Міхаіл Васілевіч Зімянін
Міхаіл Васілевіч Зімянін (21 лістапада 1914, Віцебск — 3 мая 1995, Масква) — савецкі партыйны дзеяч, сакратар ЦК КПСС, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол СССР. Дэпутат Савета Нацыянальнасцяў Вярхоўнага Савета СССР 2-3 і 7-11 скліканняў ад РСФСР.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і рабочага. Беларус.
Працаваць пачаў у 1929 годзе рабочым паравозарамонтнага дэпо. У 1934—1936 гадах выкладчык у школе, у 1936—1938 гадах служыў у Чырвонай Арміі.
У 1938 годзе вылучаны на камсамольскую працу. З 1939 года член ВКП(б). У 1939 годзе скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. З 1939 года — сакратар ЦК камсамола Беларусі. У 1940—1946 гадах займаў пасаду першага сакратара ЦК ЛКСМ Беларусі. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны займаўся стварэннем камсамольскага падполля і фарміраваннем падпольных камсамольскіх органаў. У 1942 годзе як член Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б вёў працу па разгортванні падпольнай і партызанскай барацьбы ў Беларусі. У 1946 годзе прызначаны міністрам асветы БССР. З 1947 года стаў сакратаром, а затым другім сакратаром ЦК КП Беларусі. У 1952—1956 і з 1966 года — член ЦК КПСС (у 1956—1966 — член Цэнтральнай рэвізійнай камісіі КПСС).
12 чэрвеня 1953 года Прэзідыум ЦК КПСС па дакладной запісцы Л. П. Берыі прыняў пастанову «Пытанні Беларускай ССР», якой ЦК КПБ рэкамендавана абраць М. Зімяніна першым сакратаром ЦК КПБ, на бліжэйшым пленуме. Аднак падчас правядзення ў Мінску 25—27 чэрвеня 1953 года Пленума ЦК КПБ, у Маскве быў арыштаваны Л. П. Берыя і Прэзідыум ЦК КПСС адмяніў рэкамендацыю, таму першым сакратаром ЦК КПБ быў пераабраны М. С. Патолічаў.
У 1956—1958 гадах быў паслом СССР у В’етнаме, з 1960 па 1965 гады — у Чэхаславакіі.
У 1965 годзе стаў намеснікам міністра замежных спраў СССР, але неўзабаве пераведзены на пасаду галоўнага рэдактара «Праўды», на якой працаваў больш за 10 гадоў, да 1976 года. З 1966 па 1976 год старшыня праўлення Саюза журналістаў СССР.
5 сакавіка 1976 года па рэкамендацыі і з падачы К. Чарненка абраны сакратаром ЦК КПСС, сумесна з М. Суславым курыраваў ідэалагічныя пытанні, а таксама навуку, адукацыю, культуру і СМІ.
У кастрычніку 1980 года прадстаўляў Палітбюро ЦК КПСС на пахаванні П. М. Машэрава.
Зноскі
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19 красавіка 1947 г. «Аб вызваленні тав. Зімяніна М. В. ад абавязкаў міністра асветы Беларускай ССР»
- ↑ Зимянин Михаил Васильевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
Спасылкі
- Міхаіл Зімянін: “Заўсёды стараўся сумленна служыць Радзіме” // Газета “Звязда”
- Міхаіл Васілевіч Зімянін на сайце «Героі краіны»
Папярэднік: Аляксандр Андрэевіч Лаўрышчаў |
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол СССР у В'етнаме 1956—1958 |
Пераемнік: Леанід Іванавіч Сокалаў |
Папярэднік: Іван Цімафеевіч Грышын |
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол СССР у Чэхаславакіі 1960—1965 |
Пераемнік: Сцяпан Васілевіч Чарвоненка |