані дэ Плана Карпіні ў Мангольскую імперыю і склаў кароткую хроніку «Пра падарожжа братоў меншых да татараў».
Першае падарожжа бацькі і дзядзькі Марка Пола
Венецыянскія купцы, якія дасягнулі ў XIII ст. гандлёвай магутнасці на Міжземным моры, не засталіся раўнадушнымі да даследаванняў, якія пачалі смелыя вандроўнікі ў Цэнтральнай Азіі, Індыі і Кітаі. Яны разумелі, што гэтыя падарожжы адкрыюць перад імі новыя рынкі збыту і што гандаль з Усходам абяцае значныя выгоды. Такім чынам, патрэбы гандлю мусілі прывесці да даследавання новых краін. Менавіта з гэтай прычыны два буйных венецыянскіх гандляры распачалі падарожжа ва Усходнюю Азію.
У 1260 годзе Нікола, бацька Марка, разам са сваім братам Мафеа адправіліся ў Крым (у Судак), дзе ў іх брата, якога таксама звалі Марка, быў свой гандлёвы дом. Далей, яны пайшлі па тым жа маршруце, што і Гільём дэ Рубрук у 1253 годзе. Правялі год у Сарай-Бату і пайшлі далей да Бухары. З-за небяспекі ваенных дзеянняў, якія вёў хан Берке (брат Батыя) у гэтым рэгіёне, браты Пола былі вымушаны адкласці вяртанне дамоў. Будучы ў Бухары тры гады і не маючы магчымасці вярнуцца дамоў, яны далучыліся да персідскага каравана, які паслаў хан Хулагу ў Ханбалык (сучасны Пекін) да свайго брата, мангольскага хана Хубілая, які да таго часу практычна завяршыў разгром кітайскай дынастыі Сун і неўзабаве стаў аднаасобным уладаром Мангольскай імперыі і Кітая.
Узімку 1266 года браты дасягнулі Пекіна і былі прыняты Хубілаем, які паводле слоў братоў, даў ім залатую пайцзу для вольнага шляху назад і папрасіў іх перадаць вестку да Папы Рымскага з просьбай даслаць яму алею з труны Хрыста ў Іерусаліме і прапаведнікаў хрысціянства. Разам з братамі паехаў у Ватыкан і мангольскі пасол, але падчас падарожжа ён захварэў і адстаў. Падчас падарожжа Нікола даведаўся пра смерць сваёй жонкі і нараджэнне свайго сына Марка, якое адбылося праз некалькі дзён пасля яго адбыцця, у 1254 годзе. Прыехаўшы да Венецыі ў 1269 годзе, браты даведаліся пра смерць Папы Клімента IV і пра тое, што новага Папу яшчэ не абралі. Жадаючы хутчэй выканаць даручэнне, яны вырашылі не чакаць абрання новага Папы, і ў 1271 годзе адправіліся ў Іерусалім, узяўшы з сабою Марка.
Падарожжа Марка Пола
Жыццё ў Кітаі
Першым кітайскім горадам, якога ў 1275 годзе дасягнула сям’я Пола, быў Шачжа (сучасны Дуньхуан). У тым жа годзе яны дабраліся да летняй рэзідэнцыі Хубілая ў Шанду (у сучаснай правінцыі Ганьсу). Паводле слоў Пола, хан быў ад яго ў захапленні, даваў разнастайныя даручэнні, не дазваляў яму вяртацца ў Венецыю і нават на працягу трох гадоў трымаў яго губернатарам горада Янчжоў (Глава CXLIV, Кніга 2). Акрамя таго, сям’я Пола (згодна са сцвярджэннямі кнігі) удзельнічала ў развіцці арміі хана і навучыла яго выкарыстоўваць катапульты падчас аблогі крэпасцяў[7].
Апісанне жыцця Марка Пола ў Кітаі рэдка ідзе храналагічным парадкам, што стварае праблему ў вызначэнні дакладнага шляха яго падарожжаў, але яго апісанне дастаткова дакладнае геаграфічна, яно дае арыентацыю паводле бакоў свету і адлегласцей у тэрмінах дзён маршрута: «На поўдень ад Паншына праз адзін дзень падарожжа вялікі і знатны горад Каіу». Акрамя таго Пола апісвае паўсядзённае жыццё кітайцаў, згадвае выкарыстанне бумажных грошай, тыповыя рамёствы і кулінарныя традыцыі розных рэгіёнаў. Ён прабыў у Кітаі 17 гадоў.
Вяртанне ў Венецыю
Хубілай шмат разоў адхіляў просьбу Марка адпусціць яго дамоў. Толькі ў 1291 годзе хан даверыў Пола апошняе даручэнне: суправаджаць мангольскую прынцэсу Каэкцын (Кокацын у кнізе), якая была выдадзена ў жонкі персідскаму хану Аргуну. яны падарожнічалі на караблях, плывучы міма Суматры, Шры-Ланкі, Індыі да Персіі.
У 1293 ці 1294 годзе сям’я Пола дасягнула Персіі ўжо пасля смерці Аргун-хана, і пакінулі Каэкцын новаму ўладару Персіі. Пасля гэтага сям’я Пола накіравалася ў Трабзон і адтуль адплыла ў Венецыю. Каэкцын затым стала галоўнай жонкай персідскага хана Газана.
Жыццё ў Венецыі пасля вяртання
Вельмі няшмат вядома аб яго жыцці пасля вяртання з Кітая. Згодна з асобнымі дадзенымі[8], удзельнічаў у вайне з Генуей. Каля 1298 года Пола апынуўся ў палоне у генуэзцаў, дзе знаходзіўся да мая 1299. Яго апавяданні аб падарожжах былі запісаныя яшчэ адным вязнем, Русцікела (Русцічана)[8], які таксама займаўся напісаннем рыцарскіх раманаў. Згодна з аднымі дадзенымі, тэкст дыктаваўся на венецкім дыялекце, згодна з іншымі — ён быў запісаны на старафранцузскай мове, з устаўкамі на італьянскай[9]. Але ў сувязі з тым, што арыгінальны манускрыпт не захаваўся, сказаць, як было на самой справе — немагчыма.
Пасля вызвалення з генуэзскага палону ён вярнуўся ў Венецыю, ажаніўся і ад гэтага шлюбу ў яго былі тры дачкі (дзве былі выдадзеныя за купцоў з Далмацыі, што, паводле меркаванняў асобных даследчыкаў, пацвярджае гіпотэзу пра харвацкае паходжанне, але сама жонка была з вядомага венецыянскага роду, што хучэй гаворыць аб сталых сувязях сям’і Пола ў Венецыі). У яго таксама быў дом на скрыжаванні вуліц Rio di SanGiovanni Crisostomo і Rio di San Lio. Ёсць дакументы аб тым, што ён удзельнічаў у двух нязначных судовых працэсах.
У 1324 годзе, ужо хворым чалавекам, Пола напісаў сваё завяшчанне, у якім згадвалася залатая пайцза, атрыманая ад татарскага хана (ён атрымаў яе ад дзядзькі Мафеа, які запаведваў яе Марка ў 1310 годзе). У тым жа 1324 годзе Марка памёр і быў пахаваны ў царкве Сан Ларэнца. У 1596 годзе яго дом (дзе, згодна з паданнем, знаходзіліся рэчы, прывезеныя ім з кітайскага падарожжа) згарэў. Царква, ў якой ён быў пахаваны, у ХІХ стагоддзі была знесена.
Даследчыкі аб кнізе
Кніга Марка Пола з’яўляецца адным з самых папулярных аб’ектаў гістарычных даследванняў. Бібліяграфія, складзеная ў 1986 годзе, складаецца з 2300 навуковых прац толькі на еўрапейскіх мовах[10].
З самага моманту яго вяртання ў горад гісторыі з паездкі успрымаліся з недаверам. Гісторык Пітар Джэксан у якасці адной з падстаў для недавера згадвае нежаданне прыняць яго апісанне добра арганізаванай і гасціннай Мангольскай імперыі, якое супярэчыла традыцыйнаму заходняму ўяўленню аб варварах[11]. У сваю чаргу, ў 1996 годзе Франсіс Вуд, куратар кітайскай калекцыі Брытанскага Музея, напісала папулярную кнігу, у якой выказала сумненні ў самім факце падарожжа Марка Пола ў Кітай, мяркуючы, што венецыянец не падарожнічаў далей за мяжу Малой Азіі і Чорнага мора, а проста выкарыстоўваў вядомыя яму апісанні падарожжаў персідскіх купцоў[12]. Напрыклад, у сваёй кнізе Марка Пола піша, што дапамагаў манголам падчас асады сунскай базы ў Сан’яне, але асада гэтай базы скончылася ў 1273 годзе, гэта значыць, за два гады да яго прыезда ў Кітай. У яго кнізе таксама маюцца і іншыя недахопы, якія выклікаюць пытанні даследчыкаў.
Папярэднія кантакты з Кітаем
Адным з міфаў, якія склаліся вакол гэтай кнігі, з’яўляецца ўяўленне аб падарожжы Пола як аб першым кантакце паміж Еўропай і Кітаем. Нават не ўлічваючы меркаванне аб кантактах паміж Рымскай імперыяй і дынастыяй Хань, мангольскія заваёвы ХІІІ стагоддзя палегчылі маршрут паміж Еўропай і Азіяй (бо ён цяпер праходзіў па тэрыторыі адной дзяржавы).
У архівах Хубілая ад 1261 года ёсць спасылка на Краіны паўночнага сонца, верагодна, на скандынаўскія ці наўгародскія[11]. Падчас свайго першага падарожжа Нікола і Мафеа Пола ішлі па таму ж маршруту, што і Гійом дэ Рубрук, які быў пасланы папай Інакенціям IV, дайшоў да тагачаснай мангольскай сталіцы Каракарума і вярнуўся ў 1255 годзе. Апісанне яго маршрута было вядома ў сярэднявечнай Еўропе і магчыма аб ім маглі ведаць браты Пола падчас свайго першага падарожжа.
Падчас знаходжання Пола ў Кітаі ў Еўропу прыехаў ураджэнец Пекіна Рабан Саума, а місіянер Джавані Монтэкарвіна, наадварот, накіраваўся ў Кітай. Апублікаваны ў 1997 годзе Дэвідам Сэлбурнам тэкст італьянскага яўрэя Якава з Анконы, які нібыта наведаў Кітай ў 1270—1271 г. незадоўга да Пола, згодна з меракаваннем большасці гебраістаў і кітаістаў, з’яўляецца містыфікацыяй.
У адрозненні ад папярэдніх падарожнікаў, Марка Пола стварыў кнігу, якая набыла вялікую папулярнасць і супернічала па поспеху ў публікі з фантастычным вандроўка Джона Мандэвіла (правобразам якога стаў Адарыка Пардэронэ).
Версіі кнігі
Мала вядома пра ступень пісьменнасці Марка Пола. Верагодней за ўсё, ён мог весці камерцыйныя запісы, але невядома, ці мог ён напісаць кнігу. Ёсць меркаванне, што тэкст кнігі быў прадыктаваны ім Русцічэла, верагодна, на яго роднай венецкай мове, ці на латыні, але запісваць Русцічэла мог і на французскай, на якой ён пісаў раманы. Працэс напісання кнігі мог істотна адлюстравацца і на дакладнасці, і на паўнаце яе зместу: Марка выключаў са свайго апавядання тыя ўспаміны, якія не з’яўляліся цікавымі для яго самога як для купца (ці былі для яго відавочнымі), а Русцічэла мог не згадваць ці інтэрпрэтаваць згодна са сваім меркаваннем тыя ўспаміны, якія не ўяўлялі цікаўнасці ўжо для яго. Магчыма таксама дапусціць, што Русцічэла меў адносіны толькі да некаторых з чатырох кніг, а Пола мог мець і іншых «сааўтараў»[9]/
У хуткім часе пасля свайго з’яўлення кніга была перакладзена на венецкую, лацінскую (розныя пераклады з венецкай і французскай версій), назад на французскую мову з лацінскай версіі. Падчас пераклада і перапісвання кнігі змяняліся, дадаваліся ці выдаляліся фрагменты тэксту. Самы старажытны з манускрыптаў, якія захаваліся (Манускрыпт F), істотна карацейшы за іншых, але тэксталагічныя дадзеныя прымушаюць меркаваць, што іншыя манускрыпты заснаваны на больш поўных арыгінальных тэкстах[9].
Фрагменты, якія выклікаюць сумненні
Істотныя змоўчанні
Франсіс Вуд адзначае, што ні іерогліфы, ні кнігадрукаванне, ні чай, ні фарфор, ні практыка бінтавання ног жанчын, ні Вялікая Кітайская сцяна ў кнізе Марка Пола не згаданы. Аргументы, якія выстаўляюць прыхільнікі аўтэнтычнасці вандроўкі, заснаваныя на асаблівасцях працэсу стварэння кнігі і мэты Пола ў перадачы сваіх успамінаў.
Пола велаў персідскую мову (мову міжнароднай камунікацыі таго часу), калі жыў у Кітаі, вывучыў мангольскую (мову кіравання ў Кітаі таго часу), але не меў патрэбы вывучаць кітайскую. Як член мангольскай адміністрацыі, ён жыў у аддаленні ад кітайскага грамадства (якое згодна з яго сведчаннем адмоўна ставілася да еўрапейскіх варвараў), мала сутыкаўся з яго паўсядзённым жыццём і не меў магчымасці назіраць шматлікія традыцыі, відавочныя толькі ў дамашняй гаспадарцы.[13]
Для чалавека, які не атрымаў сістэматычнай адукацыі і быў далёкім ад літаратуры, мясцовыя кнігі ўяўлялі «кітайскую грамату», але Пола падрабязна апісвае вытворчасць папяровых грошаў, якая мала адрозніваецца ад кнігадрукавання.[13]
Чай быў у тыя часы добра вядомы ў Персіі, таму не ўяўляў цікаўнасці для аўтара, падобным чынам ён не згадваецца ў арабскіх і персідскіх апісаннях таго часу.
Фарфор быў коратка згаданы ў кнізе[13]. Што тычыцца бінтавання ног, то ў адным з манускрыптаў (Z) ёсць згадка аб тым, што кітайскія жанчыны ходзяць вельмі маленькімі крокамі, але яно не тлумачыца падрабязней.[11]
Вялікая сцяна ў тым выглядзе, у якім мы ведаем яе цяпер, была пабудавана ў часы дынастыі Мін. У часы Марка Пола гэта былі большай часткай земляныя ўмацаванні, якія не ўтваралі сабой суцэльную сцяну, а былі абмежаваны найбольш прыступнымі у ваенных адносінах участкамі. Для венецыянца умацаванні такога кшталту не маглі быць цікавымі.
Недакладныя апісанні
У апісаннях Марка Пола ёсць шмат недакладнасцей. Гэта тычыцца назваў асобных гарадоў і правінцый, іх узаемнага месцазнаходжання, а таксама апісання аб’ектаў у гэтых гарадах. Знакамітым прыкладам з’яўляецца апісанне моста ў Пекіне (які зараз носіць імя Марка Пола), які насамрэч мае ў два разы менш арак, чым апісана ў кнізе.[12]
У абарону Марка Пола можна сказаць, што апісанне рабілася ім па памяці, ён валодаў персідскай мовай і выкарыстоўваў персідскія назвы, якія таксама былі непаслядоўнымі ў перадачы кітайскіх назваў. Асобныя недакладнасці ўносіліся падчас пераклада ці перапісвання кнігі, таму асобныя манускрыпты больш дакладныя, чым іншыя. Акрамя таго, ў шматлікіх выпадках Пола сапраўды выкарыстоўваў інфармацыю, якую атрымліваў ад іншых (асабліва падчас апісання гістарычных ці фантастычных падзей, якія адбыліся да яго падарожжа). Але такога кшталту памылкі сустракаюцца і ў шмат якіх іншых сучасных яму апісаннях, аўтары якіх не могуць быць абвінавачаны ў тым, што не знаходзіліся ў тым месцы ў той час.[13].
Роль пры двары
Гонар, аказаны Хубілаем маладому Пола, прызначэнне яго губернатарам Янчжоў, ці адсутнасць кітайскіх ці мангольскіх запісаў аб знаходжанні купцоў у Кітаі, паводле меркавання Франсіс Вуд, выглядае недакладна. У якасці доказу знаходжання Пола ў Кітаі згадваецца, напрыклад, адзіная спасылка да 1271 года, у якой Пагба-лама, блізкі саветнік Хубілая, згадвае ў сваім дзённіку іншаземца, які знаходзіцца ў сяброўскіх адносінах з ханам[14], але ў ёй не азначаны ні імя, ні нацыянальнасць, ні срок знаходжання гэтага іншаземца ў Кітаі.
Але ў сваёй кнізе Пола дэманструе такую дасведчанасць аб падзеях пры двары хана, якую цяжка набыць без набліжэння да двара.[11] Так, у Главе LXXXV (Аб здрадніцкай эадуме ўзбунаваць горад Камалу) ён, падкрэсліўшы сваю асабістую прысутнасць падчас падзей, апісвае разнастайныя злоўжыванні міністра Ахмада і абставіны яго забойства, называючы імя забойцы (Ванчжу), што дакладна адпавядае кітайскім крыніцам.
Гэты эпізод асабліва важны таму, што кітайская дынастыйная хроніка Юань-шы згадвае імя По-Ло як чалавека, які уваходзіў у склад камісіі па раследаванню забойства і вылучыўся тым, што шчыра распавёў імператару аб злоўжываннях Ахмада[15]
Распаўсюджанай практыкай было выкарыстанне кітайскіх мянушак для іншаземцаў, у сувязі з чым складана знайсці згадванне імя Пола ў іншых кітайскіх крыніцах. Шматлікія еўрапейцы, якія афіцыйна былі ў сталіцы імперыі манголаў у той час, напрыклад Гільём дэ Рубрук, увогуле не згадваюцца ў кітайскіх летапісах.[13]
Вяртанне з Кітая
Апісанне зваротнага падарожжа з’яўляецца самым пераканаўчым доказам таго, што сям’я Пола сапраўды была ў Кітаі і находзілася ў дастаткова сяброўскіх адносінах з дваром хана. Пола ў сваёй кнізе дастаткова падрабязна апісвае падрыхтоўку паездкі, маршрут і колькасць удзельнікаў, якія падцвярджаюцца кітайскімі архіўнымі запісамі. Ён таксама прыводзіць імёны трох паслоў, два з якіх па дарозе ў Армузд загінулі, і імёны якіх не былі вядомы за межамі Кітая[13]
Ацэнка кнігі сучаснымі даследчыкамі
Большасць з сучасных даследчыкаў не прымаюць меркаванне Франсіс Вуд аб поўнай фабрыкацыі ўсяго падарожжа, лічачы гэта бяздоказнай спробай зарабіць на сенсацыі.[11]
Больш прадуктыўным (і агульнапрынятым) пунктам гледжання з’яўляецца погляд на гэтую кнігу як на крыніцу запісаў гандляра аб месцах для куплі тавараў, маршрутах іх прасоўвання і абставінах жыцця ў гэтых краінах. Нават дадзеныя, атрыманыя з іншых рук у гэтым падарожжы (напрыклад, аб падарожжы ў Расію), даволі дакладныя, большасць іншых дадзеных аб геаграфіі Кітая і іншых краін уздоўж маршрута таксама добра ўзгадняюцца з сучаснымі ведамі аб гісторыі і геаграфіі Кітая. У сваю чаргу, гэтыя запісы гандляра былі дапоўнены цікавымі для шырокай публікі фрагментамі аб жыцці і экзатычных краінах.[9]
Магчыма, роля Марка Пола ў яго кнізе была вельмі перабольшана, але гэтая памылка можа быць прыпісана выхваленню аўтара, упрыгажэнствам перапісчыкаў, ці праблемам перакладчыкаў, у выніку якіх роля саветніка магла пераўтварыцца ў пост губернатара.
Ушанаванне памяці
- У снежні 2011 года ва Улан-Батары на праспекце Міра паблізу ад плошчы Сухэ-Батара быў усталяваны помнік Марка Пола, зроблены скульптарам Б. Дэнзэнам.[16]
- У гонар Марка Пола у 1888 годзе быў названы матылёк з рода жаўтушак — Жаўтушка Марка Пола (Colias marcopolo)
Гл. таксама
- Алі Экбер Хатай — асманскі падарожнік у Кітай
Зноскі
- ↑ Marco Polo // Encyclopédie Larousse en ligne
- 1 2 3 Encyclopædia Britannica
- ↑ Istituto dell’Enciclopedia Italiana Enciclopedia on line
- 1 2 Радио ЭХО Москвы :: Всё так, 16.05.2009 18:10 Марко Поло. Европейский взгляд на чудеса Востока: Наталья Басовская, Сергей Бунтман (руск.)
- ↑ Gogala-Dominis, Frederik (1954). «Dopuna u životopisu Marka Pola»/ Zadarska revija III (4): p. 332.
- ↑ фота тытульнага ліста (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2012. Праверана 8 мая 2014.
- ↑ Сцвярджэнне спрэчнае, бо падчас захопу мангола-татарамі старажытнарускіх гарадоў (напрыклад, Кіева ў 1240 годзе) яны ўжо выкарыстоўвалі сценабітныя і іншыя асдныя машыны
- 1 2 ВСЭ
- 1 2 3 4 Chritchley, J. Marco Polo’s book, Variorum, 1993. ISBN 0860783618
- ↑ Watanabe, H, Marco Polo bibliography 1477—1983, Tokyo, 1986
- 1 2 3 4 5 Jakson, P. Marco Polo and his «Travels», Bulletin of the Scool of Oriental and African studies, 61 (1): 82-101, 1998.
- 1 2 Wood, F., Did Marco Polo go to China?, London, 1995.
- 1 2 3 4 5 6 de Rachewiltz, I., Marco Polo Went to China. Zentralasiatische Studien 27: 34-92, 1997. Кароткі пераказ у
- ↑ Klafkowski, Piotr. (1977). «History of Buddism in Mongolia — A Preliminary Survey», p. 28 and note. Buddhist Studies. The Journal of the Department of Buddhism Studies, University of Delhi. May, 1977. Цыт. паводле en:Drogön Chögyal Phagpa
- ↑ Юань-шы, глава 205 «Аб міністрах-ліхадзеях», біяграфія Ахмада (перакладзена і адкаментавана ўпершыню на французскую мову ў фундаментальным перакладзе Ж. дэ Маі (Жазэф-Анна-Марыя дэ Марыяк дэ Мая. Histoire générale de la Chine, ou Annales de cet Empire; traduit su Tong-kien-kang-mou par de Mailla, Paris, 1777—1783. Ы 12 томах. Том IX, стар. 413—414.) і на англійскую ў Брэтшнайдара (E. Bretschnaider, Mediaevial Reseaches from Eastern Asiatic Sources, I. стар. 272)
- ↑ shdee.miniih.com/index.php/home/post/167 Марко Пологийн хөшөө сүндэрэлэв(недаступная спасылка)
Літаратура
- Марко Поло. Книга о разнообразии мира // Джоани дель Плано Карпини. История монгалов; Гильом де Рубрук. Путешествия в восточные страны; Книга Марко Поло / Пер. И. М. Минаев. — М.: Мысль, 1997. — 464 с. — (Путешествия и Путешественники). — 5000 экз. — ISBN 5-244-00851-X
- Книга Марко Поло, пер. со старофранц. текста, вступ. ст. И. П. Магидовича, М.: Географгиз, 1955/1956 (имеется лит.).
- Тое ж самае. Алма-Ата, 1990
- Харт Г. Венецианец Марко Поло, пер. с англ., М.: Издательство иностранной литературы, 1956;
- Харт Г. Венецианец Марко Поло = Henry H. Hart, Venetian Adventurer Messer Marko Polo / Пер. с англ. Н. В. Банникова; предисл. и редакция И. П. Магидовича — М.: Центполиграф, 2001. — 368 с. — 6000 экз. — ISBN 5-227-01492-2 (Переиздание книги 1956 года)
- Юрченко А. Г. Книга Марко Поло: заиски путешественника или имперская космография / Переводы с латинского и персидского языков С. В. Аксёнова (PhD). СПб.: Евразия, 2007. — 864 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-5-8071-0226-6 (в пер.)
- The book of sit Marco Polo, the Venetian… , 3 ed., v. 1-2, L., 1921.
- Магидович И. П., Магидович В. И. Очерки по истории географических открытий. М., 1982. Т. 1. С. 231—235.
- Дреж Ж.-П. Марко Поло и Шёлковый путь = Marco Polo et La Route de La Soie / Жан-Пьер Дреж / Пер. И. Бородычевой. — М.: АСТ, Астрель, 2006. — 192 с. — (Істория. Открытие). — ISBN 5-17-026151-9, ISBN 5-271-09879-9, ISBN 2-07-053076-0 (обл.)
- Дубровская Д. В. Марко Поло: презумпция невиновности // Вокруг света. 2007. № 3.
Спасылкі
- Марка Пола (нявызн.) (недаступная спасылка). Сайт «Усходняя літаратура». Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 11 мая 2014.
Марка Пола на Вікісховішчы |
- Марка Пола у бібліятэцы Максіма Машкова Книга о разнообразии мира. Перевод И. П. Минаева. (руск.)
- В Дубовицкий. Венецианцы. в стране рубинов, или что писал Марко Поло о Бадахшане (руск.)