Мікола Сільвановіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сільвановіч. Мікола Сільвановіч (псеўд. Мікола Вярба; нар. 9 красавіка 1917, в. Верадова, цяпер Маладзечанскі раён — 13 ліпеня 1975, Вініпег) — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.
Біяграфія
Нарадзіўся ў в. Верадова Маладзечанскага раёна. З лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у Празе, затым у Герэнбергу[ru] каля Штутгарта. Адзін з стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Шыпшына», арганізатар майстэрні мастацкага рамяства «Раніца»[1]. Менавіта Мікола Сільвановіч у 1947-м наладзіў святкаванне ўгодкаў Акту 25 сакавіка[2] і выдаў знакамітую паштоўку «вялікія дзеячы адраджэння»[1] з выявамі Каліноўскага, Грынявіцкага, Багушэвіча, Крэчаўскага і Захаркі[2].
З 1949 г. — у Канадзе. Жыў у Вініпегу, дзе з’яўляўся заснавальнікам Беларускага нацыянальнага камітэта і Беларуска-Канадыйскага нацыянальнага аб’яднання ў правінцыі Манітоба[1].
Творчасць
Аўтар вершаў, апавяданняў, артыкулаў, якія друкаваліся ў беларускім замежным перыядычным друку і ў дзесяцітомнай энцыклапедыі Канады (1956—1957)[1].
Дагэтуль апублікаваная толькі нязначная частка яго твораў. Ягоную «Паніхіду», прысвечаную памяці «паўшых нязнаных сыноў Беларусі ў абароне яе вольнасці», літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч называе адным з найбольш пранікнёных літаратурных рэквіемаў[2].
Зноскі
- 1 2 3 4 Наталля Гардзіенка. Дзеячы беларускай паваеннай эміграцыі / Запісы Бініму. Мн., 2014.
- 1 2 3 100 гадоў з дня нараджэньня Міколы Вярбы Архівавана 14 красавіка 2017.
Літаратура
- Наталля Гардзіенка. Дзеячы беларускай паваеннай эміграцыі / Запісы Бініму. Мн., 2014.