Маіна Іванаўна Арцішэўская-Ерусалімчык
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Арцішэўская. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ерусалімчык. Маіна Іванаўна Арцішэўская-Ерусалімчык (нар. 31 мая 1933, п. Арэхаўск[кам. 1], Віцебская вобласць; літаратурны псеўданім — Іна Саніна) — беларускі архітэктар і пісьменніца. Кандыдат архітэктуры.
Біяграфія
Беларуска. У 1937 годзе, калі ёй было ўсяго 4 гады, бацька-юрыст, які па маладосці захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі, быў рэпрэсаваны. У гады Вялікай Айчыннай вайны, не здолеўшы эвакуіравацца, разам з маці, фельчарам па прафесіі, бадзяліся па вёсках, каб пракарміцца. Пасля заканчэння вясковай сямігодкі, прыехала ў Мінск[2].
У 17-гадовым узросце выйшла замуж Іосіфа Абрамавіча Ерусалімчыка, узяла прозвішча мужа[2]. Скончыла ў 1953 годзе архітэктурнае аддзяленне Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, у 1959 годзе БПІ (выкладчыкі А. П. Воінаў, Н. М. Макляцова, У. А. Чантурыя). Накіравана на працу ў праектны інстытут «Мінскпраект», дзе працавала на пасадзе архітэктара і старэйшага архітэктара да 1966 года. Член Саюза архітэктараў СССР з 1962 года. З 1966 года аспірант кафедры архітэктуры БПІ; пасля абароны кандыдацкай дысертацыі, з 1969 года старэйшы выкладчык, затым дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры ў БПІ . Чытала курсы лекцый «Гісторыя мастацтваў» і «Гісторыя архітэктуры».
У 1979 годзе з мужам эмігравалі ў Злучаных Штатах Амерыкі, ратуючы сына ад адпраўкі на вайну ў Афганістане. У ЗША працавала ў архітэктурных бюро Нью-Ёрка і Лос-Анджэлеса на пасадзе архітэктара-выканаўцы (рабочыя чарцяжы інтэр’ераў і абсталяванні для прамтаварных крам).
З 1995 года на пенсіі. Прынята ў міжнародны ПЭН-клуб у 1995 годзе. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2007 года. Член Саюза архітэктараў Беларусі.
Пражывае ў горадзе Лос-Анджэлесе (Каліфорнія, ЗША). Штогод наведвае Мінск, прыезды суправаджаюцца літаратурнымі публічнымі выступленнямі.
Творчасць
Асноўныя працы: серыя тыпавых праектаў жылых дамоў па вул. Валгаградскай (у аўтарскім калектыве); праект забудовы (мікрараён № 1-6) Чыжоўка (у групе А. Шалякіна); рэканструкцыя шэрагу адміністрацыйных будынкаў у Мінску і Дзіцячы парк імя Горкага (у групе Л. Усавай).
Аўтар артыкулаў у часопісе «Архітэктура СССР», БелСЭ, у грамадска-палітычных часопісах БССР; брашуры «Сацыяльная значнасць помнікаў архітэктуры». Актыўна супрацоўнічала з Беларускім таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, выступала з лекцыямі пра архітэктуру і выяўленчае мастацтве, пра значэнне захавання культурнай спадчыны Беларусі ў арганізацыях і на прадпрыемствах Беларусі.
Публікуецца ў літаратурных выданнях (паэзія, проза, публіцыстыка) рускага замежжа з 1980 года, у Расіі і Беларусі пасля 1991 года. Аўтар 4-х зборнікаў паэзіі: «Кветкі часу», «Сэнс», «Крыніцы», «Лістапад». Член рускіх Літаратурных клубаў Нью-Ёрка і Лос-Анджэлеса. Публікуецца ў літаратурных часопісах і іншых перыядычных выданнях ЗША і Беларусі.
Перакладае на рускую мову вершы Міхася Пазнякова[3].
Сям’я
Муж Іосіф Абрамавіч Ерусалімчык (1931—2010), сын — Аляксандр.
Зноскі
- ↑ Яна Явіч Саніна (бел.) . Звязда (23 чэрвеня 2014).
- 1 2 Из бывшего союза ушла на запад муза
- ↑ «Позвольте низко поклониться Вам…»
Каментары
- ↑ Паводле іншых крыніц у пасёлку Высокае Віцебскай вобласці[1]
Літаратура
- Ерусалимчик-Артишевская Маинна Ивановна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. Минск: Энциклопедикс, 2014. −140 с. ISBN 978-985-7090-29-7.(руск.)