Міхась Сенька
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сенька.
Міхась Сенька (2 студзеня 1922, Новы Свержань — 28 сакавіка 2016, Саўт-Рывер, ЗША) — дзеяч беларускай эміграцыі.
Біяграфія
Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў медыцынскай школе ў Баранавічах на фармацэўта, некаторы час быў загадчыкам аптэкі ў Стоўбцах.
Пасля вайны жыў у беларускім лагеры ў Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія), скончыў беларускую гімназію імя Максіма Багдановіча, браў актыўны ўдзел у скаўтынгу.
У 1949 годзе выехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі). Вельмі шмат зрабіў для запросінаў беларускіх уцекачоў у Саўт-Рывер і далейшай разбудовы ў ім беларускага жыцця.
Сенька, Лянгіна Брылеўская, Барыс Кіт, іншыя актывісты афармлялі страхоўкі і запрашэнні беларусам, перацягваючы іх у ЗША. У доме Сенькі па Херман-стрыт, 24 нашы суайчыннікі на некалькі дзён знаходзілі свой часовы прытулак.
У Нью-Джэрсі Міхась Сенька працаваў на заводзе «Форд», а ўвесь вольны час займаўся грамадскай працай: быў старшынёй Аб’яднання беларуска-амерыканскай моладзі, сакратаром Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, уваходзіў у царкоўную раду парафіі Св. Ефрасінні Полацкай, радным БЦР. Увогуле яго кватэра была «штабам» для многіх беларускіх арганізацый у Нью-Джэрсі[2].
За ўсёй такой працай не было часу на асабістае жыццё. Ажаніўся Міхась Сенька досыць позна — у 73 гады — з Валянцінай Палюховіч. Іх гасцінны дом на Уотз-стрыт заўсёды прымаў гасцей, а самі Сенькі заўсёды трымаліся беларускага жыцця і былі актывістамі беларускага праваслаўнага прыходу.
Яго брат Уладзімір Сенька — беларускі ваенна-палітычны дзеяч і публіцыст, калабарацыяніст, дзеяч эміграцыі.
Зноскі
- 1 2 3 (unspecified title) Праверана 5 лютага 2022.
- ↑ У ЗША памёр грамадскі актывіст Міхась Сенька, Наша Ніва, 29-03-2016