Міхаіл Васілевіч Радзевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Радзевіч. Міхаіл Васілевіч Радзевіч (14 кастрычніка 1838, Мазыр, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1919, Міцькі, Мазырскі павет, Гомельская губерня; псеўданімы: Звычайны назіральнік; Р. д. ч.; Р–ч, М. В.) — беларускі і расійскі публіцыст, літаратурны і тэатральны крытык, педагог, этнограф.
Біяграфія
Міхаіл Радзевіч нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Беларус[1]. У 1859 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю, потым вучыўся ў духоўнай акадэміі. Па завяршэнні ўніверсітэта ў 1862 годзе атрымаў пасведчанне настаўніка рускай мовы і славеснасці.
У 1862 годзе пазнаёміўся з Ф. М. Дастаеўскім і праз год стаў хатнім настаўнікам яго пасынка П. А. Ісаева. У лісце да яго пісьменнік наказваў: «Спадзяюся, урэшце, на тваё добрае сэрца і на Міхаіла Васілевіча, жыццё з якім, пэўна, прынясе табе хоць якую-небудзь карысць <…> карыстайся часцей асяроддзем і размовай Міхаіла Васілевіча». Але ў выніку адносіны паміж Дастаеўскім і Радзевічам разарваліся, у большай ступені праз адмоўнае стаўленне Ісаева да настаўніка, якога Дастаеўскі называў «нігілістам-паповічам»[2].
У 1864—1870 гадах працаваў выкладчыкам у віленскіх гімназіях, пасля быў прызначаны інспектарам народных вучылішчаў. У 1873 годзе яму прысвоілі званне надворнага саветніка і накіравалі справаводам у Міністэрства народнай асветы ў Пецярбург. З 1889 па 1894 год у чыне сапраўднага стацкага саветніка ўзначальваў Варшаўскую навучальную дырэкцыю.
У 1894 годзе выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў маёнтку Міцькі на Мазыршчыне, дзе заняўся літаратурнай дзейнасцю. Далейшы яго лёс невядомы[3].
Літаратурная дзейнасць
Са жніўня 1862 года Міхаіл Радзевіч пачаў друкавацца ў часопісе братоў Дастаеўскіх «Время», дзе былі апублікаваныя яго артыкулы сацыяльнай тэматыкі: «Пра сувязь прастытуцыі з буржуазным грамадскім ладам», «Пра ненармальнае становішча жанчыны», «Пра паходжанне жабрацтва і бездапаможнасці прыватнай філантропіі» і іншыя.
У 1860-я гады таксама выступаў як публіцыст і тэатральны крытык у часопісах «Искра» і «Русская сцена». Выдаў кнігі «Наша грамадская маральнасць», «Новы Мітрафан», «Рысы пасляпятроўскай рускай гісторыі». У 1864 годзе напісаў камедыю «Мяшчанская нявеста».
У 1909 годзе ў сувязі з адлучэннем Льва Талстога ад царквы даслаў яму ліст і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік[4].
На думку некаторых даследчыкаў, Радзевіч мог паслужыць прататыпам Міхаіла Ракіціна ў рамане Ф. М. Дастаеўскага «Браты Карамазавы(руск.) бел.»[2][5].
Педагагічная дзейнасць
У педагогіцы быў прыхільнікам ідэй Канстанціна Ушынскага. Крытыкаваў сістэму ўнутрышкольнага рэжыму, фізічныя пакаранні ў навучальных установах, цяжкае становішча педагогаў. Па яго словах, маральна выхоўваюць вучняў правільная арганізацыя вучобы, умелае прымяненне настаўнікам метадаў пераканання і тлумачэння, дзейнасць і паводзіны выкладчыка[6].
Аўтар шэрагу артыкулаў пра педагогіку: «Аб шкоднай паліцэйскай абстаноўцы ў сучаснай школе, якая разбэшчвае маральнасць вучняў», «Кветкі на магілу К. Д. Ушынскага», «Купцы — рэфарматары гімназій», «Адзінка», «На ўроках» і інш. На беларускім матэрыяле заснаваны яго педагагічныя і этнаграфічныя нарысы «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»)[6].
Зноскі
- ↑ Родевич, Михаил Васильевич // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- 1 2 Нечаева В. С. Журнал М. М. и Ф. М. Достоевских «Время». 1861−1863. — Масква: Наука, 1972. — С. 67—68. — 316 с. — 4 000 экз.
- ↑ Радзевіч Міхаіл Васілевіч(руск.) . Знакамітыя людзі Гомельшчыны (28 студзеня 2018). Праверана 05.01.2019.
- ↑ Толстой Л. Н. Полное собрание сочинений. — М.: Художественная литература, 1955. — Т. 80. — С. 20. — ISBN 978-5-906190-9.
- ↑ Рублёў С.. Радзевіч Міхаіл Васілевіч(руск.) . Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі. Анталогія жыцця і творчасці (2012—2020). Праверана 05.01.2020.
- 1 2 Чечет В. В. Михаил Васильевич Родевич // Антология педагогической мысли Белорусской ССР / сост. Э. К. Дорошевич [и др.]. — Масква: Педагогика, 1986. — С. 211—216. — 460 с. — 11 000 экз.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Кісялёў Г. В. Героі і музы. Гістарычна-літаратурныя нарысы. — Мн., Маст. літ. — 1982. — С. 188—212.
- Мыслiцелi i асветнiкi Беларусi: Энцыкл. даведнiк / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.