wd wp Пошук:

Павел Андрэевіч Місько

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Місько. Павел Андрэевіч Місько (14 сакавіка 1931, в. Старцавічы, цяпер Знамя, Слуцкі раён — 9 чэрвеня 2011) — беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1955). Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Сцяг Леніна». У 1959-64 — уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці, у 1964-67 — літсупрацоўнік «Сельской газеты», у 1967-71 — загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1971-72 — загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1972 — загадчык рэдакцыі прозы, у 1976-80 — намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1968.

Творчасць

Друкуецца з 1954. Як пісьменнік дэбютаваў апавяданнем у 1958 (альманах «Брэст»). Першы зборнік апавяданняў і аповесцей «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваеннай вёсцы. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваеннае жыццё паказаў у рамане «Хлопцы, чые вы будзеце…» (ч. 1-2, 1990-94). Аўтар дэтэктыўна-фантастычнай аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці Паўла Місько ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), аднаактовых п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (калектыўны зборнік «Радзіма мая дарагая», 1989) і інш.

У творы для дзяцей уваходзіць прыгодніцкі і фантастычны элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны»,1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.).

Пісаў вершы. Выдаў зборнік «Ружовыя ліўні» (2001), раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца…» (2005).

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Бібліяграфія

  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1991.
  • «Адмаўленне ад крыжа». Кніга нарысаў. 1964 г.
  • «Калодзеж». Зборнік апавяданняў і аповесцей. 1967 г.
  • «Гаспадыні свайго лёсу». Кніга нарысаў. 1968 г.
  • «Падарожжа ў калгас». Дакументальная аповесць. 1970 г.
  • «Зямля ў нас такая». Кніга прозы для дзяцей. 1971 г.
  • «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі». Кніга прозы для дзяцей. 1972 г.
  • «Дзівак-чалавек». Зборнік гумару. 1972 г.
  • «Дрэва жыцця». Кніга нарысаў. 1973 г.
  • «Калянае лісце». Зборнік апавяданняў і аповесцей. 1974 г.
  • «Мора Герадота». Раман. 1976 г.
  • «Прыгоды Бульбобаў». Кніга прозы для дзяцей. 1977 г.
  • «Чэрці ў коміне». Зборнік гумару. 1978 г.
  • «Градабой». Раман. 1980 г.
  • «Вясельны марафон». Зборнік гумару. 1984 г.
  • «Грот афаліны». Кніга прозы для дзяцей. 1985 г.
  • «Эрпіды на планеце Зямля». Кніга прозы для дзяцей. 1987 г.
  • «Лекцыя з падвывам». Зборнік гумару. 1988 г.
  • «Хлопцы, чые вы будзеце…». Раман. Кніга першая. 1990 г.
  • «Мёртвыя душы». Пераклад на беларускую мову паэмы М. В. Гогаля. 1990 г.
  • «Развітальная гастроль». 1991 г.
  • «Прыйдзі, дзень-залацень!». Казкі дзеда Аўласкі і бабы Параскі.1993 г.
  • «Хлопцы, чые вы будзеце…». Раман. Кніга другая. 1994 г.
  • «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць». Аповесць (часопісны варыянт).1999 г.
  • «Ружовыя ліўні». Зборнік вершаў. 2001 г.
  • «Пакуль зямлю мілуе сонца…». Раман у вершах. 2005 г.
  • «Прыгавораны да жыцця». Апавяданне, аповесці. 2007.
  • «Востраў „Мёртвая галава“». Аповесць.
  • «Зялёныя змеі». Аповесць.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1045003875 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1045003875 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.

Літаратура

  • Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976.
  • Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977.
  • Дзюбайла Б. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982.
  • Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983.
  • Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з балгарскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be