Партрэт Янкі Купалы (другая карціна Полазава, 1921)
Партрэт Янкі Купалы — карціна рускага мастака Дзмітрыя Полазава, напісаная ў 1921 годзе. З’яўляецца часткай збору Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску[1].
Гісторыя
Другі партрэт Янкі Купалы пэндзля Дзмітрыя Полазава, напісаны ім з натуры ў Мінску ў 1921 годзе[1]. У сярэдзіне 1920-х гадоў мастак пераязджае ў Ленінград, куды перавозіць і купалаўскія партрэты, з якімі не развітваецца нават падчас блакады. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Полазаў піша ўдаве паэта Уладзіславе Францаўне, што гатовы вярнуць адрэстаўраваныя ў Эрмітажы партрэты ў Мінск, але іх трэба «апрануць» у рамы і ўзяць пад шкло[2]. З часу вяртання карціны захоўваюцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску.
Апісанне
Пагрудны партрэт Янкі Купалы, твар павернуты ўправа на тры чвэрці. Валасы паэта зачасаны на правы бок, цёмны пінжак, белая кашуля з гальштукам серабрыста-бэзавага колеру. На адваротным баку палатна, уверсе, надпіс карычневай фарбай: «Портрет Янки Купалы. Писан худож. Д.Полозовым в г. Минске в 1921 г. Д.Полозов»[1].
Зноскі
- 1 2 3 «Гэты мілы чалавек, велізарнае дараванне…». Мастак, які першым напісаў партрэт Янкі Купалы з натуры
- ↑ “Адзенне” для партрэта Песняра