Надзея Аляксандраўна Абрамава
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абрамава. Надзея Аляксандраўна Абрамава, пасля 1945 года Тэадаровіч (30 сакавіка 1907, Мінская вобласць — 18 лютага 1978, Мюнхен, ФРГ) — беларуская пісьменніца, журналістка, адна з кіраўнікоў беларускага маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем нямецкіх акупацыйных улад на Беларусі ў 1943—1944 гг.
Біяграфія
Скончыла Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны (1935 г.) і Мінскі медыцынскі (1940 г.) інстытуты. Падчас акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастрычніка 1942 г. узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрвеня 1943 г. — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Была пастаянным супрацоўнікам рэдакцыі часопіса «Жыве Беларусь!». Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Высілкамі Надзеі Абрамавай было выратавана шмат яўрэйскіх дзяцей, адну дзяўчынку яна ўдачарыла[1]. Удзельніца 2-га Усебеларускага кангрэса (1944 г., Мінск). Падчас вызвалення Беларусі Чырвонай Арміяй летам 1944 г. эмігравала ў Германію, працавала ў адноўленым Кіраўнічым штабе СБМ у г. Тропаў (Опава, Чэхія). Выдавала бюлетэнь «Вучэбны лісток». 15 верасня 1944 г. кааптавана ў склад БЦР у Берліне.
Пасля вайны некаторы час канспіравалася (хавалася ў манастыры), пазней працавала ў Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен), займалася пытаннямі рэлігіі і атэізму. Актыўнага ўдзелу ў беларускім грамадскім жыцці на эміграцыі не брала, хоць і лічылася членам БЦР і выбіралася дэлегаткай на пленумы. Успамінаў пра сваю дзейнасць не пакінула.
Была пахавана на могілках Остфрыдгоф, але магілы ўжо няма.[2]
Зноскі
- ↑ Алег Гардзіенка «Беларускі Мюнхен» Архівавана 19 сакавіка 2017.
- ↑ Галіна Руднік: першае спатканне і апошняе інтэрв’ю Архівавана 23 мая 2020.
Літаратура
- Туронак, Ю. Людзі СБМ / Юры Туронак. — Вільня: Gudas, 2006. — 224 с. — С. 62—63. — ISBN 998-6951-99-2
- Уладзімір Яўгенавіч Калупаеў. Работы белорусского политика Надежды Теодорович в документальном собрании итальянского центра «Russia Cristiana» // Матэрыялы IX Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў “Статут Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыi культуры Беларусi. Мінск, 18-19 красавіка 2013 г. Минск: Национальная библиотека Беларуси, 2013. С. 249—256.
- Уладзімір Яўгенавіч Калупаеў Теодорович Надежда Александровна // Католическая энциклопедия. Т. 4. м: Издательство францисканцев, 2011. с. 1292. ISBN 978-5-89208-096-5