Мікола Жук
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жук (значэнні). Мікола (Мікалай Андрэевіч) Жук (24 кастрычніка 1914, в. Паўстынь, Слуцкі павет — 14 кастрычніка 1995, в. Мерашыно, Слуцкі раён) — беларускі настаўнік, паэт, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Выдатнік народнай асветы БССР.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы працаваў на торфараспрацоўках i на чыгунцы. Потым вучыўся ў школе калгаснай моладзі ў мястэчку Урэчча Слуцкага раёна (зараз гарадскі пасёлак Любанскага раёна Мінскай вобласці). У 1933 годзе скончыў настаўніцкія курсы пры гэтай школе i працаваў настаўнікам у Грэскім раёне Бабруйскай акругі.
У гэты перыяд М. Жук пачаў пісаць вершы. Некаторыя з іх дасылаў у Дом пісьменніка ў кабінет маладога аўтара, створанага для выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі. Вершамі М. Жука зацікавіўся паэт М. Хведаровіч, які працаваў тады загадчыкам кабінета і літкансультантам па паэзіі. Ён выклікаў М. Жука для размовы ў Мінск, з вялікай увагай аднёсся да яго вершаў, горача пераконваў юнака ў неабходнасці вучыцца. Пры садзейнічанні М. Хведаровіча М. Жук атрымаў ад Саюза пісьменнікаў БССР накіраванне на вучобу. Амаль да самай вайны М. Жук адчуваў бацькоўскі клопат М. Хведаровіча, які сачыў за яго творчым ростам, далучаў да літаратурнага жыцця, спрыяў апублікаванню твораў маладога паэта. М. Жук прысвяціў М. Хведаровічу верш«Светлы ўспамін». З 1935 года вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, а праз два гады паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Апошні экзамен за інстытут здаваў ужо пасля вайны.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго не паспелі мабілізаваць на фронт, таму ён вярнуўся ў родную вёску Мерашыно, што на Случчыне. Спачатку быў партызанскім сувязным, а потым ваяваў у атрадзе імя Р. І. Катоўскага партызанскай брыгады № 64 імя В. П. Чкалава, якая дыслацыравалася ў раёне вострава Зыслаў у Любанскім раёне Мінскай вобласці. За ўдзел у партызанскім руху мае дзяржаўныя ўзнaгaроды.
Пасля вызвалення Беларусі восенню 1944 года М. Жук пачаў працаваць настаўнікам у Вясейскай СШ, потым у в. Старцавічы (цяпер в. Знамя Слуцкага раёна Мінскай вобласці), а з 1959 года ва Урэцкай СШ № 1 Любанскага раёна. Выкладаў беларускую і рускую мову i літаратуру. З гэтага ж часу ён стала жыў у вёсцы Мерашыно Слуцкага раёна. Улюблёны ў прыгожае пісьменства, Мікалай Андрэевіч часта выходзіў за рамкі школьнай праграмы, цікава праводзіў факультатыўныя заняткі па літаратуры, развіваў творчыя здольнасці вучняў, выпрацоўваў у іх эстэтычны густ, уменне валодаць мастацкім словам, на прыкладзе літаратурных герояў абуджаў у сваіх выхаванцах патрыятычныя пачуцці.
Беларускі празаік, паэт i публіцыст, яго былы вучань Павел Місько ўспамінаў: «…Па ўсёй краіне раз’ехаліся тысячы яго вучняў, выхаванцаў (амаль паўвека педагагічнай работы!). І яны, яго духоўныя нашчадкі, панеслі з сабою любоў да роднай зямлі, яе мовы і звычаяў, і многія з іх таксама сталі настаўнікамі, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае і клапаціцца, каб пасеянае ўзыходзіла-рунела, каб давала важкія каласы»» [1]. За педагагічную працу быў узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы БССР».
Літаратурная творчасць
Літаратурны дэбют М. Жука адбыўся ў 1935 годзе, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны верш «Мінску». Студэнцкія гады (1935–1941), якія прайшлі ў Мінску, былі надзвычай плённымі ў творчым жыцці пачынаючага паэта. Асобныя яго вершы друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», а ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» на працягу 1936–1939 гадоў быў апублікаваны цэлы цыкл яго вершаў. Поспех маладога паэта адзначала літаратурная крытыка. Прозвішча М. Жука згадаў даследчык Я. Казека ў артыкуле «Маладое пакаленне пісьменнікаў Беларусі» [2]. Такое прызнанне было сведчаннем несумненнага паэтычнага таленту юнака, але вайна бязлітасна перакрэсліла яго творчыя задумы, скіравала жыццё ў іншае рэчышча.
Аднак М. Жук не прыпыніў творчасць i ў час вайны. «Пісаць вершы супраць фашыстаў клікалі крывавыя падзеі кожнага дня. Усё напісанае трэба было добра хаваць: калі такое пападзе ў рукі фашыстаў, кулі ці вісельні не мінаваць… Вершы складваліся ў галаве і, не запісаныя на паперу, часта гінулі бясследна», — занатавана ў неапублікаваным аўтабіяграфічным творы М. Жука «Мая споведзь. Аб вершах і аб сабе»[3].
У літаратурным архіве М. Жука, які захоўвае яго дачка, доктар філалагічных навук, прафесaр Таццяна Дасаева, пад многімі вершамі таго часу ёсць паметкі: партызанскі атрад імя Катоўскага, блакіраваная зона, Салавуцк, Куценка, Азярное. Гэта тыя мясціны, дзе ваяваў Мікалай Андрэевіч. Так склалася, што пасля вайны М. Жук не змог здзейсніць сваю мару: жыць у Мінску, займацца літаратурай, стаць прафесійным пісьменнікам ці журналістам. Не дазволілі жыццёвыя абставіны. Ён прысвяціў сябе педагагічнай працы, але працягваў пісаць мастацкія творы. З другой палавіны 1940-х да сярэдзіны 1970-х гадоў яго вершы зрэдку з’яўляліся на старонках раённых і рэспубліканскіх перыядычных выданняў. З 1974 года пасля выхаду на пенсію М. Жук пачаў актыўна займацца творчай дзейнасцю і друкавацца ў раённай газеце «Будаўнік камунізму» (цяпер «Голас Любаншчыны»), адказным сакратаром якой быў І. Муравейка – франтавік, пісьменнік, аднадумца і сябар М. Жука.Іван Муравейка пра свайго сябра напісаў верш, які прагучаў на прэзентацыі кнігі «Ля падножжа маіх святынь» ва Урэцкай пасялковай бібліятэцы:
З канца 1980-х гадоў і да апошніх дзён жыцця М. Жука яго творы рэгулярна публікаваліся не толькі ў раённай газеце, але і ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Асабліва напружана М. Жук працаваў у 1990-я гады. Творчасць гэтага перыяду можна назваць «лебядзінай песняй» паэта. Вайна – адна з галоўных тэм у творчасці М. Жука, на якой ляжыць выразны адбітак жыццёвай біяграфіі аўтара. Ён ганарыўся, што быў удзельнікам партызанскага руху на Любаншчыне, што ў гады ваеннага ліхалецця «ў кагорце адважных і смелых» (верш «Усё пра вас») змагаўся супраць фашысцкіх захопнікаў. Творы М. Жука аб вайне – гэта рэквіем пакаленню герояў, што «Перамогай здзівілі ўвесь свет» (верш «Памяці майго пакалення»), летапіс партызанскай барацьбы, які засведчыў, што «не туман і не дым партызанская слава» (верш «Упэўненасць»), услаўленне гераізму народа, даніна памяці загінуўшым.
Але М. Жук пісаў не толькі пра вайну. Ён аўтар лірычных замалёвак, вершаў, паэм, эсэ, літаратурных партрэтаў, апавяданняў, аповесцей, літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў, успамінаў. Аднак у сваёй творчай дзейнасці М. Жук усё ж такі аддаваў перавагу паэзіі, называў яе «верная мая спадарожніца». Ад радкоў яго вершаў вее дабрынёй, жаданнем сагрэць душэўнай цеплынёй тых, хто чытае яго творы. А вызначальным стрыжнем лірыкі застаецца каханне. Аб ім ён піша шчыра і ўзвышана. У паэзіі М. Жука высокая грамадзянскасць спалучаецца з тонкім лірызмам. Тэматыка вершаў разнастайная. У ёй прысутнічае светлы ўспамін пра дзяцінства, бацькоў, малую радзіму. Паэт звяртаўся таксама да тэмы творчасці, што прыносіла яму хвіліны найвышэйшага духоўнага ўздыму. У яго вершах паэтызуецца родная прырода, прысутнічае філасофскі роздум аб высокім прызначэнні чалавека на зямлі, адлюстроўваюцца балючыя праблемы рэчаіснасці, клопат пра далейшы лёс Беларусі і яе народа. Паэт пакінуў запавет нашчадкам: «Красу беражыце вы роднай зямлі // І край узбагачайце рупліваю працай».
Вершы Міколы Жука змяшчалі газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Во славу Родины», «Народная газета», «Белорусская нива», «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета», «Голас Любаншчыны», «Слуцкі край», часопіс «Полымя» i іншыя выданні.
У снежні 1995 года пабачыў свет першы паэтычны зборнік М. Жука «Ля падножжа маіх святынь», у якім змешчана 83 вершы, аб’яднаныя ў чатыры раздзелы: «Паклон маладосці», «Водгулле вялікай вайны», «Цяплом роднай зямлі», «Насустрач будучыні». У прадмове да зборніка пісьменнік Уладзімір Паўлаў напісаў, што Мікола Жук «…не стукаўся ў выдавецкія дзверы, не шукаў сабе спагадлівага і ўдумнага рэдактара» [4].Таму i першы паэтычны зборнік быў надрукаваны толькі ў 80 гадоў. На вялікі жаль, аўтар так і не патрымаў яго ў руках. Яму ўдалося пабачыць толькі вокладку кнігі.
У 2014 годзе ў серыі «Любаншчына літаратурная» была выдадзена кніга паэзіі М. Жука «Запаветнае», у якой змешчаны 89 вершаў і дзве паэмы, аб’яднаныя ў пяць раздзелаў: «Вытокі», «Трывожная памяць», «Душы ўзрушанай зарніцы», «Аб сваім жыцці», «Каб квітнела змена маладая»[5].
Узнагароды
- Ордэн Айчыннай вайны II ступені;
- медаль «За баявыя заслугі»;
- медаль «Партызану Айчыннай вайны»;
- юбілейныя медалі CCСР;
- знак «Выдатнік народнай асветы БССР».
Памяць
У 1993 годзе па сцэнарыю доктара філалагічных навук, акадэміка НАН Беларусі У. Гніламёдава , рэжысёр С. Лук’янчыкаў зняў дакументальную кінастужку «Светлацені», адным з герояў якой разам з паэтамі А. Звонакам і М. Сяднёвым з’яўляецца М. Жук.
На Беларускім радыё на працягу 1992–1994 гадоў прагучалі тры перадачы пра жыццё і творчасць М. Жука, падрыхтаваныя пісьменнікам У. Паўлавым, радыёжурналістам і паэтам В. Макарэвічам і Т. Дасаевай.
9 мая 1995 года ў рэпартажы, які вёўся з плошчы Перамогі ў горадзе Мінску ў час святкавання 50-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі прагучаў верш М. Жука «Вернасць»:
6 сакавіка 2008 года ў радыёэфіры канала «Культура» прагучала перадача «Дыялогі пра культуру», прысвечаная творчасці М. Жука (падрыхтаваў журналіст Д. Яканюк).
У 2014 годзе на Любаншчыне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Міколы Жука. Актыўны ўдзел у іх падрыхтоўцы і правядзенні прынялі В. Каткавец, Т. Астрэйка, С. Баброўнік, Я. Ярохніна, Г. Корбут, С. Капачэня, І. Кольцына, Н. Жук і многія іншыя. На пачатку ліпеня ў гарадскім пасёлку Урэчча адбылося раённае свята паэзіі і песні «Я словам слаўлю родны край…». А ў лістападзе ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў і Урэцкай СШ № 1.
22 снежня 1999 года ў Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры адбыўся вечар памяці М. Жука, прэзентацыя яго кнігі «Ля падножжа маіх святынь» і адкрыццё выставы рукапісаў і публікацый паэта. Удзел у мерапрыемстве прынялі пісьменнікі А. Васілевіч, Н. Гілевіч, У. Паўлаў, П. Місько, журналісты Н. Чайка, Т. Падаляк, а таксама родныя паэта – дачка Таццяна, унук Андрэй, былыя вучні і землякі – Г. Корбут, Г. Сакава, В. Сакава, А. Дрозд і Л. Дзенісенка.
Тры вершы М. Жука пакладзены на музыку: «Краса твая», «Случчына» (музыка Наталлі Пахамовіч, 2008 г.), «Матулі» (музыка Івана Раманчука, 2014 г.).
Бібліяграфія
Зборнікі вершаў
- Ля падножжа маіх святынь-Горки:Адзел культуры Горацкага райвыканкама-1995. С.134с. ISBN 985-6120-12-8 //https://knihi.com/Mikola_Zuk/La_padnozza_maich_sviatyn.html#1
- Запаветнае : Кніга паэзіі. – Любань. – Дзяржаўная ўстанова культуры «Любанская раённая цэнтральная бібліятэка». Аддзел бібліятэчнага маркетынгу. 2014. – 127 с.
Асобныя вершы
-
- Мінску : [Верш] // ЛіМ, № 46.
-
- Памяці Валянціна Кацельнікава : [Верш] // Полымя рэвалюцыі, № 7.
-
- Думы дзяўчыны : [Верш] // Полымя рэвалюцыі , № 3; Мае жаданні, Падрыхтоўка : [Вершы] // Там жа, № 8.
-
- Чаканне друга, Адданасць радзіме : [Вершы] // Полымя рэвалюцыі, № 3; На стадыёне : [Верш] // Там жа, № 10.
-
- Нарком : [Верш] // Полымя рэвалюцыі, № 2.
-
- Таварышу Кіраву : [Верш] // Звязда, 1 снеж.
-
- Над ракою Случ : [Верш] // Полымя, № 7–8.
-
- Дарогі (З партызанскага блакнота) : [Верш] // Савецкая Радзіма, 18 мая.
-
- Думы пра Леніна : [Верш] // Будаўнік камунізму, 22 крас.
-
- Мінску : [Верш] // Будаўнік камунізму, 3 крас.; Аб шчасці, На світанні : [Вершы] // Настаўніцкая газета, 7 вер.
-
- У палёх : [Верш] // Будаўнік камунізму, 27 ліст.
-
- Перамога : [Верш] // Будаўнік камунізму, 9 мая.; Даяркі : [Верш] // Там жа, 20 вер.
-
- Ля Зыслаўскага мемарыялу, Настаўнік : [Вершы] // Будаўнік камунізму, 27 чэрв.; Памяці Даватара : [Верш] // Там жа, 28 ліп.
-
- Савецкай Арміі : [Верш] // Будаўнік камунізму, 23 лют.; Гагарын : [Верш] // Там жа, 27 сак.; Магіла невядомага салдата : [Верш] // Там жа, 8 мая; Сонечны край : [Верш] // Там жа, 31 мая; Па ленінскіх запаветах, Беларусі : [Вершы] // Там жа, 26 жн.; Сябры баявыя : [Апавяданне] // Там жа, 7 вер.; З Леніным побач, Мы шчасце ў баях адстаялі : [Вершы] // Там жа, 28 снеж.
-
- Ля абеліска : [Верш] // Будаўнік камунізму, 31 мая; На плошчы Перамогі : [Верш] // Там жа, 3 ліп.; Хлебаробы : [Верш] // Там жа, 30 ліп.; На адным дыханні : [Верш] // Там жа, 8 вер.; Кнігі : [Верш] // Там жа, 27 кастр.
-
- Пад чырвонай зоркай : [Верш] // Будаўнік камунізму, 26 студз.; Дарога да шчасця адна : [Верш] // Там жа, 11 лют.; Водгулле : [Апавяданне] // Там жа, 31 сак.; Каб гром вайны навечна сціх : [Верш] // Там жа, 9 мая; Орлёнок : [Верш] // Там жа, 31 мая; Балада аб шчасці : [Апавяданне] // Там жа, 19 чэрв.; Слова аб Мінску : [Верш] // Там жа, 22 вер.
-
- Мы зберажом : [Верш] // Будаўнік камунізму, 28 лют.; Пад мірным небам : [Верш] // Там жа, 30 сак.; Ленін заўсёды з намі : [Верш] // Там жа, 30 ліп.; За працай любімай : [Верш] // Там жа, 28 вер.; Магіла невядомага салдата : [Верш] // Настаўніцкая газета, 8 мая; На Зыслаўскім мемарыяле : [Верш] // Мінская праўда, 14 мая; Магіла чырвонаармейца : [Верш] // Полымя, № 5.
-
- Мы верым : [Верш] // Будаўнік камунізму, 4 студз.; Хлеб : [Верш] // Там жа, 29 ліст.
-
- У Міхайлаўскім, На Чорнай рэчцы, На алеі Керн : [Вершы] // Будаўнік камунізму, 3 сак.
-
- Памяць : [Верш] // Будаўнік камунізму, 3 сак.; З Леніным вядзі размову, Перад памяццю паўшых : [Вершы] // Там жа, 4 чэрв.; Пушкін у Міхайлаўскім : [Верш] // Там жа, 29 кастр.
-
- Упэўненасць : [Верш] // Будаўнік камунізму, 1 студз.; На руінах Ленінакана : [Верш] // Там жа, 21 студз.
-
- Ля вечнага агню : [Верш] // Мінская праўда, 8 мая; Яшчэ адна недапетая песня : [Артыкул] // ЛіМ, 20 ліп.; Памяці Янкі Купалы, Травінка на скалах, Аб шчасці, Настаўнік : [Вершы] // Беларуская мова і літаратура ў школе, № 10.
-
- З ім я пражыў шчаслівыя студэнцкія гады : [Артыкул] // Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. Мінск : Маст. літ., с. 207–212.
-
- Шукаем цішыні, Памяць, Случчына, Мая песня, На світанні, Настаўнік-пенсіянер, Дома : [Вершы] // Настаўніцкая газета, 28 мая; Партызанская ноч, На пасту, Памяці Янкі Купалы, Блакада, Боль : [Вершы] // Во славу Родины, 21 июня; Памяці Янкі Купалы, Дарогамі перамог, У блакаду, Туга, Балючыя ўспаміны : [Вершы] // Звязда, 2 ліп.; Вернасць : [Верш] // Полымя, № 6; Настаўнік, Сонечны край, Мой след на зямлі, Сляды : [Вершы] // Настаўніцкая газета, 2 кастр.; Паранены баец, У засені белых бяроз, Партызанскі сувязны : [Вершы] // Мінская праўда, 6 снеж.
-
- Мая песня, Случчына, У полі, Памяці Веры Палтаран, Наш крыжовы шлях : [Вершы] // ЛіМ, 6 студз.; На Зыслаўскім мемарыяле, Вернасць, Шчасце забрала вайна : [Вершы] // Белорусская нива, 27 апр.; Магіла чырвонаармейца, Вернасць : [Вершы] // Народная газета, 4 мая; У партызанскай грамадзе, Грозныя цені вялікай вайны, Я героем не быў на вайне, Маё апраўданне, Роздум, Няпраўды я зведаў многа, У чарзе, Багатым не зайздросціў я ніколі, Не хочацца думаць, што я перажыў, Перад непазбежным, Пішуцца вершы, Прайсці мне ўжо прыйдзецца мала, За гады трывог і цяжкай працы, На дровы бярозавы гай спілавалі : [Вершы] // Настаўніцкая газета, 25 кастр.
-
- Родная мая Паўстынь, …У доме ніхто не жыве, Іду ў лес, На руінах, Мая апора, Я люблю цябе, Беларусь, Быць чалавекам : [Вершы] // Слуцкі край, 27 кастр.; Случчына : [Верш] // Памяць. Слуцкі раён. Слуцк. У 2-х кнігах. Кніга 2-я. – Мінск : БЕЛТА.
-
- Не адкладай!, Не пазнаю я родных даляў, Бацьку, …За працаю любімай скруха гіне, Каб паспець… : [Вершы] // Слуцкі край, 14 студз.
-
- Памяці майго пакалення, Юнакі, Ранены баец, Болю не будзе канца, Партызанская ноч, Я героем не быў на вайне, Маці : [Вершы] // Слуцкі край, 12 ліп.
-
- Магіла чырвонаармейца, Зямля мая, Паўшым, Ранены баец, У партызаны, Маці, Боль, …Той грозны час далёкім стаў мінулым : [Вершы] // Слуцкі край, 9 вер.
-
- Сонечны край, Тут маё дзяцінства адцвіло, Зямля мая, Артылерыйская кананада, Легенды, сатканыя з трывог, Яшчэ аб вершах сваіх, Такім я жыў, Сляды, Пішуцца вершы : [Вершы] // Беларус-МТЗ обозрение, 26 ліп.; Артылерыйская кананада, Бярозкі, З кнігамі : [Вершы] // Голас Любаншчыны, 26 ліст.
Літаратура
-
- Казека Я. Маладое пакаленне пісьменнікаў Беларусі : [Артыкул] // Полымя рэвалюцыі, № 10.
-
- Місько П. Покліч душы : [Успаміны] // Маладосць, № 3.
-
- Дасаева Т. Верная спадарожніца : [Артыкул] // Беларуская мова і літаратура ў школе, № 10.
-
- Кобрын У. З літаб’яднання ў навуку : [Нататка] // Мінская праўда, 27 лют.
-
- Іўчанкаў В. «Мае словы прараслі дабром, што я вучням гаварыў у школе…» : [Нататка] // Настаўніцкая газета, 28 мая; Паўлаў У. Паэт-партызан : [Артыкул] // Во славу Родины, 21 июня; Мяснікоў А. «Паўшыя прыходзяць у кожны верш…» : [Нататка] // Звязда, 2 ліп.; Дасаева Т. «А водбліск даўніх тых трывог мне і сёння азарае душу…» : [Нататка] // Мінская праўда, 6 снеж.
-
- Паўлаў У. «Можа я і завуся паэтам, што са светлым заўсёды дружу…». Прадмова ў кн. : Ля падножжа маіх святынь. – Горкі : Аддзел культуры Горацкага райвыканкама.
-
- Місько П. «Я ў далеч светлую іду!» : [Артыкул] // Полымя, № 12. – С. 305–312.
-
- Муравейка І. Яго святыні : [Літаратурны партрэт] // Голас Любаншчыны, 9 студз.; Падаляк Т. «Мне б прыпасці к табе, ды няма ў нас такой завядзёнкі…» : [Артыкул] // Звязда, 31 мая; Лойка Н. Свабодна крочыў па зямлі : [Нататка] // Слуцкі край, 11 чэрв.; Дасаеў А. Ліст ад дзядулі : [Замалёўка] // Белорусская нива, 6 нояб.
-
- Пашкевіч В. Паэт, настаўнік, бацька : [Нататка] // ЛіМ, 21 студз.; Падаляк Т. «Я паэтам жыву непрызнаным…» : [Артыкул] // Звязда, 1 сак.; Рапницкая Р. От первого звонка : [Артыкул] // Салігорскі веснік, 12 крас.
-
- Жук-Дасаева Т. Гледзячы на бацькаў фотаздымак : [Артыкул] // Культура, 22 чэрв.; Жук А. «Зрабіў, што толькі мог…» : [Артыкул] // Слуцкі край, 24 кастр.; Жук Мікалай Андрэевіч : [Артыкул] // Памяць. Слуцкі раён. Слуцк. У 2-х кнігах. Кніга 2-я. – Мінск : БЕЛТА.
-
- Жук-Дасаева Т. Зерне, кінутае ў раллю… : [Артыкул] // Слуцкі край, 14 студз.; Дасаева Т. З чыстых крыніц : [Нататка] // Настаўніцкая газета, 2 кастр.
-
- Жук-Дасаева Т. «Не туман і не дым партызанская слава…» : [Артыкул] // Голас Любаншчыны, 25 жн.
-
- Жук-Дасаева Т. «Памяць аб нас не пагасне…» : [Артыкул] // Голас Любаншчыны, 12 ліп.
- 2009 Салодкіна Л. «Т. М. Дасаева: “Усё мае свае вытокі…”» : [Інтэрв’ю] // Слуцкі край, 27 ліст.
-
- Жук-Дасаева Т. «За наша права вольна жыць…» : [Артыкул] // Слуцкі край, 9 вер.; Дасаева Т. М. З чыстых крыніц, Ля падножжа тваіх святынь, Зерне, кінутае ў раллю, «Памяць аб нас не пагасне…» : [Артыкулы] // Беларуская літаратура ў кантэксце часу : літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ : вычэб.-метад. дапам. / Т. М. Дасаева. – Мінск : БДУ. – С. 244–256.
-
- Корбут Г. Творчая спадчына паэта (да 100-годдзя з дня нараджэння М. А. Жука) : [Артыкул] // Голас Любаншчыны, 2 ліп.; Дасаеў А. «След пакінуў у памяці людзей, значыцца, зрабіў для іх нямала…» : [Артыкул] // Беларус-МТЗ обозрение, 26 ліп.; Радкевіч А. Яму ўвесь час было цікава жыць: [Артыкул] // Там жа, 26 ліст.; Жук А. Гаспадар жытнёвага дагледжанага поля. Да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Жука : [Артыкул] // Краязнаўчая газета, кастрычнік, № 40 (537); Жук-Дасаева Т. Запаветныя глыбіні душы. Прадмова ў кн. : Запаветнае. – Любань : Дзяржаўная ўстанова культуры «Любанская раённая цэнтральная бібліятэка». Аддзел бібліятэчнага маркетынгу.
-
- Дасаева Т. З чыстых крыніц, Ля падножжа тваіх святынь, Зерне, кінутае ў раллю, «Памяць аб нас не пагасне…» : [Артыкулы] // Беларуская літаратура ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. Вучэбны дапаможнік / Т. М. Дасаева. – Мінск : РІВШ. – С. 247–261.
Зноскі
- ↑ ЖУК, Анатолий. Мікола Андрэевіч Жук // http://nasledie-sluck.by/ru/people/Literators/3047/
- ↑ Казека, Янка. “Маладое пакаленне пісьменнікаў Беларусі” «Полымя рэвалюцыі», 1938, № 10
- ↑ ЖУК, Анатоль. Мікола Андрэевіч Жук // http://nasledie-sluck.by/ru/people/Literators/3047/
- ↑ Паўлаў, Уладзімір. “Можа i завуся паэтам, што са светлым заўсёды дружу…” Прадмова ў кн.: Ля падножжа маіх святынь — Горкі: Аддзел культуры Горацкага райвыканкама. −1995. – С. 3.
- ↑
Запаветнае : Кніга паэзіі. – Любань: – Дзяржаўная ўстанова культуры «Любанская раённая цэнтральная бібліятэка». Аддзел бібліятэчнага маркетынгу. 2014. – 127 с.
Спасылкі
- ЖУК, Анатолій. Мікола Андрэевіч Жук
- Жук Мікола (Мікалай Андрэевіч) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Ля падножжа маіх святынь. Беларуская электронная бібліятэка