wd wp Пошук:

Піліп Абуховіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абуховіч. Піліп Казімір Абуховіч (каля 1600 — 6 верасня 1656) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Войскі мазырскі (1625—1649), вялікі пісар літоўскі (1649—1653), ваявода смаленскі (з 1653); староста гожскі, цырынскі і бельскі; пасол амаль на ўсе сеймы паміж 1632—1653 (маршалак элекцыйнага сейма 1648), дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1632 годзе.

Біяграфія

Паходзіў з мазырскай шляхты, роду Абуховічаў, які асеў у Новагародскім ваяводстве. Сын Фёдара, суддзі земскага мазырскага. Валодаў маёнткам Ліпа ў Новагародскім ваяводстве. Вучыўся ў Замойскай акадэміі, дзе авалодаў мастацтвам красамоўства. Служыў пры двары канцлера літоўскага Льва Сапегі. Вайсковую службу пачаў як каралеўскі ротмістр пад камандаваннем Сапегі, з 1640-х палкоўнік вялікалітоўскага войска. Падтрымліваў палітыку Яна Казіміра Вазы.

У 1651 вялікім паслом ездзіў у Маскву, каб заключыць саюз з царом Аляксеем Міхайлавічам супраць татараў. У 1653 удзельнічаў у Жванецкай аперацыі супраць украінскіх казакоў, з-пад Камянца быў пасланы пад Сучаву на дапамогу малдаўскаму гаспадару Васілю Лупу, які ваяваў з казакамі Цімафея Хмяльніцкага. Напярэдадні вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) прызначаны (25.8.1653) ваяводам смаленскім.

Ваяводства смаленскае

За кароткі тэрмін ваяводства ўмацаваў муры і валы Смаленска, назапасіў харч і ваенныя прыпасы. Гэтага аказалася недастаткова, каб доўгі час абараняць горад, 28 верасня 1654 года П. Абуховіч здаў Смаленск на ганаровых умовах і быў адпушчаны. Пасля капітуляцыі П. Абуховіч абвінавачваўся грамадскай думкай у здрадзе і змове з непрыяцелем (у т. л. Ц. Камунякам у сатырычным «Лісце да Абуховіча», 1655). Віну за няўдалую абарону горада П. Абуховіч ускладаў на здраднікаў са шляхты і наёмнікаў-немцаў, якім не плацілі заробку (яны паказалі праціўніку слабыя месцы абароны і пазней прысягнулі цару).

З-за абвінавачванняў П. Абуховіч не быў дапушчаны да працы сейма (1655), але яму даручылі камандаваць атрадамі вялікалітоўскага войска пры вызваленні ад шведаў Варшаву ў 1656 годзе. Затым, узначаліўшы полк з дывізіі Паўла Яна Сапегі, прыйшоў пад Берасце, але там захварэў і памёр. Пахаваны ў Новагародскім касцёле езуітаў. Дзякуючы намаганням сыноў на сейме 1658 года П. Абуховіч быў прызнаны невінаватым у страце Смаленска.

Творчасць

П. Абуховіч ведаў некалькі старажытных моў, лічыўся адным з лепшых аратараў у Рэчы Паспалітай. Пакінуў мемуарны «Дыярыуш» за 1630—1654 гады (да здачы Смаленска), дзе апісаў падзеі грамадска-палітычнага жыцця ў 1630—1654 гадоў. «Дыярыуш» (выдадзены М. Балінскім, 1859; Г. Люлевічам і А. Рахубам, 2003) даволі сціслы, але пададзеныя ў ім факты важныя і цікавыя, адзначыў як важныя гістарычныя падзеі, так і здарэнні з паўсядзённага жыцця (напрыклад, метэаралагічныя звесткі). Асобна апісаў абарону Смаленска, гэтае апісанне мусіла давесці яго невінаватасць. Таксама асобна апісаў элекцыю караля ў 1632 г. Аўтар вершаў на лацінскай мове.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be