Мацей Стрыйкоўскі
Мацей Стрыйкоўскі (польск.: Maciej Stryjkowski; 1547, Стрыкаў, Мазовія — 1593) — польскі гісторык, паэт і пісьменнік і дыпламат, каталіцкі святар.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду. У 1561 скончыў прыхадскую школу ў Бжэзінах. У 1567—1570 вучыўся ў Кракаўскай акадэміі. Большую частку жыцця правёў на землях ВКЛ. Служыў у вялікалітоўскім войску, магчыма, удзельнічаў ва ўзяцці Улы (жнівень 1568) і абароне Віцебска (верасень 1568). У 1572—1574 служыў у віцебскім гарнізоне пад начальствам Аляксандра Гваньіні, у гэты час пачаў працу над гісторыяй ВКЛ. Пад канец службы здзейсніў падарожжа па Заходняй Дзвіне. У 1574 прыняў пасвячэнне на капелана. У 1574—1575 быў у складзе пасольства А. Тарноўскага ў Асманскую імперыю. У 1576—1578 жыў пры двары Алелькавічаў у Капылі і Слуцку. У 1579 з пратэкцыі Мельхіёра Гедройца стаў канонікам Жамойцкім (у Медніках) і пробашчам у Юрбарку. Найбольш вядомая праца — Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі (1582).
Творчасць
У 1574 г. Мацей Стрыйкоўскі выдаў сваю першую паэму — «Ганец цноты». У 1577 г. ім напісана другая паэма, якая не была надрукавана — «Пра пачаткі і справы рыцарскія слаўнага народа літоўскага». Паэма апісвала падзеі з гісторыі ВКЛ і абапіралася на «Хроніку Быхаўца». Наступнай паэмай Стрыйкоўскага стала «Бітва на Уле», якая была прысвечана разгрому маскоўскага войска. Аўтар удакладняе сюжэт пра смерць маскоўскага ваяводы Шуйскага ад рукі простага беларускага селяніна: гэты селянін затым быў пакараны гетманам Радзівілам за рабаўніцтва забітага.
У 1578 г. у Кракаве выйшла праца Аляксандра Гваньіні «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі». Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні — свайго колішніга камандзіра — у плагіяце. Сучасныя спецыялісты не падтрымліваюць гэтае абвінавачванне. Сапраўды, Гваньіні шмат запазычыў у Стрыйкоўскага, у яго творы сустракаецца вялікая колькасць цытат. Аднак у тыя часы цытаванне папярэднікаў было нормай, а «Хроніка…» ўтрымлівала таксама ўласныя напрацоўкі Гваньіні.
Працай жыцця Мацея Стрыйкоўскага стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі», выдадзеная ў 1582 г. Аўтар абапіраўся як на вядомыя, так і страчаныя зараз летапісы, выкарыстоўваў дакументы з архіваў сваіх апекуноў — магнатаў Хадкевічаў, Алелькавічаў. Стрыйкоўскі імкнуўся аб’яднаць два гістарычныя міфы шляхты Рэчы Паспалітай: польскі «сармацкі» (аб паходжанні шляхты ад сарматаў) і літоўскі «рымскі» (аб прыбыццё жамойцкай шляхты з Рыма). Сумяшчэнне адбылося наступным чынам: на думку аўтара, група шляхты, якая прыбыла з Рыма, сустрэлася з мясцовым сармацкім насельніцтвам і была ім асімілявана.
Мацей Стрыйкоўскі напісаў першую надрукаваную хроніку Вялікага Княства Літоўскага і стаў першым гістарыёграфам ВКЛ. Працяглы час яго не лічылі вартым даверу аўтарам. Зараз яго творы прызнаны сур’ёзнымі і важнымі гістарычнымі крыніцамі, а сам ён — сапраўдным храністам, прадаўжальнікам працы летапісцаў.
Бібліяграфія
- Goniec cnoty (Кракаў, 1574)[2]
- O początkach… sprawach rycerskiego sławnego narodu litewskiego (1577, засталася ў рукапісе; выд. 1978)[3]
- Sarmatiae Europeae descriptio (1578)[4]
- Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi (Кёнігсберг, 1582; выд. 3, 1846)[5]
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Генеалагічная паэма прысвечаная валадарам Польшчы і ВКЛ.
- ↑ Вялікая эпічная паэма. Апісвае падзеі ў ВКЛ, у значнай частцы тоесная Хроніцы Быхаўца.
- ↑ Першапачаткова выдана пад імем Аляксандра Гваньіні, начальніка М. Стрыйкоўскага, аўтарства апошняга даведзена праз суд.
- ↑ Апісвае падзеі ў Рэчы Паспалітай да 1581, аздоблена вершаванымі ўстаўкамі асабістага сачынення па польскай мове. З’яўляецца кампіляцыяй хронік Яна Длугаша, Мацея Мехавіты і інш.
Літаратура
- Wojtkowiak, Z. Maciej Stryjkowski — dziejopis Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1990. (польск.)
- Семянчук А. Мацей Стрыйкоўскі // Вялікае Княства Літоўскае. У 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 638. — 788 с.: іл. с. — ISBN 985-11-0378-0
Спасылкі
- Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі (урыўкі)
- Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага (урыўкі)
- Мацей Стрыйкоўскі — першы гістарыёграф ВКЛ. Фільм «Гісторыя пад знакам «Пагоні» Архівавана 5 сакавіка 2016. — adverbum.org