Міхась Скрыпка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Скрыпка. Міхась (Міхаіл Аляксандравіч) Скрыпка (26 лістапада 1907, в. Месціна, цяпер Бярэзінскі р-н — 8 кастрычніка 1991) — беларускі пісьменнік-сатырык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум (1930). Працаваў настаўнікам у Рагачоўскім раёне. Скончыў завочна літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1940). У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах, у 1944—1945 — у Чырвонай Арміі. Пасля вайны працаваў настаўнікам у школах Магілеўшчыны і Міншчыны, у т.л. у 1952—1954 г. — настаўнікам Талькаўскай СШ. У 1965—1971 працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР.
Творчасць
Дэбютаваў у друку у 1927. Аўтар зборнікаў баек, вершаў, мініяцюр «Сатыра і гумар» (1958), «Сатырычны калаўрот» (1967), «Ад смеху не ўцячэш» (1975), зборнікаў аповесцей, апавяданняў і гумарэсак «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае…» (1963), «Шануючы вас» (1982), кніжак антырэлігійных нарысаў «Сцеражыся цемрашалаў!» (1964), «Дзіва ў кошыку» (1983), «Злазьце — прыехалі!» (1985), «З сэрцам і перцам» (1987), кніжкі апавяданняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963) і вершаванага зборніку «Пад смешнай вясёлкай» (1971). Выйшла кніга выбраных твораў «І з перцам і з сэрцам» (1977).
Выступаў як драматург. Аўтар сцэнарыя кароткаметражнай тэлекамедыі «Акадэмік» (пастаўлена ў 1963). Аўтар звыш трыццаці аднаактовых п’ес, камедый для мастацкай самадзейнасці «Дадому» (1958), «Тэлеграма» (1959), «Землякі» (1962), «Чорт дапамог» (1963), «Навагодняя сустрэча» (1963), «Небяспечны госць» (1964), «На сваю галаву» (1966) і інш.
Перакладаў з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы А. Твардоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто, С. Алейніка, А. Вішні, П. Глазавога і інш.
Зноскі
Літаратура
- Скрыпка Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Скрыпка Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Скрыпка Міхась (Міхаіл Аляксандравіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 473—474. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Скрыпка Міхась (Міхаіл Аляксандравіч) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»