Міхась Явар
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Явар, значэнні. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Карась, значэнні. Міхась Явар, сапр. Міхаіл Андрэевіч Карась (8 лістапада 1903, в. Мінявічы, цяпер Мастоўскі раён — 27 чэрвеня 1933) — беларускі паэт , удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі[1].
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У час 1-й сусветнай вайны, з 1915 з сям’ёй быў у бежанстве. Па вяртанні з бежанства, Міхась пачаў рыбачыць на Нёмане[1] і прадаваць рыбу гандлярам у мястэчку Лунне. Меў толькі тры класы адукацыі.
Пісаў вершы, арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песнямі і танцамі, спяваў сам. У 1920-я быў сябрам БСРГ. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым і культурным руху пераследаваўся польскімі ўладамі[1].
У гады крызісу даведзены да адчаю, хворы на туберкулёз, скончыў жыццё самагубствам, застрэліўшыся на беразе Нёмана[1].
Творчасць
Друкаваўся ў «Беларускай газеце»[1], часопісе «Шлях моладзі», заходнебеларускіх газетах, некаторыя вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах[1]. Паэтычная спадчына М. Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны, Вінцука шукалі немцы і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напр. паэмы «Шляхам цярністым», «Думы ў адзіноце», «За сэрцам»). Верш М. Явара «Паклон чалавечаму страданню» уключаны У. Калеснікам у анталогію «Ростані волі».
Асноўная тэма паэзіі Явара — пратэст супраць жорсткіх умоў жыцця, бядоты, зневажання чалавека працы. Аптымізмам прасякнутыя вершы пра прыгажосць роднага краю, прыроды («О мой Нёман мілы»), у любоўнай лірыцы пераважалі трагічныя матывы («Думы ў адзіноце»)[1].
Бібліяграфія
- у кн.: «Сцягі і паходні». Мн., 1965
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 Явор Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 714. — 737 с.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 227. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).
- Чыгрын С. Жыў паэт з сумнай душою // Ніва № 31(2464), 3 жніўня 2003 г.