wd wp Пошук:

Раман Дмоўскі

Раман Станіслаў Дмоўскі (польск.: Roman Stanisław Dmowski; 9 жніўня 1864, маёнтак Камен Варшаўскага пав., Польшча2 студзеня 1939) — польскі палітычны дзеяч, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі

Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт (1890). У 1888 уступіў у тайную арганізацыю «Саюз польскай моладзі», імкнуўся да аддзялення польскага вызваленчага руху ад расійскага, удзельнічаў у антырасійскіх дэманстрацыях. У 1890 увайшоў у Польскую лігу — папярэдніцу нацыянальна-дэмакратычнай партыі (эндэкаў). 3 1895 рэдактар часопіса «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»). Аўтар працы «Думкі сучаснага паляка» (1902), што стала ідэалагічнай праграмай польскіх эндэкаў. Лічыў, што Беларусь трэба разглядаць як усходнюю тэрыторыю Польшчы. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднання польскіх дэпутатаў) у 2-й і 3-й Дзяржаўнай думе. У 1908 выдаў кнігу «Германія, Расія і польскае пытанне», у якой прадбачыў ваенны канфлікт паміж Расіяй і Германіяй і лічыў, што месца Польшчы ў ім на баку Расіі. Удзельнічаў у неаславянскім руху, у 1908 у Празе прымаў удзел у панславянскім кангрэсе. У пачатку І сусветнай вайны ў 1914 стварыў у Варшаве з дазволу расійскіх уладаў Нацыянальны польскі камітэт. У 1915 у Пецярбургу дамагаўся стварэння польскіх вайсковых фарміраванняў. У 1917 у Парыжы арганізаваў Нацыянальны камітэт, галоўнай мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы і стварэнне польскай арміі. У ліпені 1917 падаў англійскаму ўраду мемарыял «Упарадкаванне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», у якім акрэсліваў межы будучай Польшчы. Паводле гэтага праекта ўся Заходняя і Цэнтральная Беларусь уваходзіла ў склад польскай дзяржавы, усходняя граніца якой праходзіла па т.зв. «лініі Дмоўскага». Адначасова Р. Дмоўскі распрацаваў асновы нацыянальна-дзяржаўнай арганізацыі Другой Рэчы Паспалітай на падставе канцэпцыі інкарпарацыі, выступаў супраць федэратыўнай канцэпцыі Ю. Пілсудскага. У 1919 прадстаўляў Польшчу на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Ю. Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы», які ў 1933 быў забаронены.

Бібліяграфія

  • Niemcy, Rosja i kwestia polska / Dmowski, Roman. - Warszawa : Inst. Wydawn. Pax, 1991, Wyd. 1.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Roman Dmowski // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Дмовский Роман // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Польшчы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be