Пётр Маркавіч Аляшкоўскі
Пётр Маркавіч Аляшкоўскі (руск.: Пётр Ма́ркович Алешко́вский; нар. 22 верасня 1957, Масква) — рускі пісьменнік, тэле- і радыёвядучы, журналіст, гісторык, археолаг.
Біяграфія
Нарадзіўся 22 верасня 1957 года ў Маскве.
У 1979 годзе скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, вучыўся ў завочнай аспірантуры МДУ, але дысертацыю не напісаў.
У 1979—1985 гадах працаваў археолагам ва Усесаюзным аб’яднанні «Саюзрэстаўрацыя», удзельнічаў у работах па рэстаўрацыі помнікаў Рускай Поўначы: Ноўгарада, а таксама Кірыла-Белазерскага, Ферапонтава і Салавецкага манастыроў. Аўтар шэрагу артыкулаў па тэме «Старажытнаруская археалогія».
У 1997 годзе вёў праграму «Назіральнік» на канале «ТВ-Центр». У 2000—2002 гадах быў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Книжное обозрение». З 2007 па 2008 год вёў штотыднёвую калонку ў часопісе «Русский репортёр». З 2008 года піша нарысы ў той жа часопіс. Вядзе праграму «Азбука чытання» на радыё «Культура». На Радыё Расіі (Масква) і тэлеканале «Культура» вядзе гутаркі з навукоўцамі ў праграме «Факультэт непатрэбных рэчаў».
Творчасць
Друкуецца як празаік з 1989 года (часопіс «Волга»). Творы Аляшкоўскага надрукаваны ў часопісах «Дружба народов», «Юность», «Октябрь», «Столица», «Согласие», «Волга», «Золотой век».
Паводле ацэнак крытыкі, творы П. Аляшкоўскага заўсёды вылучаюцца вострым сюжэтам і арыгінальна асвойваемай літаратурнай традыцый, як у «гатычным» рамане, казцы, гістарычным апавяданні, так і ў рускай рэалістычнай аповесці з яе пільнай увагай да «маленькага чалавека».
Член Саюза пісьменнікаў Масквы з 1993 года.
Творы
- 1988 — «Як наўгародцы на Югру хадзілі. Апавяданне пра Наўгародцаў, адважных мараплаўцаў XII стагоддзя».
- 1995 — раман «Арлекін, або Жыццяпіс».
- 1995 — зборнік «Галасы з хору».
- 1997 — раман «Уладзімір Чыгрынцаў».
- 1999 — зборнік «Сёмая валізка».
- 2002 — аповесць «Чайкі».
- 2003 — «Рудл і Брудл».
- 2006 — раман «Рыба. Гісторыя адной міграцыі».
- 2009 — раман «Інстытут сноў».
- 2010 — «Ад Масквы…».
- 2010 — раман «Адваротны бок Месяца».
- 2011 — зборнік «Жыццяпіс тхара».
- 2015 — раман «Крэпасць».
- 2020 — раман «Сакрэцікі».
Бібліяграфія
- Как новгородцы на Югру ходили: Рассказ о новгородцах, отважных мореплавателях XII в. — М.: Малыш., 1989.
- Арлекин, или Жизнеописание Василия Тредиаковского: Ист. роман. — М.: Радикс., 1995.
- Старгород; Голоса из хора: (Сборник). — М.: Изд-во им. Сабашниковых., 1995.
- Владимир Чигринцев: Роман. — М.: Вагриус., 1997.
- Седьмой чемоданчик: Повести и рассказы. — М.: Вагриус., 1999.
- Чайки: Повести. — М.: Текст., 2002.
- Руда и Будл. — М.: НЛО., 2003.
Узнагароды
- прэмія «Рускі Букер» (2015) за раман «Крэпасць»[1].