Міхась Юдэлевіч
Міхась Юдэлевіч (Міхаіл Львовіч Юдэлевіч; (20 красавіка 1914, Смалявічы, Мінская вобласць — 1941) — беларускі драматург, тэатральны крытык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і саматужніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Мінску (1929) працаваў рабочым на гуце. Быў акцёрам у Мінскім тэатры рабочай моладзі (1929-1931), студэнтам Дзяржаўнага інстытута мастацтва ў Маскве (1931-1935). У 1935-1940 гг. - супрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», загадчык аддзела тэатра Упраўлення па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР. З 1940 г. у Савецкай Арміі, удзельнічаў у савецка-фінляндскай і ў Вялікай Айчыннай войнах. Загінуў у 1941 г. на фронце.
Творчасць
Літаратурную працу пачаў у 1929 г. Адзін з аўтараў калектыўнай п’есы «Першы штандар» (апублікавана і пастаўлена ў 1930). У 1932 г. напісаў п’есу «Зямля гарыць», якая ставілася на радыё. Аўтар інсцэніроўкі «Як гартавалася сталь» паводле аднайменнага рамана М.Астроўскага (1937), лібрэта оперы «Паўка Карчагін» (музыка П.Падкавырава, ставілася пасля вайны ў кансерваторыі як студэнцкі спектакль). Перакладаў на рускую мову асобныя творы беларускай драматургіі, у тым ліку п’есу І.Гурскага «Сваты» (1937), склаў зборнік «Аднаактовыя п’есы» для самадзейнай сцэны (1937).
Зноскі
Літаратура
- Міхась Юдэлевіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.