wd wp Пошук:

Мікалай Мікалаевіч Пракаповіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пракаповіч. Мікала́й Мікалаевіч Пракаповіч (нар. 1 лістапада 1948, в. Пугачова, сёння ў межах Брэста) — беларускі паэт, тэлежурналіст, краязнаўца, грамадска-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў брэсцкай грамадска-культурнай сябрыны «Край». Адзін з стваральнікаў і лідараў беларускага адраджэнскага руху ў Брэсце і на Брэстчыне ў канцы 1980-х — 1990-х. Член Беларускага народнага фронту з 1989 года.

Біяграфія

Мікола Пракаповіч нарадзіўся ў сям’і рабочага ў вёсцы Пугачова, якая з 1979 года стала адным з мікрараёнаў Брэста. Насамрэч ён нарадзіўся 21 кастрычніка 1948 года, хоць у пашпарце ў яго фактычна запісана 1 лістапада. Сталася так, што праз шматлікія клопаты бацькі не здолелі адразу зарэгістраваць народжанае дзіця менавіта ў тым месяцы, калі яно нарадзілася. А за пратэрміноўку тады накладваўся даволі сур’ёзны штраф. У выніку яго зарэгістравалі ў найбліжэйшы да рэальнага дня нараджэння дзень — 1 лістапада[1].

Выхоўваўся ў колішнім прыгарадзе Брэста за Мухаўцам, які раней быў вёскай Пугачова, дзе паводле ўласнага сведчання, практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаўся потым амаль усё сваё жыццё на тэлебачанні: народныя традыцыі, песні, святы. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вяселлях. Мікола Пракаповіч скончыў сярэднюю школу № 4 г. Брэста на Валынцы.

У 1970 годзе скончыў беларускае аддзяленне факультэта мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута. Працаваў настаўнікам у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёна. У 1971—1972 гадах служыў у Савецкай Арміі.

З 1972 года — рэдактар Брэсцкага абласнога радыё, затым загадчык рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і музычных перадач Брэсцкай студыі тэлебачання.

З 1975 года — старшы рэдактар, пазней загадчык аддзела мастацкіх праграм Брэсцкага тэлерадыёаб’яднання. Стваральнік, аўтар і вядучы перадач «Творчыя сустрэчы», «Перазовы», «Далягляды», «Гэта было з намі», мастацка-публіцыстычных праграм «Брэст», «Край»[2]. Дыпламант міжнародных тэлефестываляў.

Больш за 40 гадоў аддаў Мікола Пракаповіч журналісцкай працы на тэлебачанні — практычна ўсё свядомае жыццё. Яго аўтарская перадача «Край» — гэта праект, які ведаюць не толькі ўсе творчыя людзі Берасцейшчыны, якіх ён запрашаў на свае перадачы, але і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага края ў рэгіёне. Хіба не засталося ніводнага цікавага кутка на Берасцейшчыне, куды б не выязджаў са здымачнай групай журналіст-краязнавец Мікола Пракаповіч. Усяго ў эфір выйшла больш за 500 выпускаў гэтай перадачы.[1]

У 1981 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1984—1990 гадах быў сакратаром Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

На працягу 10 гадоў паэт Мікола Пракаповіч кіраваў літаратурнай студыі «Спадчына» ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці, якая яднала маладых паэтаў горада[2].

У 1990-я не аднойчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў беларускі парламент і мясцовыя органы ўлады рознага ўзроўню ад БНФ «Адраджэнне».

Творчасць

У сямейных каранях Пракаповічаў была свая творчая жылка. Яго дзед Ілья (Гальяш) з Слонімшчыны лічыўся майстрам не толькі пілы і сякеры, з якімі хадзіў у заробкі, але і скрыпкі. Не адзін верш прысвяціў яму потым унук-паэт Мікола Пракаповіч. Менавіта такім вершам адкрываецца першы самастойны зборнік Міколы Пракаповіча «Неад’емнае» (1982).

Першы свой верш (па-руску) ён апублікаваў у 1966 годзе ў брэсцкай абласной газеце «Заря» яшчэ будучы шкаляром. Заахвоціў пісаць вершы яго сусед Дзмітрый Васільеў, родам з Масквы, былы танкіст. Ён ваяваў, меў ордэн Славы, працаваў правадніком на чыгунцы і пісаў вершы і песні на іх. Яго прыклад і захапіў юнага Міколу Пракаповіча. Сусед падправіў яго верш і аддаў абласную газету «Заря», дзе ён быў надрукаваны[1]. Юнак стаў героем школы. Пачаў пісаць вершы — і па-руску, і па-беларуску. Аднойчы, ужо ў старэйшых класах, настаўніца беларускай літаратуры сказала «пачынаючаму паэту»: «Мікола, выбірай, на якой мове ты пішаш». Ён выбраў — беларускую.

Пазней Дзмітрый Васільеў прывёў Міколу Пракаповіча на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры газеце «Заря», пазнаёміў з Міхасём Рудкоўскім, які гэта літаб’яднанне ў Брэсце тады ўзначальваў.

Калі паступіў вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута яму, як і многім, хто цягнуўся да прыгожага пісьменства, да літаратуры, вельмі пашанцавала — у той час там працаваў пісьменнік і літартурны крытык Уладзімір Калеснік. Ён і стаў сапраўдным літаратурным настаўнікам для Міколы Пракаповіча.

Першая кніга паэта «Белая вежа» была надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Далей былі ўласныя зборнікі «Неад’емнае» (1982) і «На кругі свае» (1986) і іншыя.

Вершы Міколы Пракаповіча перакладаліся на расійскую і ўкраінскую мовы. Плённа супрацоўнічае паэт з мясцовымі кампазітарамі, супрацоўнічае з мастакамі, з калектывам абласнога тэатра лялек.

Узнагароды

За зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначыла Міколу Пракаповіча прэміяй імя М. Багдановіча (1993). паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка (2008). Узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага аблвыканкама (2008). Таксама атрымаў званне «Берасцейская зорка» (1999) у намінацыі «Журналістыка».

Неаднойчы Мікола Пракаповіч станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў у намінацыі «Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны».

Творы

  • Мікола Пракаповіч. Нашчадкі (вершы) // Белая вежа. Зборнік паэзіі. Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. С. 207—228. (Першая кніга паэта).
  • Неад’емнае (вершы і паэма). Мінск, Мастацкая літаратура, 1982. 54 с.
  • На кругі свае (вершы і паэма). Мінск, Мастацкая літаратура, 1986. 86 с.
  • Мяжа надзеі (вершы і паэма). Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. 142 с.
  • Мікола Пракаповіч. Літары на літоўцы (вершы) // М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско. Трохперсце (вершы). Мінск, Літаратура і мастацтва, 2008. С. 55-104.
  • Микола Прокопович. На Миколу (стихи) // Белой вежи свет. Зборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Мінск: Літаратура i Мастацтва, 2010. С. 61-64.

Зноскі

  1. 1 2 3 Вячаслаў Бурдыка Родны край Міколы Пракаповіча. Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна (18 лістапада 2016). Праверана 22 лістапада 2016.
  2. 1 2 Алена Гармель Край… і рай з Міколам Пракаповічам. Рэй (14 верасня 2013).
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be