wd wp Пошук:

Мікола Сямашка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сямашка. Мікола Сямашка (Мікалай Пятровіч; 1914, вёска Барылы (пазней злілася з вёскай Катушанкі) Полацкі раён, Віцебская вобласць — 1941, пад Оршай) — беларускі паэт. Брат Сцяпана Сямашкі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у ветрынскай раённай газеце. У 1939 г. мабілізаваны ў Савецкую Армію, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — на фронце.

Загінуў у 1941 г. пры абароне Оршы.

Творчасць

Першы верш апублікаваў у 1926 г. (газета «Чырвоная Полаччына»). Аўтар зборніка паэзіі «Шчырасць» (1939). У сваіх лепшых вершах ён натхнёна апяваў хараство роднага краю («Пачатак лета», «Дождж прайшоў», «Вечар на возеры», «Добры дзень, мой верасень багаты»), выказваў захапленне велічнай, магутнай Айчынай і гатоўнасць ісці за яе «ў смяротны бой» («3 вершаў аб Радзіме», «Чырвоная зорка», «У дазоры», «Граніца»). Калі ў грамадзянскіх вершах М. Сямашкі, дзе ў духу часу ўслаўляўся правадыр і сацыялістычнае будаўніцтва, дамінуе пафаснасць, дэкларацыйнасць, то ў вершах асабістых, інтымных адчуваецца глыбокае лірычнае пачуццё, роздум, падмацаваныя канкрэтным жыццёвым вопытам («Жыццё нам б’е сваім чалом», «Ты выйдзі ў сад», «Непарушнае слова», «Студэнтцы»). У многіх вершах Мікалая Сямашкі назіраецца ўплыў фальклорнай паэтыкі, што робіць іх фактуру празрыстай, лёгкай, стварае сюжэтную канву («Дзявочая», «Чаканне», «Чакаючы пісьма», «Дарэмныя трывогі»). Знаёмства М. Сямашкі з рэчаіснасцю Заходняй Беларусі адбілася ў яго нарысах, а таксама вершах («Беспрацоўны», «Як сцюдзёны насунецца змрок», «Я чую твой голас здалёку»), напісаных з афіцыйных ідэалагічных пазіцый. Некаторыя з яго вершаў перакладзены на рускую мову[1].

Зноскі

  1. Сямашка Мікалай Пятровіч

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
  • Мікола Сямашка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 524—525.
  • Сопікава, В. В. На Ветрыншчыне, ля памятных знакаў / В. В. Сопікава // Полацкі веснік. — 2018. — 9 лістап. — С. 18.
  • Сямашка Мікола // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч; уклад. С. С. Чарняўская; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : Вышэйшая школа, 1999. — С. 644—645.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be