Менке Кац
Менке Кац (ідыш: מעינקע קאַץ, англ.: Menke Katz; 1906, Свянцяны, Віленская губерня, Расійская імперыя — 24 красавіка 1991, Спрынг Глен, штат Нью-Ёрк, ЗША) — яўрэйскі паэт.
Біяграфія
Нарадзіўся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні (цяпер у Літве) ў ноч другога дня Песаху. Бацька Гіршэ-Довід быў родам са Свіры, дзе меў уласны бровар, аднак быў вымушаны перавесці бізнес у Свянцяны з прычыны невялікіх заробкаў; маці Бадона Губерская паходзіла з Міхалішак. Менке назвалі паводле бабулі па бацьку. Акрамя яго, у сям’і было яшчэ чацвёра дзяцей (двое нарадзіліся ў Свіры, яшчэ двое наймаладзейшыя ў Свянцянах).
З-за недастатковых заробкаў бацька ў 1914 року падаўся ў ЗША. Менке скончыў хедар у Свянцянах, пасля сям’я была вымушаная пераехаць да матчыных сваякоў у Міхалішкі.
У 1920 годзе сям’я выехала да бацькі ў ЗША, пасяліліся ў Нью-Ёрку. З пачатку 1920-х гадоў Менке Кац друкаваўся ў яўрэйскіх газетах у ЗША. Тут выходзілі ягоныя шматлікія кнігі паэзіі, у якіх належнае месца займала тэма малой радзімы. Спачатку трымаўся пракамуністычных поглядаў, пасля пачатку палітычных рэпрэсій у СССР перагледзеў іх. У 1926 ажаніўся з Хаске Бляхер, эмігранткай з Уваравічаў; яны пераехалі ў Лос-Анджэлес. Менке зарабляў пісаннем і рамонтам гадзіннікаў, аднак пасля нараджэння дачкі Траім і сына Ноя вярнуўся ў Нью-Ёрк. Дзяцей выхоўвала жонка з бацькамі ў Пасаіку.
З 1953, калі стала вядома пра забойства ў СССР яўрэйскіх паэтаў[ru], Кац канчаткова парваў з левымі і пачаў выдаваць уласны літаратурны часопіс «Бітэр-рут».
У 1972 быў намінаваны на Пулітцэраўскую прэмію.
Творчасць
Першы зборнік — «Тры сястры» (1932), за публікацыі якога без згоды ён быў выключаны з «Пралетпэну» (па-англійску: Proletpen — пралетарскае пяро). Затым былі кнігі вершаў «Мястэчка палае» (1938), «Адказ маёй бабулі Баданы» (1939) і інш. Пісаў на ідыш і англійскай мовах.
Агулам выдаў 18 зборнікаў паэзіі. Перакладзены на грэчаскую, італьянскую, іўрыт, французскую, японскую і іншыя мовы.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Bibliothèque nationale de France Record #12864603q // BnF catalogue général — Paris: BnF. Праверана 25 сакавіка 2017.
Літаратура
- Contemporary authors. Autobiography series // Mark Zadrozny, editor. — Detroit, Michigan: Book Tower. — Т. 9. — С. 49—71. — ISSN 0748-0636.
Спасылкі
- Малітва каменя зрабіцца ветрам. Вершы
- Блог пра Менке Каца
- SVINTSYAN Heersha-Leyb Tarshish by MENKE KATZ translated from the Yiddish by BENJAMIN AND BARBARA HARSHAV
- Menke Katz. NINETEEN POEMS
- Menke Katz, 85, Poet Appreciated For His Lyrical Style. By RICHARD F. SHEPARD // The New York Times
- Dovid Katz and Harry Smith (eds.), Menke: The Complete Yiddish Poems of Menke Katz (trans.: Benjamin Harshav and Barara Harshav), New York: Ths Smith
- Звесткі ў каталогу Freedman