Мішэль дэ Мантэнь
Мішэ́ль дэ Мантэ́нь (фр.: Michel de Montaigne; поўнае імя — Мішэ́ль Эке́м дэ Мантэ́нь, фр.: Michel Eyquem de Montaigne; 28 лютага 1533, замак Мантэнь у Сен-Мішэль-дэ-Мантэнь — 13 верасня 1592, Бардо) — французскі пісьменнік і філосаф эпохі Адраджэння, аўтар кнігі «Вопыты». Лічыцца заснавальнікам жанру эсэ[5].
Біяграфія
Мантэнь нарадзіўся ў фамільным замку ў горадзе Сен-Мішэль-дэ-Мантэнь (Дардонь) зблізку Перыгё і Бардо. Яго бацька, удзельнік Італьянскіх войн П’ер Эйкем (атрымаў арыстакратычны тытул «дэ Мантэнь») быў у свой час мэрам Бардо; памёр у 1568. Маці — Антуанэта дэ Лопез, з сям’і заможных арагонскіх яўрэяў. У раннім дзяцінстве Мішэль выхоўваўся па ліберальнай-гуманістычнай педагагічнай методыцы бацькі — яго настаўнік, немец, зусім не валодаў французскай мовай і размаўляў з Мішэлем выключна на латыні.
Падчас гугеноцкіх войн Мантэнь часта выступаў як пасрэднік паміж абодвума бакамі, яго аднолькава паважалі кароль-каталік Генрых III і пратэстант Генрых Наварскі.
У 1565 Мантэнь жаніўся, атрымаўшы вялікі пасаг. Пасля смерці бацькі ў 1568 г. ён атрымаў у спадчыну радавы маёнтак Мантэнь, дзе і пасяліўся ў 1571, пасля таго як прадаў сваю судзейскую пасаду і выйшаў у адстаўку. У 1572 г., ва ўзросце 38 гадоў Мантэнь пачынае пісаць свае «Вопыты» (першыя дзве кнігі апублікаваны ў 1580 г.). Яго блізкім сябрам быў філосаф Эцьен дэ Ла Баэсі, аўтар «Разваг пра добраахвотнае рабства», некаторыя часткі з якіх Мантэнь уключыў у свае «Вопыты».
У 1580—1581 г. падарожнічаў па Швейцарыі, Германіі, Аўстрыі і Італіі. Уражанні ад гэтага падарожжа адлюстраваны ў дзённіку, апублікаваным толькі ў 1774 г.
Памёр 13 верасня 1592 г. падчас імшы.
Творчасць, светапогляд
У аснўным літаратурна-філасофскім творы «Вопыты» (кн. 1—3, 1580—88) развіваў сістэму скептыцызму, накіраваную супраць сярэдневяковай схаластыкі. Дапускаў існаванне Бога, сцвярджаў бяссілле розуму ў тлумачэнні звышнатуральнага і выкарыстанне яго толькі ў чалавечых справах, адмаўляў бяссмерце душы і пасмяротнае ўшанаванне. Высмейваў веру ў цуды і патрабаваў прычыннага тлумачэння ўсіх з’яў, падкрэсліваў універсальнасць законаў аб’ектыўнага свету, адстойваў свабоду сумлення. Яму напежыць шэраг прагрэсіўных ідэй у педагогіцы. Паўплываў на развіццё матэрыялізму і атэізму ў Францыі і па-за яе межамі. Яго ідэі прадаўжалі П. Гасеадзі, Р. Дэкарт, П. Бейль, Вальтэр, Ж. Ж. Русо, французскія матэрыялісты 18 ст.
Зноскі
- ↑ Bell A. Encyclopædia Britannica — Encyclopædia Britannica, Inc., 1768.
- ↑ Michel de Montaigne // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Michel de Montaigne // Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ (unspecified title) Праверана 11 лістапада 2019.
- ↑ prajdzisvet.org
Літаратура
- Краснова В. В. Мантэнь // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.
- Lazard M. Michel de Montaigne, biographie. — P.: Fayard. — 2002. ISBN 2-213-61398-2
- Dictionnaire de Michel de Montaigne. Dirigé par Ph. Desan. — P.: Champion. — 2004. — ISBN 2-7453-1142-5.