Марыя Мікалаеўна Косіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Косіч. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Уладзімірава. Марыя Мікалаеўна Косіч, у дзявоцтве Уладзімірава (1850, в. Расуха Мглінскага пав. Чарнігаўскай губ. — 28 сакавіка 1911, там жа) — беларуская фалькларыстка, этнограф і пісьменніца.
Асабістае жыццё
Жыла ў маёнтку дзеда Г. М. Сілевіча каля вёскі Расуха сярод беларускага насельніцтва са своеасаблівымі этнаграфічнымі і моўнымі рысамі. Адукацыю атрымала ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З маленства палюбіла народныя песні, прывязалася сэрцам да народа. Мела багатую бібліятэку. Ведала французскую мову[1].
Марыя Мікалаеўна ўзяла шлюб з ветэрынарным урачом, але дзяцей не мела. Узімку яна з мужам з’яжжала з Расухі ў Чарнігаў, дзе працавала ў рэдакцыі. Зямлю звычайна здавалі ў арэнду.
У 1911 г. у «Русской музыкальной газете» з’явіўся некралог аб смерці Марыі Косіч. У 1917 г. яе маёнтак і бібліятэка былі разрабаваныя мясцовымі сялянамі. Пахаваная ў Разрытаўскім манастыры (цяпер разбураны) за 6 км ад в. Расуха.
Этнаграфічная праца
Ужо ў юнацтве пачала вывучаць фальклор (у 60-я гг. стала даследваць беларускую народную песню). З 1897 г. пад уплывам вядомага ўкраінскага грамадскага дзеяча А. Русава, які пасяліўся непадалёку, прыступіла да сістэматычнага збору народных песень. Аўтар працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызавала жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. У 1906 г. надрукавала этнаграфічны артыкул «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні». Гэтыя працы былі выкарыстаны ў сваёй рабоце беларускім мовазнаўцам Паўлам Растаргуевым.[2].
Літаратурная творчасць
Ад этнаграфічна-фалькларыстычнай працы М. Косіч перайшла да ўласнай творчасці на беларускай мове. У вершаваным творы «На перасяленне: Расказ Цёткі Домны з Палесся» раскрыла характэрную асаблівасць жыцця беларускай парэформеннай вёскі — масавае перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір. Выдатнае веданне вясковых рэалій і народнай мовы, шчырае спачуванне народу дазволілі ёй намаляваць даволі яркія сцэны падрыхтоўкі сялян да перасялення, развітання з роднымі мясцінамі.
Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сібіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.
Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія. Лецечкам святым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца, і брусніца, касцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсць там! Чорна ягада смародыня — і тая расце па лугам. Ды што па вясне, як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе, ня знайдзеш ній-дзе у цэлай акрузе. У нас крэпка душна улетку ня бывае. Ды што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе— люба! Пасканні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на «паньскае», нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць![3]. |
Адначасова яна працавала над «пералажэннямі» баек Крылова на беларускую мову. Па сутнасці, гэта былі не пераклады, а пераробкі-перапрацоўкі, творы ў многім самастойныя. Выклаўшы сюжэт байкі Крылова, Косіч пераходзіла потым на блізкія сітуацыі з бытавога і грамадскага жыцця роднай вёскі. У яе творах парушаны байкавы памер — вольны верш[4].
Уздумаў Воўк у дарогу сабірацца Прыходзіць ён з зязюляй папрашчацца - Не ноч мая тут, кажа, -жыць! Ну ды й народ! Вор на вару! Усё б ён біў ды грабіў; Хоць сам пан-чорт — І той яму б не ўладзіў. Воўк і зязюля[5]. |
Ой рана на Йвана Проці Йвана ночка мала, Йдзе Купала начавала? Начавала ў чыстым полі У чыстым полі ў густом жыці Што Купала вячэрала? Вячэрала варэнікі Чым Купала запівала? Запівала гарэлачкай. [9]. |
Вось жа, ня дзіва, што беларускі адраджэнскі рух у першыя гады свайго існавання налічвае ў сваіх радах дужа мала дзяўчат і кабет беларускіх. Праўда, ужо ў канцы 90-х гадоў мінулага сталецця з'яўляюцца ў беларускай літаратуры першыя жаноцкія імёны, да якіх належыць, прыкладам, Марыя Косіч, аўтар этнаграфічных прац аб беларусах Чарнігаўшчыны і апавяданняў, ды перакладчыца баек Крылова. але гэта яшчэ адзінкі — прадстаўніцы старэйшых інтэлігентных пакаленняў, сярод якіх ніколі не заміраў нейкі асаблівы «сантымент» да беларушчыны[11]. |
Марыя Мікалаеўна Косіч у Вікікрыніцах | |
Марыя Мікалаеўна Косіч на Вікісховішчы |