Мар’ян Дукса
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дукса.
Мар’ян Мікалаевіч Ду́кса (5 красавіка 1943, в. Каракулічы, цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць — 19 красавіка 2019) — беларускі празаік і паэт .
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся 5 красавіка 1943 года ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Рана страціў бацьку. У 1958—1960 гг. займаўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, закончыўшы яго, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1969 па 1987 год працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Солах.
Памёр 19 красавіка 2019 года на 77-ым годзе жыцця[1].
Творчасць
На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступае з вершамі з 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989), «Горн прымірэння» (1993). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).
Прыгажосць Бацькаўшчыны, роднай прыроды, паэзія кахання, праблемы дабра і зла, веры — асноўныя матывы яго твораў.
Прэміі і ўзнагароды
Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу паэзіі «Заснежаныя ягады» (1989).
Ганаровы грамадзянін Смаргоні (2013)[2].
Зноскі
- ↑ Памёр літаратар Мар’ян Дукса(нявызн.). racyja.com (19 красавіка 2019). Праверана 19-4-2019.
-
↑ [Ганаровыя грамадзяне Смаргонскі раён Смаргонь Смаргонскі райвыканкам Навіны Смаргонскага раёна](http://smorgon.grodno-region.by/ru/pochetn-gr-ru/)(нявызн.) . smorgon.grodno-region.by. Праверана 12 ліпеня 2018.
Літаратура
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.