wd wp Пошук:

Міхась Уладзіміравіч Барэйша

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Барэйша. Міхась Уладзіміравіч Барэйша (нар. 4 студзеня 1950, в. Новы Лад, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць — 13 жніўня 1990, Беларусь) — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1989). Член Саюза журналістаў СССР (1981).

Біяграфія

Вучыўся ў Дзёрнавіцкай васьмігодцы, з 1965 па 1969 год. Скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум. Працаваў на Полацкім хімічным камбінаце. Адначасова скончыў завочна факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце, працаваў і жыў у Наваполацку.

З’яўляўся няштатным карэспандэнтам гарадской газеты «Химик». З 1980 года — карэспандэнт, з 1983 — намеснік рэдактара полацкай аб’яднанай газеты «Сцяг камунізму». Кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Наддзвінне», быў намеснікам старшыні полацкай суполкі Таварыства беларускай мовы.

Пасля цяжкай хваробы памёр. Быў пахаваны ў Наваполацку, па іншай інфармацыі на могілках каля вёскі Новы Лад[1].

Творчасць

Друкавацца пачаў у 1973 годзе. У рэспубліканскім друку дэбютаваў у 1980 годзе. Апавяданні публікаваліся ў калектыўным зборніку «Сустрэча», анталогіі «Апавяданні пра Вялікую Айчынную». Героі твораў пісьменніка — людзі, якія імкнуцца адшукаць свой шлях у жыцці, нясуць адказнасць за ўсё, што ў ім адбываецца. Падзеі ваенных гадоў аналізуюцца аўтарам з пазіцый сённяшняга дня.

У 1980 годзе за публікацыю апавяданняў у часопісе «Маладосць» яму прысуджана прэмія гэтага выдання. М. Барэйша быў удзельнікам VIII Усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве.

Аўтар гумарэсак, нарысаў, эсэ.

Зноскі

  1. Верхнядзвінская цэнтральная раённая бібліятэка імя Т. Хадкевіча Архівавана 5 студзеня 2020.

Літаратура

  • Міхась Барэйша // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 51.
  • Урупіна, Г. М. Барэйша Міхась / Г. М. Урупіна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]; маст. рэд. В. Г. Загародні. — Мінск : БелЭн, 1992. — Т. 1 : Абуховіч-Ватацы. — С. 259—260.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be