wd wp Пошук:

Мікалай Іванавіч Дзямідаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дзямідаў. Мікалай Іванавіч Дзямідаў (10 снежня 1888, Беласточчына ? — 23 чэрвеня 1967, Чыкага, ЗША) — беларускі ваенны, палітычны, грамадскі дзеяч, публіцыст, настаўнік.

Біяграфія

Да пачатка вайсковай службы

Нарадзіўся 10 снежня 1888 г. на Беласточчыне ў Ломжы або Гарадку. Сын Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозвішча меў па другім мужу маці. Дзед з боку маці, Аляксандр Каліноўскі — брат Кастуся Каліноўскага.

Вучыўся ў мужчынскай філалагічнай гімназіі ў Ломжы. У 1905 годзе скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. У 1907 годзе працаваў у канцылярыі Прывісленскіх чыгунак, пазней працаваў настаўнікам народнага вучылішча. Адначасова быў вольным слухачом Варшаўскага ўніверсітэта. У 1910 г. скончыў Беластоцкае рэальнае сярэдняе вучылішча, дзе здаў экзамен на настаўніка павятовых школ. 1 кастрычніка 1911 г. прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку. У 1912 г. адбыў летні курс педагогікі і методыкі, а таксама курс гісторыі ў педагагічным інстытуце ў Вільні, дзе здаў экзамен на настаўніка гісторыі і рускай мовы.

Вайсковая служба

З 1914 г. на вайсковай службе ў царскай арміі. Браў удзел у Першай сусветнай вайне. Служыў у гаспадарчых аддзелах розных вайсковых фармаванняў. Ад студзеня 1915 г. быў пісарам вайсковага мабілізацыйнага аддзелу афіцэраў у Петраградзе. З канца 1915 г. да кастрычніка 1916 г. праходзіў курс у Нікалаеўскай ваеннай акадэміі, пасля чаго быў скіраваны да Паўлаўскага ваеннага вучылішча ў Петраградзе, якое скончыў 1 лютага 1917 г.

Удзельнічаў у кастрычніцкім перавароце, быў Наваградскім акруговым камісарам. На пачатку сакавіка 1918 г. у Дзвінску трапіў да нямецкага палону ў лагер да ваеннапалонных, дзе быў да лістапада 1918 г. Пасля вайны пад канец 1918 г. быў вызвалены і пераехаў да Вільні, там займаўся арганізацыяй беларускіх ваенных частак у літоўскай арміі для барацьбы з Чырвонай Арміяй. 1 снежня 1918 г. быў адкамандаваны ў годнасці паручніка ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 снежня 1918 года быў камендантам Гродна, прадстаўляў у камендатуры Раду БНР. Актыўна займаўся стварэннем беларускіх ваенных аддзелаў, сфармаваў 350-асабовы асобны батальён гродзенскай камендатуры. Быў ініцыятарам стварэння мабілізацыйных пунктаў у 10 месцах у Беларусі.

1 чэрвеня 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, з канца ліпеня — ў лагеры для інтэрнаваных у Беластоку, адкуль быў выпушчаны ў верасні. У тым жа годзе прайшоў настаўніцкія курсы і адначасова ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі ў Вільні, дзейнасць якой была афіцыйна легалізавана 22 кастрычніка 1919 года дэкрэтам Юзафа Пілсудскага. На пачатку снежня разам з іншымі членамі Камісіі прыбыў у Мінск, потым быў скіраваны да беларускай школы падхарунжых у Варшаве.

Летам 1920 г. у наваколлях Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек, па іншых звестках — каля 700) і ўступіў у армію С. Булак-Балаховіча, дзе быў камандзірам свайго батальёна. У кастрычніку таго ж года Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў яго камендантам усіх беларускіх ваенных аддзелаў на тэрыторыі Беларусі. Браў удзел у лістападавай кампаніі балахоўцаў у раёне Мазыра. Яго батальён у складзе астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі Рускай народнай добраахвотніцкай арміі 1014 лістапада 1920 г. вёў зацятыя баі за Калінкавічы. 21 лістапада 1920 г. разам з беларускім батальёнам смаленскага пяхотнага палка ўдзельнічаў у баях над Прыпяццю, пасля чаго дапамагаў галоўным сілам генерала Балаховіча, які адступаў з-пад Рэчыцы. Са сваім 400-асабовым батальёнам працягваў барацьбу таксама пасля адступлення арміі Булак-Балаховіча на польскую тэрыторыю, знаходзіўся на нейтральнай тэрыторыі паміж польскімі і савецкімі войскамі. 29 лістапада 1920 г. удзельнічаў у баях з савецкім 40-м палком, 3 снежня змагаўся ў баі з іншымі бальшавіцкімі часткам. Вёў баі да студзеня 1921 г., пасля чаго адышоў на польскі бок фронту і быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім аддзелам, які ў адкрытым баі аказваў супраціў савецкім войскам.

Міжваенны час

З пачатку 1921 г. у Польшчы, у студзені быў дэмабілізаваны. Знаходзіўся ў лагеры для інтэрнаваных у Радаме, адкуль быў выпушчаны 1 чэрвеня таго ж года. У 19211922 гадах быў настаўнікам у Гарадку, быў актыўным дзеячам беларускага нацыянальнага руху. У 1922 г. балатаваўся да польскага Сэйму як кандыдат ад Блока нацыянальных меншасцяў. У выніку ягоных публічных выступленняў дайшло да пратэстаў беларускай меншасці, што спавадавала кароткатэрміновы арышт Мікалая Дзямідава польскімі ўладамі. Падчас працэсу збёг у Вільні ў Літву, а адтуль — да Дзвінска ў Латвію. З 1923 г. знаходзіўся ў Латвіі, дзе працаваў настаўнікам у беларускай школе ў раёне Дзвінска. З 1924 г. ў Рызе, супрацоўнічаў з беларускім генералам Кастусём Езавітавым. Арганізаваў таварыствы «Беларуская хата» і «Рунь». Працаваў у беларускіх грамадскіх арганізацыях, супрацоўнічаў з беларускай секцыяй Міністэрства культуры Латвіі. Рэдагаваў часопіс «Школа і жыццё» (1930).

Другая сусветная вайна

У 1940 годзе пасля акупацыі Латвіі савецкімі войскамі Мікалай Дзямідаў арыштаваны НКУС і этапаваны на Лубянку. Адтуль неўзабаве быў вызвалены і вярнуўся ў Латвію. Пасля пачатка нямецкай акупацыі Латвіі у 1941 г. працаваў інспектарам беларускіх школаў на Дзвіншчыне, дзе ў некалькіх школах увёў беларускую мову як асноўную мову навучання. Кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Дзвінску, потым увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рызе. У 1942 г. пераехаў у Беларусь, працаваў інспектарам Генеральнага камісарыята, потым рэферэнтам па школьных справах. У 1943 г. — акруговы школьны інспектар[2]. Алесь Змагар пазней пісаў: «У Ліду па пасаду акруговага школьнага інспектара быў накіраваны Нікандар Мядзейка, які доўга ў Лідзе не пабыў, а, ратуючы ад польскіх тэрарыстаў сваё жыццё, вярнуўся назад у Менск, а на ягонае месца быў прысланы палкоўнік Мікола Дзямідаў, шчыры беларускі патрыёт». Удзельнічаў у фармаванні батальёна Беларускай краёвай абароны ў Лідзе. У 1944 г. вярнуўся ў Рыгу. У чэрвені 1944 г. эвакуяваўся ў Германію, дзе з 12 кастрычніка працаваў камендантам курсаў малодшых афіцэраў пры Першым школьным батальёне БКА. 27 кастрычніка быў адкамандаваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў і Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады.

Эміграцыя

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны апынуўся ў французскай акупацыйнай зоне. У 1948 г. быў аднім з ініцыятараў склікання сабора Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Канстанцы (Заходняя Германія).

З 1950 г. жыў у ЗША. Належаў да кіраўніцтва Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў. Адстойваў пункт гледжання аб прыярытэце ў нацыянальным руху інтэлігенцыі, у прыватнасці настаўніцтва. З 1950 г. Мікалай Дзямідаў вёў таксама беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Быў актыўным дзеячам Згуртавання беларусаў штату Ілінойс, заснаванага ў 1953 годзе дзеячамі, якія былі нязгодныя з палітыкай БАНР. Быў таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі св. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазней, аднак, Мікалай Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.

Апошнія гады свайго жыцця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасці ў 1967 годзе. Пахаваны грэка-каталіцкім святаром на могілках Святога Адальберта ў Найлсе[en], прыгарадзе Чыкага[3][4].

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 19 снежня 2021.
  2. «Пагоня». 1998, снеж.
  3. У Чыкага знойдзена магіла першага прэм’ер-міністра БНР Язэпа Варонкі
  4. Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be