wd wp Пошук:

Маціяс Аляксандэр Кастрэн

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кастрэн.

Маціяс Аляксандэр Кастрэ́н (фінск.: Matthias Alexander Castrén; 2 снежня 1813, Тэрвала, — 7 мая 1852, Хельсінкі) — фінскі філолаг, даследчык фіна-ўгорскіх і самадыйскіх моў, фінскага і саамскага фальклору; заснавальнік параўнаўчай уралістыкі[3].

Біяграфія

Нарадзіўся ў вялікай сям’і, дзе апроч Маціяса было яшчэ 5 дзяцей. Першае імя атрымаў у гонар дзядзькі-пастара, другое — у гонар імператара Аляксандра I. Пасля смерці бацькі сям’я была ў цяжкім фінансавым становішчы, але 16-гадовы Маціяс у 1830 годзе паступіў у Хельсінкскі ўніверсітэт[3]. Катрэн быў удумлівым і троху рассеяным студэнтам, меў не шмат сяброў. У першыя летнія канікулы паехаў з Хельсінкі да маці, даваў прыватныя ўрокі. Ва ўніверсітэце аддаваў перавагу вывучэнню моў, да чаго быў заахвочаны кнігай дацкага мовазнаўца Расмуса Раскі. У 1836 годзе атрымаў ступень кандыдата філасофіі[3]. Яшчэ студэнтам Кастрэн зацікавіўся фінскай мовай і фальклорам[3].

Улетку 1838 года Кастрэн здзейсніў першую навуковую паездку, вывучаў саамскую мову, саамскі фальклор і міфалогію ў фінскай Лапландыі. Сабраныя матэрыялы Кастрэн выкарыстаў для дысертацыі De affinitate declinationum in lingua Fennica, Esthonica et Lapponica (лац.)  («Пра асаблівасці скланення ў фінскай, эстонскай і саамскай мовах»), напісанай у 1839 годзе[3].

У 1839 годзе Кастрэн падарожнічаў па Карэліі, а ў 1841 годзе разам з Эліясам Лёнратам пачаў трохгадовую экспедыцыю па Урале. Перад паездкай выйшаў зроблены Кастрэнам пераклад Калевалы на шведскую мову. Па вяртанні Кастрэн апублікаваў манаграфіі Elementa grammatices Syrjaenae і Elementa grammatices Tscheremissae (абедзве 1844), адпаведна, пра мову комі і марыйскую.

У 1845 годзе Кастрэн абараніў доктарскую дысертацыю, дзе выказаў гіпотэзу пра генетычнае радство ўральскіх і алтайскіх моў. У тым жа годзе выйшаў яго артыкул па-шведску «Пра значэнне націску ў саамскай мове»[3]. У 1845 годзе Кастрэн па даручэнні Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук паехаў у Сібір для далейшага вывучэння тамашніх моў. Падчас гэтай экспедыцыі ён наведаў Табольск, Бярозаў і Абдорск, даследаваў басейны рэк Іртыш, Об і Енісей, праехаў Ачынскую і Мінусінскія стэпы, а таксама Саянскія горы і Прыбайкалле.

З паездкі ў Сібір Кастрэн вярнуўся ў 1849 годзе з падарваным здароўем і матэрыяламі для навуковай працы, яго навуковая спадчына складае 12 тамоў, у т. л. манаграфіі пра хантыйскую мову Versuch einer ostjatischen Sprachlehre (1849) і De affixis personalibus linguarum Altaicarum (1850). З 1851 года Кастрэн быў прафесарам Хельсінкскага ўніверсітэта на ўпершыню створанай кафедры фінскай філалогіі і працаваў над слоўнікаў самадыйскіх моў.

Памёр ад сухотаў ў 1852 годзе[3].

Сям’я

Сын Маціяса Кастрэна — Роберт Кастрэн (1851—1883), вядомы фінскі гісторык і публіцыст, сын Роберта — Гунар Кастрэн[fi] (1878—1959), літаратуразнавец, прафесар Хельсінкскага ўніверсітэта.

Кастрэн і сучаснасць

22 снежня 1990 года ў Хельсінкі было заснавана Таварыства Маціяса Аляксандэра Кастрэна, мэтай якога аб’яўлена ўстанаўленне і развіццё сувязяў паміж фінамі і тымі народамі Расіі, якія гавораць на ўральскіх (фіна-ўгорскіх і самадыйскіх) мовах. Таварыства Кастрэна з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, членамі якой могуць быць грамадзяне Фінляндыі, так і іншых краін, а таксама аб’яднанні асоб. Таварыства атрымлівае дзяржаўную фінансавую падтрымку[4][5].

2—4 снежня 2013 года ў Лапландскім універсітэце (Раваніемі, Фінляндыя) адбылася навуковая канферэнцыя «Пазнанне Поўначы — глабальная спадчына М. А. Кастрэна», прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння навукоўца. У праграме канферэнцыі — даклады, прысвечаныя даследаванням Кастрэна і іншых піянераў філалогіі і этнаграфіі, а таксама агляд сучасных даследаванняў у галіне фіна-ўгразнаўства, культуры, рэлігіі і міфалогіі[6][7].

Публікацыі

  • Кастрен М. А. Путешествие по Лапландии, Северной России и Сибири в 1838—1844, 1845—1849 гг. — СПб., 1860.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Matthias Alexander Castren // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Салминен Т., 2004
  4. Общество М. А. Кастрена (нявызн.). helsinki.fi. Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2013. Праверана 26 лістапада 2013.
  5. Афіцыйны сайт Таварыства Кастрэна (фін.)
  6. На «кастреновской» конференции в Лапландии расскажут о медвежьих обрядах и французах среди саами (нявызн.). Сайт Інфармацыйнага цэнтра Finugor (25 лістапада 2013). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2013. Праверана 26 лістапада 2013.
  7. Konferenssi Matthias Alexander Castrénin kulttuuriperinnöstä(фін.) . Сайт Лапландскага ўніверсітэта (25 лістапада 2013). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2013. Праверана 2 снежня 2013.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на шведскую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be